У заяве дзяржсакратара ЗША Самнэра Ўэльса, зробленай 23 ліпеня 1940 году, было асуджэньне гвалтоўнага далучэньня трох рэспублік Балтыі да Савецкага Саюзу.
У заяве Джона Кэры з нагоды 75-х угодкаў «Дэклярацыі Ўэльса», у прыватнасьці гаворыцца: «На працягу доўгіх гадоў савецкай акупацыі прыхільнасьць ЗША справе свабоды рэспублік Балтыі заставалася непарушнай. З моманту здабыцьця імі незалежнасьці Злучаныя Штаты з захапленьнем сочаць за тым, як яны будуюць моцныя дэмакратычныя інстытуты і займаюць належныя ім па праву месцы ў эўрапейскай і трансатлянтычнай супольнасьцях».
З 1940 году і да здабыцьця праз паўстагодзьдзя краінамі Балтыі поўнай незалежнасьці ў Вашынгтоне знаходзіліся дыпляматычныя прадстаўніцтвы незалежных Эстоніі, Латвіі і Літвы, на якіх луналі іх нацыянальныя сьцягі.
Зараз у сувязі з крызісам на ўсходзе Ўкраіны Злучаныя Штаты разглядаюць пляны разьмяшчэньня ва ўсходнеэўрапейскіх краінах-сябрах НАТО цяжкай вайсковай тэхнікі, якая ў экстранай сытуацыі можа быць выкарыстаная сіламі хуткага рэагаваньня НАТО. Плянуецца таксама павялічыць колькасьць амэрыканскіх вайскоўцаў, якія на ратацыйнай аснове будуць несьці патруляваньне на ўсходніх рубяжах Паўночнаатлянтычнага саюзу.