Данецкі гарадзкі суд Растоўскай вобласьці 30 ліпеня пачне разглядаць крымінальную справу ў дачыненьні да ўкраінскай ваеннай лётчыцы Надзеі Саўчанкі. У гэты дзень у закрытым рэжыме пройдуць папярэднія слуханьні. Пра гэта паведаміла прэсавы сакратар суду Тацьцяна Дзіева.
Раней у аўторак адвакаты Саўчанкі падалі ў Генпракуратуру Расеі скаргу на рашэньне аб накіраваньні яе справы на разгляд у суд у Данецку. Па іх словах, ніхто з пацярпелых стала не пражывае ў Растоўскай вобласьці, а ўсе экспэртызы па справе праводзіліся ў Маскве. У сувязі з гэтым выклік пацярпелых і экспэртаў у суд будзе ўскладнены, а ў выпадку іх няяўкі, права Саўчанкі на абарону будзе парушанае.
У Расеі Саўчанку абвінавачваюць у забойстве двух расейскіх журналістаў у Данбасе летам мінулага году. Раней яе абвінавачвалі толькі ў датычнасьці да гэтай трагедыі, аднак у пачатку ліпеня сьледчы камітэт РФ перакваліфікаваў артыкул на больш цяжкі. Саўчанка абвінавачваньні абвяргае, заяўляючы, што ў Расею яе пераправілі сэпаратысты, а на момант гібелі журналістаў яна знаходзілася ў палоне.
Адвакат Ільля Новікаў у аўторак паведаміў, што ў справе ўкраінскай ваеннай лётчыцы зьявіліся новыя доказы яе невінаватасьці. Паводле яго словаў, экспэрты выявілі парушэньні ў відэафайлах, прадстаўленых сьведкамі абвінавачваньня. Цяпер, як напісаў адвакат у «Фэйсбуку», «алібі Саўчанкі падмацоўваецца відэазапісам, прычым не ўкраінскім, а з боку сэпаратыстаў». Пра якія менавіта матэрыялы і парушэньні ідзе гаворка, Новікаў не ўдакладніў, заявіўшы, што «падрабязнасьці будуць у свой час».