Беларускі аналяг «Чаркізаўскага»: «Рынкі нараджаюцца ў канкурэнтным асяродку, а не ствараюцца ўказамі»

Упершыню ідэю стварэньня велізарнага аптовага цэнтру накшталт закрытага маскоўскімі ўладамі Чаркізаўскага рынку кіраўнік Беларусі агучыў яшчэ ў 2012 годзе. Пазьней было абранае канкрэтнае месца будаўніцтва мегарынка — пасёлак Балбасава Аршанскага раёну.

Паводле задумы чыноўнікаў, на «беларускім Чаркізоне» павінны будуць атаварвацца ўсім неабходным айчынныя прадпрымальнікі. Прычым улады сьцьвярджаюць, што каштаваць гэтыя тавары будуць нашмат таньней, бо будуць завозіцца оптам з Расеі ці Кітаю. Аднак паступаць на рынак будуць толькі тавары, у якіх няма аналягаў у Беларусі.

22 ліпеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 334, які прадугледжвае стварэньне буйнога мультымадальнага прамыслова-лягістычнага цэнтра ў пасёлку Балбасава Віцебскай вобласьці.

«Гэты комплекс будзе ўяўляць сабой буйны партал для разьмяшчэньня вытворчасьцей па апрацоўцы сыравіны, перавалцы грузаў, каардынацыі ўзаемадзеяньня розных відаў транспарту, кароткатэрміновага і доўгатэрміновага захоўваньня тавараў. Нормы дакумэнта накіраваныя на разьвіцьцё лягістычнай сыстэмы краіны, павышэньне яе транзытнай прывабнасьці», — гаворыцца ў паведамленьні прэзыдэнцкай прэс-службы.

Мяркуецца, што стварэньне такога цэнтру дасьць магчымасьць павялічыць прыток валютных паступленьняў і падатковых плацяжоў, створыць ня менш за 400 працоўных месцаў і вырашыць праблему занятасьці ў рэгіёне.

Лідэр прадпрымальніцкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка на пытаньне карэспандэнта Свабоды, ці гэта тое, чаго чакалі прадпрымальнікі, адказаў так:

«Гэта на нас ніяк не паўплывае, хаця можа толькі пагоршыць становішча. Бо гэты цэнтар стане прамым канкурэнтам расейцам і ўсім астатнім нашым замежным партнэрам. Мы ж ведаем, як дзяржава можа накіроўваць патокі: там забараніць, там прыціснуць. Ужо нібыта хочуць увесьці крымінальную адказнасьць за дакумэнты. Гэта ўсё зьвёны аднаго ланцуга.


Гэтая справа павінна сыходзіць ад саміх прадпрымальнікаў, нараджацца ў канкурэнтным асяродку, а не стварацца прэзыдэнцкім указам. Гэта справа не дзяржавы, а суб’ектаў гаспадараньня, бізнэсоўцаў. А так атрымліваецца, што дзяржава, прэзыдэнт займаюцца бізнэсам.


Гэта прывядзе да больш жорсткіх мераў на мяжы для прадпрымальнікаў. Пачнуць ствараць розныя перашкоды ў мэтах абароны ўнутранага рынку, каб усё куплялі ў гэтым цэнтры. Таму нічога добрага мы ад гэтага не чакаем.

Гэта будзе лёс тых жа аптовых базаў. Самы галоўны канкурэнт для Лукашэнкі з гэтым комплексам — Расея. А ён ніколі ня зможа пераплюнуць маскоўскія аптовыя рынкі. Ня веру, што цэны ў Балбасаве будуць ніжэйшымі, чым у Маскве ці недзе яшчэ.

Усё рухаецца заканамерна: мы самі па сабе, яны самі па сабе».