Беларуская бульба па-ранейшаму не адпавядае стандартам фастфудаў

Burger King невыпадкова адмовіўся ад беларускай бульбы. Раней гэта ўжо зрабіў МсDonalds. Беларускія гатункі бульбы, паводле навукоўцаў, найменш надаюцца для прыгатаваньня бульбы-фры, бо ўтрыманьне крухмалу ў іх большае, чым у замежных гатункаў. Адпаведна, беларуская бульба хутчэй і лацьвей разварваецца.

Гэта адпавядае і густам беларусаў. Здаўна ў Беларусі найлепшай лічыцца бульба сопкая — гэта значыць тая, што моцна разварваецца.

Навукова-практычны цэнтар Акадэміі навук Беларусі па бульбаводзтве сёньня прапануе на рынак больш за 30 гатункаў бульбы, і толькі адзін зь іх, паводле сайту http://www.nestorexpo.com, надаецца для прыгатаваньня бульбы-фры, гэта значыць утрымлівае каля 15% крухмалу — гэта «Фальварак». Звычайная беларуская бульба мае крухмалу да 20% і нават больш.

У дадатак беларуская бульба не падыходзіць да стандартаў рэстарацыяў фаст-фуду паводле памераў: бульбіны для «фры» павінны быць у даўжыню як найменей 15 сантымэтраў. Да прыкладу, у Польшчы на тое, каб вывесьці прыдатныя гатункі бульбы, у навукоўцаў-сэлекцыянэраў пайшло 10 гадоў.

Аднак, летась намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіл Русы заявіў, што ў 1915 годзе беларуская бульба павінна выцесьніць імпартную з рэстарацыяў хуткага харчаваньня. Паводле яго, Беларусь пачне выпускаць гатунак, прыдатны пад стандарты «Макдоналдса». «Мы здолеем выцесьніць канкурэнтаў, і ўжо ў наступным годзе ў „Макдональдсе“ па максымуму будзе менавіта беларуская бульба», — выказваў упэўненасьць віцэ-прэм’ер. Акрамя гэтага, Русы абяцаў, што на Талачынскім кансэрвавым заводзе неўзабаве пачнуць прадукаваць замарожаную бульбу фры, якая і будзе прызначаная для прыгатаваньня фастфуду.

Тым ня менш, і сёлета Burger King, які адкрыўся ў Беларусі, аддаў перавагу галяндзкай бульбе.

Цяпер у Беларусі культывуюцца 124 гатункі бульбы, у тым ліку 44 — беларускай сэлекцыі.