Запрасілі ў Нямеччыну на літаратурны фэст. Прапанавалі прыняць удзел у дыскусіі з адным з расейскіх пісьменьнікаў, прыхільнікам «Новороссіі», які пасьля паездак на Данбас піша тэксты пра гераічнае апалчэньне і ўпарта кляйміць кіеўскую хунту. Я спачатку адмовіўся, а потым падумаў — няўжо яны самі не разумеюць, як гэта ўсё выглядае збоку? — піша ў сваім блогу ўкраінскі пісьменьнік Сяргей Жадан.
...Мне ня хочацца быць часткай шоў для заходніх інтэлектуалаў, якія спрабуюць выглядаць максымальна карэктнымі і аб’ектыўнымі, справядліва на іх думку даючы словы «абодвум бакам канфлікту», шчыра лічачы, што абодва гэтыя «бакі» павінны быць настроенымі на дыялёг і не лічыць сваё становішча і сваю сытуацыю нейкай асаблівай. Тое, што гаворка пры гэтым фактычна будзе весьціся паміж акупантам і тым, каго акупавалі — мала каго цікавіць. Гэта ж дэталі, нюансы, у якія ня варта ўдавацца. Галоўнае — настрой на размову, настрой на канструктыў. Гэта значыць, канструктыў павінен быць ва ўсім. У зносінах з акупантам гэтаксама. І самае простае — гэта прыняць запрашэньне і спадзявацца на тое, што «другі бок» таксама настроены на канструктыў. І слухаць потым падчас размовы аргумэнты «другога боку», якія будуць грунтавацца на гістарычнай абумоўленасьці і геапалітычнай лёгіцы, на канцэптах і стратэгіях, на пачуцьці рэваншу і паблажлівасьці. І ўсе твае словы, якія тычацца тваіх родных і блізкіх, прасторы, у якой ты вырас, і паветра, якім ты дыхаеш усё жыцьцё, проста разьбіваюцца аб гэтую халодную мэталічную геапалітыку, аб гэтую «праўду другога боку».
Бо ўсё слушна, і з пункту гледжаньня бесстароньняга заходняга інтэлектуала праўда ў кожнага свая, незалежна ад таго, на чыёй тэрыторыі вядуцца баявыя дзеяньні, незалежна ад таго, хто іх пачаў, незалежна ад таго, ці «другі бок» у прынцыпе прызнае свой у іх удзел. А ён яго, вядома, не прызнае. Ён наадварот сьцьвярджае, што да гэтай вайны ня мае ніякага дачыненьня, і менавіта таму дазваляе сабе выстаўляць абвінавачаньні і рабіць прагнозы, даваць парады і пагардліва шкадаваць няшчасных, якія не разумеюць уласнай асуджанасьці на далейшае знаходжаньне ў ледзяных абдымках геапалітыкі. Неяк так уяўляюцца мне падобныя спробы канструктыву...
«Вы, інтэлектуалы, павінны падаваць прыклад здаровага сэнсу ў гэтай вайне, — кажа мне знаёмая бэрлінская пісьменьніца. — Вы павінны дэманстраваць добрую волю і гатовасьць да кампрамісаў. Вы павінны дыскутаваць з апанэнтамі». «Пачакай, — кажу, — мае апанэнты называюць мяне фашыстам». «Гэта ўсё роўна, — прапускае яна міма вушэй. — Вы павінны». «Пачакай, — кажу ёй. — Але справа ў тым, што я не фашыст». «Гэта ўсё роўна, — настойвае яна. — Ты ж разумееш, што ўсе вашыя дыскусіі, якія сёньня вядуцца тут, у нас, у Нямеччыне — гэта мастурбацыя. Зьбіраюцца адны прыхільнікі Ўкраіны. Каму гэта цікава?». Ну так, думаю, цікавага мала — ніякіх боек, ніякіх праклёнаў, ніякай піратэхнікі. Галоўнае — ніхто нікога не называе фашыстам.
Знаёмая добра гаворыць па-расейску, кантактуе з многімі расейскімі аўтарамі, у прыватнасьці з тымі, хто заклікае наступаць на Харкаў і Кіеў, прапаноўваючы такім чынам пашыраць межы сваёй краіны за кошт тэрыторый «другога боку». Яна цікавіцца ваеннымі канфліктамі, была на Каўказе, хоча прыехаць на Данбас. Ніякай палітыкі — проста чыста пісьменьніцкая цікавасьць. Усё карэктна і цывілізавана — проста яшчэ адзін ваенны канфлікт на карце Эўропы, колькі іх было, колькі іх яшчэ будзе. Нічога асаблівага, усё як заўсёды.
Толькі гэтыя мясцовыя, якія ўсё ня згодныя выступаць проста «адным з бакоў канфлікту», ня могуць спакойна гаварыць аб гэтай вайне, заклікаюць асуджаць агрэсію, анэксію і акупацыю, нагадваюць пра пачуцьцё справядлівасьці, увогуле — нагадваюць аб пачуцьцях, не жадаюць дамаўляцца, не пагаджаюцца сядаць за стол з крыўдзіцелямі. Вось зь імі цяжка. Іх цяжка зразумець, іх праблемамі цяжка пранікнуцца, іх праўду цяжка прыняць як сваю.
Часам мне здаецца, што ў сьмерць чалавек пачынае верыць толькі тады, калі памірае непасрэдна сама. А ўжо тады верыць шчыра, палымяна і глыбока. Праўда, нядоўга.