Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына і праваабаронца Валянцін Стэфановіч выступілі на канфэрэнцыі АБСЭ, прысьвечанай ацэнцы міжнародных стандартаў для правядзеньня свабодных, справядлівых і дэмакратычных выбараў.
Як паведаміў агенцтву БелаПАН Валянцін Стэфановіч, Лідзія Ярмошына гаварыла пра тое, наколькі ўлічаныя рэкамэндацыі АБСЭ па зьменах у выбарчае заканадаўства. Новай была, напрыклад, інфармацыя пра арганізацыю галасаваньня для слабавідушчых.
Сам Стэфановіч, выступаючы перад прысутнымі, падкрэсьліў, што пры адсутнасьці палітычнага плюралізму, ва ўмовах абмежаваньня свабоды асацыяцыяў і сходаў складана казаць пра дэмакратычныя выбары ў любой краіне. «Рэкамэндацыі АБСЕ — гэта добра, але на практыцы яны не працуюць. Напрыклад, норма аб прадстаўніцтве ў выбарчых камісіях для членаў грамадзкіх арганізацый. Апазыцыі ў іх як не было, так і няма, паколькі месцы займаюць праўрадавыя БРСМ, „Белая Русь“ і іншыя», — сказаў праваабаронца.
Лідзія Ярмошына ўваходзіць у сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу ў сувязі з парушэньнямі правоў чалавека, вяршэнства закону і дэмакратычных прынцыпаў. Кіраўніца ЦВК была ўнесеная ў чорны сьпіс ЭЗ у сьнежні 2004 году пасьля парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму, па выніках якіх Лукашэнка атрымаў права абірацца больш як два разы запар. Паездка Ярмошынай у Вену стала магчымай, паколькі канфэрэнцыя праводзілася па лініі міжнароднай арганізацыі, сябрам якой зьяўляецца Беларусь.