Тацяна і Аляксандар выкладаюць ангельскую і арабскую мовы на міжнародным факультэце адной з ВНУ. Цяпер у іх гадуюцца трохгадовы Давід і гадавалая Мар’ям. Давіда ўзялі з прытулку, калі яму было 9 месяцаў. Мар’ям было паўгода. Пра гісторыю сваёй сям’і Грыгар’яны распавядаюць на сэмінарах, лекцыях і ў цэрквах. Хочуць сваім прыкладам кагосьці заахвоціць ашчасьлівіць сіротаў сям’ёю, а бязьдзетных — зазнаць шчасьце бацькоўства.
Хлопчык-афрыканец — «копія» таты-армяніна
Грыгар’яны распавядаюць, што пра рашэньне ўзяць прыёмных дзяцей родным спачатку нічога не казалі: «каб не ствараць сабе дадатковых „нэрваў“»:
«Усё было цудоўна: збор дакумэнтаў, падрыхтоўчая праца з псыхолягамі. Але ўсё супэр было да моманту выбару дзіцяці: мы да гэтага не былі гатовыя. Нават рэчы ў краме іншы раз бывае выбраць цяжка. А тут — як гэта? Прыйсьці і выбраць дзіця! Прыходзіш, і табе паказваюць сотні, тысячы картак з фатаграфіямі дзяцей, з апісаньнем розных характарыстык. Як гэта да сябе адаптаваць?» — распавядаюць бацькі.
Кажуць, моцна спадзяваліся, што выбраць «сваё дзіця» дапаможа сэрца.
«Мы чакалі, што адчуем нешта асаблівае. Нас гэта вельмі палохала: ну дзе ж тое сэрца? — дзеліцца ўспамінамі Тацяна. — А няма яго — усе гэтыя дзеці былі нам чужыя: „не прыгожыя“, „не дагледжаныя“, „дзікаватыя“. У выніку мы шмат сварыліся, пакуль здолелі нарэшце спыніцца».
«Тацяна ўвесь час казала, што хоча цёмненькага сыночка ці дачушку», — згадвае Аляксандар, які спачатку ўспрымаў словы жонкі як жарт. «Але ў Нацыянальным цэнтры ўсынаўленьня Тацяна, нібыта выпадкова, запыталася: а цёмненькае дзіця ў вас ёсьць? Выявілася, што ёсьць...»
«Мне падавалася, што цёмныя дзеці больш таленавітыя, — тлумачыць Тацяна. — Я, да прыкладу, ніколі ня мела слыху, ня ўмела танцаваць, слабая была фізычна. А гэтыя дзеці больш музычныя, дужэйшыя, здольныя. Так насамрэч і выявілася».
Рашэньне Тацяны і Аляксандра шакавала іхных бацькоў. Схаваць ад іншых, што дзіця няроднае, ужо не было магчымасьці.
«Што, маўляў, мы нібыта бяром у рукі плякат, каб усе бачылі, што мы ня можам мець сваіх дзяцей. Таксама, што ўсе будуць думаць, нібыта я здрадзіла свайму мужу, і вось цяпер мы маем такое дзіця», — тлумачыць Тацяна апасеньні іншых.
«Цяпер усе кажуць, што Давід — гэта копія таты», — самі дзівяцца сужэнцы.
«Тата-Саша па нацыянальнасьці армянін, а Давід — гэта афрыканскі тып чалавека, альбо лацінскі. Гэта розная структура валасоў, твару і гэтак далей. Але людзі гэтага ня бачаць ці ня хочуць бачыць. Вочы чорныя? Чорныя. Валасы, скура — усё цёмнае? Так. Значыць, падобны!» — кажа Тацяна.
Your browser doesn’t support HTML5
Грыгар’яны распавядаюць, што ні ў садочку, ні на вуліцы не зазналі ніякай дыскрымінацыі ці нядобразычлівага стаўленьня.
Аднойчы толькі гулялі па гандлёвым цэнтры „Сталіца“, і дзьве дзяўчыны-студэнткі афрыканскага паходжаньня асабліва зьдзіўлена адрэагавалі на яго. Пэўна, пазналі „сваю кроў“.
«Аднойчы толькі гулялі па гандлёвым цэнтры „Сталіца“, і дзьве дзяўчыны-студэнткі афрыканскага паходжаньня асабліва зьдзіўлена адрэагавалі на яго. Пэўна, пазналі „сваю кроў“. Але астатнім людзям нічога ня трэба тлумачыць — ім прасьцей сказаць, што падобны — і ўсё», — згадваюць яны.
За той час, што хтосьці пакутна намагаецца займець сваё дзіця, ужо можна выгадаваць прыёмнае
Аднаго дзіцяці Тацяне і Аляксандру для поўнай сям’і падалося мала. Хоць іх і «палохалі», што з двума прыёмнымі будзе цяжка.
«Але мы вырашылі, што гэта наша сям’я, нашы дзеці, і што нам патрэбная дзяўчынка, — кажа Аляксандар. — Праўда, маленькіх дзяўчатак мала — іх разьбіраюць вельмі хутка».
Грыгар’яны знайшлі дзяўчынку з такім жа «сьпісам захворваньняў», што і ў Давіда. Адразу вырашылі яе ўзяць да сябе.
«У нас ужо не было ранейшых перажываньняў: ведалі, што сэрца ня будзе трапятаць, што гэта ня будзе „наша“ дзіця». Мы ўжо ведалі, што «нашым» яно стане ўжо дома, у сям’і«, — працягвае Аляксандар.
Тацяна пацьвярджае, што праблемаў з прыёмнымі дзецьмі ў іх не было. А галоўнае, што стрымлівае іншых ад таго, каб узяць да сябе кінутых дзетак, — страх.
«Страх таго, што нехта пазнае, будзе ведаць, што дзіця не тваё, што ты сам хворы і бясплодны. Але бясплоднасьць — гэта такое ж захворваньне, як захворваньне сэрца ці нырак, — кажа яна. — Зараз мы пазнаёміліся зь вельмі многімі сужэнскімі парамі сталага ўжо веку, якія ўсё жыцьцё марылі, каб узяць дзіця. Але вось гэты страх і стэрэатыпы яны так і не пераадолелі. І цяпер, ужо ў сталым веку, вельмі шкадуюць, што гэтага не зрабілі».
Тацяна кажа, што большасьць людзей, зь якімі яны праходзілі падрыхтоўчыя курсы, былі старэйшыя за іх.
Раней гэтыя людзі нечага чакалі і спадзяваліся, затым праходзілі розныя віды лекаваньня, рабілі па некалькі безвыніковых спробаў штучнага апладненьня
«Раней гэтыя людзі нечага чакалі і спадзяваліся, затым праходзілі розныя віды лекаваньня, рабілі па некалькі безвыніковых спробаў штучнага апладненьня, — тлумачыць яна. — Мы таксама маглі бы пайсьці на ЭКА, і, магчыма, у нас бы атрымалася. Але мы вырашылі, што за гэтыя немалыя грошы мы здолеем выгадаваць хіба дваіх дзяцей. Бо гэта вельмі вялікія грошы».
Тацяна кажа, што людзі прадаюць свае кватэры, лецішчы, машыны, робяць па 5–6 спробаў ЭКА, і толькі пасьля гэтага наважваюцца ўзяць у сям’ю прыёмнае дзіця.
Аляксандар адзначае і «асаблівасьці» такога лячэньня. «Ты ўсё сваё інтымнае жыцьцё нібыта на стол выкладваеш, каб яго нехта разглядаў і поркаўся ў ім, — кажа ён. Вось, паводле пляну, у вас сёньня павінен быць сэкс — едзьце займайцеся, а затым вы адразу павінны прыйсьці да лекара. Тут ужо ня тое што Божага — сужэнскага ўжо нічога няма, нібыта чалавек — гэта машына, якая мусіць працаваць, як канвэер. Гэта непрыемна, сорамна і цяжка».
Грыгар’янам такі працэс падаўся цяжкім і дарагім. Увесь час, грошы і высілкі яны аддаюць на выхаваньне дзяцей і раяць іншым доўга не чакаць.
Мы хацелі б параіць людзям не дамагацца дзяцей усімі магчымымі сродкамі і не чакаць да 50 і нават да 40 гадоў
«Мы хацелі б параіць людзям не дамагацца дзяцей усімі магчымымі сродкамі і не чакаць да 50 і нават да 40 гадоў, — кажуць Грыгар’яны. — Калі вы маеце жаданьне і такую магчымасьць, то лепш узяць дзіця і падарыць яму сваю любоў, якой яно гэтак чакае. І — адпаведна — атрымаць узамен гэткую ж чаканую любоў таксама».
Пра гэта Тацяна і Аляксандар распавядаюць на канфэрэнцыях па бясплоднасьці, намагаюцца, каб іхні досьвед стаў прыкладам для іншых людзей.
«І ня трэба баяцца цяжкасьцяў, — пераконваюць яны. — Перадусім галоўнае ў гэтай справе — любоў, цеплыня — шчасьце, урэшце. А ўжо пазьней цяжкасьці, як у кожнай сям’і».
Дзеці сыстэмы — сытыя. Але нешчасьлівыя
Страх і сорам бясплоднасьці — гэта яшчэ са Старога Запавету, калі бясплоднасьць лічылася Божай карай, — разважаюць Грыгар’яны. — І нават з нашага асяродзьдзя мы бачым людзей, якім цяжка размаўляць на гэтую тэму і яны ня хочуць казаць пра ўсыноўленых дзяцей».
Аляксандар мяркуе, што шмат для каго важна «адпавядаць нейкаму шаблёну», упісацца ў рамкі звыклага і нармальнага.
«Але, дзякаваць Богу, колькасьць дзяцей-сіротаў зьмяншаецца, — кажа ён. — У Нацыянальным цэнтры нам казалі, што каля 600 дзяцей забіраюць у сем’і штогод. 10% зь іх забіраюць замежнікі, астатнія застаюцца ў Беларусі».
Але ў прытулках яшчэ вельмі шмат кінутых дзяцей. А так, лічаць Грыгар’яны, быць не павінна:
«Дзеці ў прытулках — яны сытыя і апранутыя, але яны ня маюць самага галоўнага — сям’і».
Наша грамадзтва мае такую сьвядомасьць, што вось мы зьбяром нейкія грошы, прынясём падарункі дзецям, наладзім ім сьвята.
«Наша грамадзтва мае такую сьвядомасьць, што вось мы зьбяром нейкія грошы, прынясём падарункі дзецям, наладзім ім сьвята. Гэтак мы выконваем свой грамадзянскі, але разавы абавязак, — тлумачыць Тацяна. — А дзецям уяўляецца, што гэтак будзе заўсёды, што ўсе ім штосьці ёсьць і будуць павінныя. Яны ня вучацца самі гэтае сьвята ствараць. Ім няма дзе павучыцца, як клапаціцца пра штодзённасьць».
Пасьля дзеці вырастаюць, выходзяць з прытулкаў — і разумеюць, што займацца імі ніхто ня будзе. «І гэта ламае іхнюю псыхіку, — кажа яна. — Часта такія дзеці трапляюць у дрэнныя кампаніі, бо не прыстасаваныя да жыцьця».
Грыгар’яны перакананыя — прыёмныя сем’і, сямейныя дамы і іншыя формы выхаваньня кінутых біялягічнымі бацькамі дзяцей у сям’і — гэта самае лепшае. А прытулкаў быць не павінна.
«Мы ўдзячныя жанчынам, якія кінулі сваіх дзяцей»
У нашым грамадзтве ўсё перавярнулася, — кажа Аляксандар.
«Мы асуджаем жанчын, якія кідаюць сваіх дзяцей, і ў касьцёле, і ў грамадзтве. Кажам: якая яна маці, як так можна, як жа гэта дрэнна! — эмацыйна тлумачыць Тацяна. — Але калі гаворка вядзецца пра аборт, то і дзяржава, і грамадзтва заяўляюць, што гэта права жанчыны — вырашаць. А як жа тады атрымліваецца? Вось маці, якая забівае сваё дзіця — яна мае права, а маці, якая дае дзіцяці самае галоўнае — дар жыцьця, пакідае яго жыць — яна ня мае права? Яна, выходзіць, вораг грамадзтва?!»
«Гэтак не павінна быць!» — заключае яна. Паводле Тацяны, гэтыя ўяўленьні грамадзтва адлюстроўваюцца і ў законах. Аборт зрабіць можна хутка, і пра яго ніхто не даведаецца.
«А вось адмовіцца ад дзіцяці — гэта вельмі цяжкая працэдура і прыніжальная. Жанчына ня можа захаваць сваю нейкую ананімнасьць, і гэтая пляміна застанецца зь ёй праз усё жыцьцё», — кажа яна.
«У пашпарце застаецца запіс, што яна адмовілася ад свайго дзіцяці. Гэта значыць — пазбаўленая бацькоўства на ўсё жыцьцё, — працягвае Аляксандар. — Пазьней яна, магчыма, зразумее, што кінуць дзіця — гэта памылка. А магчыма, яна ўжо і ня зможа мець сваіх дзяцей. І калі ў яе ў пашпарце такі запіс, то яна ўжо ня зможа ўзяць з прытулку дзіця. Чаму для гэтых жанчын, гэтых маці няма другога шанцу?»
Да таго ж з жанчын, якія адмаўляюцца ад сваіх дзяцей, дзяржава вылічвае алімэнты. «А гэта робіцца з працы праз бухгальтэрыю, і ўсе ведаюць, што ў жанчыны ў жыцьці быў такі факт. Гэта ўсё вельмі цяжка. Навошта гэтак рабіць?» — пытаецца Аляксандар.
Тацяна лічыць, што сытуацыю маглі б палепшыць «бэбі-боксы» і больш простае заканадаўства.
«Бо нават і нарадзіўшы, жанчыны, здараецца, забіваюць сваіх дзяцей, — распавядае яна. — Зусім нядаўна судзілі жанчыну, якая выкінула з паверху дзіця. Яна ж патлумачыла, што ў выпадку няшчасьця зь ёй, гэтае дзіця нікому ня будзе патрэбнае. Але чаму не патрэбнае?! Ёсьць людзі, якія гадамі чакаюць, каб узяць дзяцей. Афіцыйнай чаргі няма, але людзі чакаюць гадамі, асабліва тыя, хто хоча выгадаваць дзіця ад маленькага. Таксама і аборт зроблены — і шляху назад няма».
Аляксандар кажа, што сама сыстэма пабудаваная так, што жанчыне лягчэй зрабіць аборт, каб ніхто ніколі не даведаўся пра яе стан, чым пакінуць дзіцяці жыцьцё.
«І таму тут віна не на гэтых жанчынах, а на грамадзтве і законах, — лічыць ён. — Асабліва гэта тычыцца маладзенькіх дзяўчат, якія саромеюцца і баяцца. Вось, да прыкладу, днямі студэнтка выкінула дзіця ў сьмецьцеправод. А калі б у гэтай студэнткі была магчымасьць прынесьці дзіця ў вакно і пакінуць, то і трагедыі б ня здарылася, і чыясьці сям’я была б шчасьлівая, а дзяўчына гэтая працягвала б сваё навучаньне».
У нечым, лічаць Грыгар’яны, само грамадзтва падштурхоўвае жанчын да абортаў.
Любоў — гэта не назоўнік, гэта дзеяслоў
Калі нашы знаёмыя і суседзі чуюць пра ўсынаўленьне — кажуць, як гэта добра. А калі зьяўляюцца праблемы, то адразу стараюцца прыпісаць гэта нейкай геннай спадчыне
«Калі нашы знаёмыя і суседзі чуюць пра ўсынаўленьне — кажуць, як гэта добра. А калі зьяўляюцца праблемы, то адразу стараюцца прыпісаць гэта нейкай геннай спадчыне, — распавядаюць Тацяна і Аляксандар — А насамрэч — дзеці проста нарадзіліся і першыя месяцы пражылі ў зусім іншых умовах, чым хатнія».
Тацяна згадвае, як Давід першыя месяцы ня плакаў і ніколі не прачынаўся ўначы.
«Бо ён ужо ведаў, што крычы не крычы, плач ня плач — ніхто да цябе не падыдзе і не дапаможа, — тлумачыць яна. — Ён ня быў лагодны і ласкавы — ён адмахваўся ад пяшчотаў, яму гэта не было патрэбна. Таксама і наша Мар’ям: калі мы яе забіралі, то нам казалі, што яна па начах ня есьць. Але яна плакала, і мы вырашылі паспрабаваць пакарміць. У выніку — яна есьць тройчы на ноч».
Тацяна кажа, што вельмі любіць сваю працу і пэўны час баялася, што дзеці будуць ёй перашкаджаць. Але зразумела: праца — не галоўнае. Цяпер галоўнае — дзеці.
«Нам вельмі прыемна купляць дзецям адзеньне, падарункі, мы вельмі цешымся, калі дзіця радуецца. Калі Давідзік лашчыцца, абдымаецца, ідзе ранкам у садок і дае пацалунак — гэта ня толькі прыемна і радасна, гэта для нас вялікая ўзнагарода», — кажа яна.
У нас звычайная сям’я са сваімі цяжкасьцямі і сваімі радасьцямі, — сьцьвярджаюць Грыгар’яны.
Як кажа сьвяты Павал, любоў — гэта... і далей ідзе пералік гэтых дзеясловаў: трэба быць цярплівым, міласэрным, літасьцівым.
«Як кажа сьвяты Павал, любоў — гэта... і далей ідзе пералік гэтых дзеясловаў: трэба быць цярплівым, міласэрным, літасьцівым. Сапраўды, каб любіць — трэба над гэтым працаваць, — кажа Аляксандар. — Мы — муж і жонка — вельмі розныя людзі, але мы палюбілі адно аднаго, бо навучыліся адно аднаго чуць, шанаваць, дапамагаць адно аднаму. Гэтаксама і нашы дзеці: іхнія раны і траўмы зажываюць і забываюцца праз нашу любоў».
Аляксандар успамінае, што калісьці і ня думалі, што «вожык» Давід стане лагодны і ласкавы, будзе ахвотна адказваць на абдымкі і пяшчоту.
«А цяпер, калі ідзем у садок, то просіцца на рукі, абдымае за шыю, і гэта — самае вялікае шчасьце, — кажа Аляксандар. — Гэтаксама і Мар’яша — што дзень то больш усьміхаецца, радуецца, калі бярэш на рукі. Мы забыліся, што гэта ня нашы дзеці — яны нашы! І гэта сапраўды наша шчасьце».
«Любоў не прыходзіць сама і лёгка не даецца. Любоў — гэта праца, дзеля любові трэба працаваць. Любоў — гэта не назоўнік, любоў — гэта дзеяслоў», — кажа шчасьлівая сям’я Грыгар’янаў.