23 ліпеня ў Гомелі ініцыятыўныя групы Сяргея Калякіна, Аляксандра Лукашэнкі, Анатоля Лябедзькі арганізавалі вулічныя пікеты, каб заручыцца подпісамі гамельчукоў і зарэгістравацца кандыдатамі на прэзыдэнта.
Пікеты заўважаны ў сямі месцах абласнога цэнтру.
На пляцоўцы каля новага ўнівэрмагу пад белымі сьцягамі з выявамі чырвонага дужага каня зьбіралі подпісы сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі — за свайго лідэра Анатоля Лябедзьку. Ляйтматывам кампаніі стаў лёзунг «Мільён новых працоўных месцаў».
29-гадовы гамяльчук Дзьмітры, які раней працаваў зваршчыкам на заводзе самаходных камбайнаў аб’яднаньня «Гомсельмаш» і звольніўся з прычыны ўрэзанага заробку, так тлумачыць сваё жаданьне падпісацца за Анатоля Лябедзьку:
«Мне пасуе тое, што ён прапаноўвае. Цяпер крызіс з працай, і ягоная прапанова мне даспадобы — даць людзям новыя працоўныя месцы. Я ўжо амаль два гады хаджу і не магу знайсьці працу».
Пэнсіянэрка Антаніна, якая паставіла свой подпіс за вылучэньне кандыдатам апазыцыйнага палітыка, так кажа пра сваё жыцьцё пры шматгадовым кіраваньні Аляксандра Лукашэнкі:
«Мне падаецца, што за дваццаць гадоў асабліва нічога не зьмянілася. Чаму за мяжою пяць гадоў пабыў на вышэйшай пасадзе — і ўсё? Ад сілы дзесяць — гэта калі ўжо народ захоча. У нас ужо больш як дваццаць. Ну, хопіць, час сысьці. У мяне пэнсія 2 мільёны. Я 600 тысяч заплаціла за кватэру. Як мне жыць? Я жывая, у мяне здароўе яшчэ ёсьць, і я хачу адзецца і паесьці».
Your browser doesn’t support HTML5
Вядомая ў Беларусі гомельская сьпявачка Вольга Цярэшчанка таксама завітала да пікету: «Ішла міма, гляджу — падпісваюцца. Дык я вырашыла падпісацца за прыстойных людзей, таму што больш як дваццаць гадоў жыву так, што хочацца ўжо нешта зьмяніць. Ніколі не жыла так, як галасавала. Можа, гэтым разам пашэнціць: як прагаласую, так і пачну жыць — хоць перад сьмерцю. Бо багата ўжо памучылася. Ня ведаю, колькі гэта будзе цягнуцца яшчэ. Мы ж беларусы, нас учора, што называецца, павесілі, а сёньня мы ідзём па пляцы. Учора муляла, а сёньня ўжо нармальна. Абрыдла ўжо гэта».
Гомельскі намесьнік старшыні АГП Васіль Палякоў, які й сам зьбірае подпісы, кажа, што ў першы дзень, калі дазволены збор подпісаў, у рэгіёне зладжаны пікеты ня толькі ў Гомелі, але і ў Жлобіне, і ў райцэнтры Акцябрскі.
Сябра АГП Мікалай Новікаў дзеліцца сваімі ўражаньнямі ад першых гадзін збору подпісаў за Анатоля Лябедзьку:
«Большая частка людзей пакуль прыглядаецца альбо ня мае пашпартоў. Спыняюцца, чытаюць біяграфію. Хтосьці абмінае, хтосьці падыходзіць, каб задаць пытаньне. У дэмакратычных дзяржавах усё вырашае выбаршчык — будзем глядзець, як ён адрэагуе на нашага патэнцыйнага кандыдата. Зьвярнуў увагу, што людзей цікавяць новыя працоўныя месцы. Гэта актуальна. Людзям патрэбная праца. На жаль, цяпер у эканоміцы стан крытычны. Месцаў працоўных з годным заробкам бракуе, а дзяржава прапануе барацьбу з дармаедамі».
Паўз пікет, прытанцоўваючы, прайшлі з музыкай і сьпевамі прыхільнікі культу Крышны. Ніхто іх не чапаў, заўваг за несанкцыянаванае шэсьце не рабіў. А да зборшчыкаў подпісаў за апазыцыйнага палітыка прыйшла ахова ўнівэрмагу — высьвятляць, чаму яны стаяць побач з «аб’ектам гандлю». Праз колькі часу кіраўніца ўнівэрмагу папрасіла перанесьці пікет управа на паўдзясятка мэтраў, каб, як яна сказала, не перашкаджалі патоку пакупнікоў.
Тым часам на тэрасе гандлёвага цэнтру «Рэчыцкі», дзе зьбіралі подпісы за Аляксандра Лукашэнку, раённыя ўлады зладзілі цэлае шоў з прыцягненьнем дзіцячых калектываў і юных спартоўцаў. Луналі дзяржаўныя сьцягі і сьцягі БРСМ. На вялікім партрэце Аляксандра Лукашэнкі — словы па-беларуску, якія можна лічыць асновай сёлетняй выбарчай кампаніі: «За будучыню незалежнай Беларусі».
Тут адны за аднымі выступалі танцавальныя ды вакальныя ансамблі. Сьпявалі па-расейску. Паказвалі свой спрыт і загартоўку каратысты. Аднаго з падлеткаў голай сьпінай паклалі на бітае шкло, прывалілі масіўнай пліткай для ходніка. Дужэйшы караціст кувалдай разьбіў гэтую плітку на жываце юнага спартоўца. Потым падаў руку, дапамог падлетку падняцца на ногі і павярнуў сьпінаю да грамады — крыві не было відно.
У зборшчыцы подпісаў у адмысловай цішотцы і бэйсболцы цікавімся: як ідзе збор подпісаў за дзейнага кіраўніка дзяржавы?
Зборшчыца: «Не лічылі. Шмат, шмат людзей ходзіць.Але нават прыкладна не скажу».
На процілеглым баку Рэчыцкага праспэкту, пры ўваходзе на рынак «Давыдаўскі», таксама зьбіралі подпісы за Аляксандра Лукашэнку:
«Там свае людзі, а я тут стаю зьбіраю. Сёньня стаім першы дзень — зь дзясятай гадзіны. Людзі падыходзяць, здаюць подпісы. На дадзены момант 10 подпісаў».
Поруч, мэтраў за тры ці чатыры, пікетоўца зьбірае подпісы за Анатоля Лябедзьку. Паміж двух пікетаў спынілася бабуля:
«Я яшчэ не падпісалася, але я ўсёй душой за Лукашэнку. Трымае, няма вайны. І слава табе госпадзі».
Гамяльчук сярэдняга веку, у сваю чаргу, ставіць свой подпіс за кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Свой выбар тлумачыць гэтак:
«Хачу пераменаў, хачу працы. Мне яшчэ пятнаццаць гадоў да пэнсіі, а працы знайсьці не магу. Тым больш што я два гады пад мэдычным наглядам у сувязі з захворваньнем. І вось куды мне цяпер сунуцца?»