У Менску каля будынку Цэнтравыбаркаму 24 ліпеня затрыманы актывіст грамадзкага аб’яднаньня «Альтэрнатыва» Мікалай Лусто, які праводзіў адзіночны пікет.
У руках ён трымаў плякат «Навошта выбіраць! Трэба каранаваць! Не — выбарам!»
Перад пачаткам акцыі Мікалай Лусто патлумачыў Свабодзе: «Сваёй акцыяй хачу зьвярнуць увагу грамадзкасьці на тое, наколькі недэмакратычна праводзяцца прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі. Гэтаксама, як несправядліва яны праходзяць і сёлета. Да прыкладу, не была зарэгістраваная каманда Міколы Статкевіча. Калі ўлада ставіць выбарцаў у падобныя няроўныя умовы, то не патрэбныя выбары, а патрэбная «каранацыя». Тым больш, што «самадзержац» застаецца на сваім месцы, а «прынц» падрастае. Сутнасьць маёй акцыі такая. І яе прысьвячаю Міколу Статкевічу — папярэдняму кандыдату ў прэзыдэнты, які дагэтуль знаходзіцца ў вязьніцы і зьяўляецца палітычным вязьнем.
Акцыя працягвалася менш за хвіліну, напісаў у фэйсбуку лідэр «Альтэрнатывы» Алег Корбан. Ён паведаміў карэспандэнту Свабоды, што Мікалая Лусто трымаюць у будынку ЦВК, куды яго адвялі міліцыянты.
«У 15 гадзін ён падышоў да галоўнага ўваходу ў будынак ЦВК і разгарнуў плякат, на якім было напісана: „Навошта выбіраць!Трэба каранаваць!“, была намалявана карона і было падпісана «Не — выбарам!». Не пасьпеў так прастаяць нават хвіліны. Выбег супрацоўнік аховы, схапіў яго за руку і суправадзіў у будынак ЦВК для разбору. Прычым сказалі толькі адно: „Пройдёмте“».
Сябра «Альтэрнатывы» Мікалай Лусто — зь Менску, працуе таксістам.
«У яго якраз цяпер выходныя дні, і ён вырашыў выказаць сваю пазыцыю. Магчыма, яго затрымалі, бо гэта адміністрацыйны будынак.Па-другое, ахова, відаць, вырашыла перастрахавацца, бо гэта плякат і нейкі палітычны сэнс. Ім трэба спытацца ў вышэйшага начальства, што зь ім рабіць далей. Я не выключаю, што могуць быць нейкія рэпрэсіі да гэтага актывіста. Але будзем спадзявацца на лепшае».