На магілёўскіх могілках ёсьць брацкія магілы з пазнакамі, што ў іх пахаваныя тыя, хто загінуў у бамбёжку 1943 году. Вядома, што ў гэты час Магілёў бамбіла савецкая авіяцыя. Публікацыяў пра гэтую апэрацыю няшмат. Калі пра яе і згадваюць, то як пра пасьпяховую. Кажуць пра зьнішчаных фашыстаў і іхную тэхніку. Зьвестак жа пра пацярпелае цывільнае насельніцтва вобмаль.
Паводле магілёўскіх старажылаў, ахвяраў бамбёжкі хавалі пераважна ў брацкіх магілах. Старыя кажуць: людзі гінулі цэлымі сем’ямі.
Гарэлі і дамы, і людзі
Жыхару Магілёва Леаніду Іванавічу ў 1943 годзе было няпоўныя 12. Зь ягоных слоў, загінулых машынамі звозілі на цяперашнія Карабанаўскія могілкі. Сям’я суразмоўцы жыла непадалёк, і ён бачыў тыя машыны, поўныя чалавечых парэшткаў. Ахвяраў, згадвае, было нямала:
«Пра іх мы даведаліся на другія і трэція суткі, калі пачаліся паховіны. Наладаваныя зь верхам бартавыя машыны рушылі тады проста на могілкі», — апавядае Леанід Іванавіч.
«Мы бачылі абгарэлыя чалавечыя парэшткі, складзеныя ў машынах, нібы дровы. Тады ніхто з жыхароў не выходзіў на вуліцу, бо акупацыйныя войскі маглі паступіць па-рознаму — прыняць альбо за сьведак, альбо за наводчыкаў. На саміх могілках нікога не было, акрамя тых, што разгружалі машыны і ў выкапаныя загадзя яміны скідалі целы. Сьвежыя магілы мы ўбачылі пазьней», — згадвае магілёвец.
Саму бамбёжку ягоная сям’я перабыла ў выкапанай падчас абароны Магілёва ў 1941 годзе схованцы. Праз два гады яна дужа прыдалася. Бамбілі горад, кажа ён, некалькі гадзін. Усё трэслася навокал:
«Пачалася яна прыкладна ў дзесяць гадзін вечара. У горадзе нечакана стала дужа сьветла. Савецкія самалёты павывешвалі лямпы, якія выпраменьвалі дужа яркае сьвятло. А потым пачалася бамбардзіроўка такая моцная, што я зваліўся з канапы, мама і бабця ўпалі на падлогу. На карачках выбраліся з дому. Зразумелі, што пачынаецца нейкая моцная вайна».
«Бомбы падалі зусім побач, і, як потым высьветлілася, у розных месцах гораду, — кажа суразмоўца. — На наступны дзень даведаліся, што горад дужа разбураны. Ён гарэў. Сьмярдзела неяк спэцыфічна. Гарэлі ня толькі дамы, а і людзі — нашы гараджане і нямецкія салдаты».
Ачуняўшы ад страху, магілёўцы, працягвае аповед Леанід Іванавіч, выпраўляліся паглядзець, што сталася з горадам. Ён прыгадвае, што найбольшыя разбурэньні былі ля ўстаноў акупацыйных уладаў.
Паводле яго, ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва было б болей, каб значная частка гараджанаў не эвакуавалася яшчэ на пачатку вайны. Багата дамоў у цэнтры пуставалі ці былі заселеныя нямецкімі салдатамі. Пра колькасьць ахвяраў, зазначае суразмоўца, акупацыйныя ўлады зьвестак не давалі, бо самі ня ведалі:
«Дамы, каля якіх разьмяшчаліся нямецкія войскі, усе згарэлі разам з насельнікамі, бо адмысловых бомбасховішчаў, каб уратавацца ад бамбёжкі, у нашым Магілёве не было».
«Цэлыя сем’і тады загінулі, нават хаваць не было каму, — згадвае суразмоўца. — Брацкія магілы ніяк не пазначаліся, ня кажучы ўжо пра помнікі. Нават крыжы не на ўсе ставілі. Я толькі на Васкрасенскіх могілках бачыў брацкую магілу, дзе згадваецца, хто ў ёй. Відаць забітых было каму пахаваць — мо сваякі жылі ў іншым раёне гораду. А на Карабанаўскіх могілках былі масавыя пахаваньні. Там хавалі сем’ямі і нават дамамі».
Бамбёжку 1943 году Леанід Іванавіч называе жахлівай падзеяй, якой ніхто зь мірных жыхароў Магілёва не чакаў. Не чакалі яе і нямецкія акупацыйныя ўлады, заўважае ён. Мала хто з гараджанаў бачыў, дзе хавалі забітых немцаў.
У адказ а пытаньне, ці была, зь ягонага гледзішча, апраўданая апэрацыя савецкай авіяцыі і ці былі апраўданыя ахвяры сярод цывільнага насельніцтва, суразмоўца зазначае, што даваць ацэнку яму дужа няпроста, бо на любой вайне ёсьць ахвяры. «Той, хто перажыў акупацыю ў Магілёве, мог загінуць у любую хвіліну — такое было тагачаснае жыцьцё», — кажа Леанід Іванавіч.
Загінулі 4 тысячы фашыстаў, сваіх ахвяраў ніхто не палічыў
Яшчэ адзін жыхар Магілёва Анатоль Рыгоравіч у вайну трынаццацігадовым падлеткам быў сувязным партызанскага атраду. Ён сьцьвярджае, што трапіў у групу партызан, якая зьбірала зьвесткі пра дысьлякацыю нямецкіх войскаў у Магілёве.
У 1943 годзе ў горадзе сабралася нямала салдат і тэхнікі. У месцы вайсковай дысьлякацыі падлетка пускалі мяняць яйкі на іншыя хадавыя ў акупаваным горадзе рэчы, а ён там назіраў. Далучанасьць Анатоля Рыгоравіча да агентурнай сеткі ўратавала ягоных сваякоў ад сьмерці ў бамбёжку, бо ён ведаў, калі яна пачнецца.
«Нас папярэдзілі: калі пачнецца бамбёжка, то будзе асьветлены горад. І сапраўды, як пацямнела, то нечакана стала сьветла, як удзень. Я тады сваіх усіх падняў, і мы сышлі», — згадвае Анатоль Рыгоравіч.
«Я бачыў здалёк, як нашы бамбілі, як горад гарэў, але мне было тады шкада, што разам з фрыцамі пад бамбёжку трапяць і жыхары гораду. Яно сапраўды гэтак і было. У касьцёле зьбіралі тых, хто загінуў з блізкага навакольля. Нябожчыкі ляжалі на падлозе. Я вырашыў зайсьці ды паглядзець. Уразіла мяне адна забітая жанчына. Яе цела было ўсё сіняе. Яна была напалову адзетая. Загінула, відаць, ад ударнай хвалі. Але, вядома, такое складанае ваеннае мерапрыемства не абыходзіцца без ахвяраў», — разважае сьведка бамбёжкі.
Суразмоўца цьвердзіць, што цывільнае насельніцтва ня дужа пацярпела ад бомбаў, скінутых з савецкіх летакоў. Ня дужа быў разбураны, паводле яго, і сам горад, толькі асобныя раёны. Анатоль Рыгоравіч тлумачыць: у лётчыкаў былі дакладныя зьвесткі, што бамбіць.
«„Савінфармбюро“ паведаміла, што немцаў загінула 4 тысячы чалавек, — кажа ён. — Людзі былі дужа задаволеныя, што столькі іх загінула. У Магілёве таксама. Я дык быў дужа рады, бо бачыў, як нашы штурмавікі бамбілі. Вядома ж, былі ахвяры, але ня думаю, што значныя».
Анатоль Рыгоравіч зьдзіўлены, што пра пасьпяховую, як ён адзначае, апэрацыю мала зьвестак.
Гістарычны цэнтар Магілёва зьнішчаны пры савецкім бамбаваньні
Брацкія пахаваньні магілёўцаў, якія загінулі ад бамбёжкі, удалося адшукаць на двух названых старажыламі могілках: Карабанаўскіх ды Васкрасенскіх. Пахаваньні падобныя: адзін крыж на некалькі магіл. На Васкрасенскіх кладах на таблічцы аднаго з пахаваньняў пазначана, што ў ім спачываюць чацьвёра чалавек, якія «загінулі ў бамбёжку 1943 году». Дзень бамбёжкі пададзены з памылкай. У брацкай магіле, што непадалёк, пахавана пяць чалавек. Яны таксама загінулі, як пазначана, у траўні 1943-га. На Карабанаўскіх могілках падобныя ж пахаваньні. Паводле старажылаў, на многіх брацкіх магілах значна пазьней зьявіліся новыя пахаваньні, таму падлічыць іх цяпер немагчыма.
Магілёўскі гісторык Ігар Пушкін зазначае, што пэрыяд фашысцкай акупацыі Магілёва не дасьледаваны як мае быць. Таму і ня дзіва, што замала зьвестак пра бамбёжку 1943 году і пацярпелае ад яе насельніцтва. Паводле гісторыка, бамбаваньне Магілёва авіяцыяй Чырвонай арміі адбылося ў ноч з 27 на 28 траўня.
Асабліва жорстка, кажа навуковец, бамбілі цэнтар гораду, а званіцы культавых пабудоў былі арыенцірамі.
«Таму, калі мы кажам, што дужа шмат культавых ды грамадзянскіх пабудоў было зьнішчана ў Другую ўсясьветную вайну, то большая частка была разбурана гэтай бамбёжкай. Тады быў, у прынцыпе, зьнішчаны цэнтар гораду», — кажа Ігар Пушкін.
Паводле адной з вэрсіяў, у Магілёве на адпачынак спынілася вайсковая часьць, якую савецкае вайсковае кіраўніцтва пастанавіла зьнішчыць.
«Але, як вы разумееце, вайскоўцы даволі хутка пакінулі цэнтар гораду, і іхнія страты былі адносна невялікія, — працягвае гісторык, — але дужа пацярпелі магілёўцы».
«У нашым дзяржаўным абласным архіве захоўваецца дакумэнт, згодна зь якім гарадзкая ўправа правяла абсьледаваньне пацярпелых. У ім зафіксавана, што пацярпелі 267 сем’яў — ад трох да пяці чалавек у кожнай. Зь іх 123 сям’і лічыліся найбольш пацярпелымі. І яны атрымалі ад управы прадукты, тканіну ды іншыя рэчы. Такім чынам акупацыйныя ўлады паспрабавалі кампэнсаваць страты гараджанам. Захаваліся сьпісы з росьпісамі, хто і што атрымаў. Я так разумею, што гэтыя людзі страцілі жытло, хоць дапускаю, што забітымі былі і іхныя родзічы».
Колькі загінула ў бамбёжку цывільнага насельніцтва, Ігар Пушкін зьвестак ня мае. Кажа, што пакуль гэтага пытаньня не вывучаў. Гісторык зазначае: гэтаксама, як і Магілёў, савецкая авіяцыя ў 1943 годзе бамбіла Менск і Віцебск.
Паводле маршала авіяцыі Аляксандра Галаванава, бамбаваньнем у Магілёве было зьнішчана да 4 тысяч салдат нямецкай арміі. Значная іх частка разьмяшчалася ў пустых дамах цэнтру гораду. Зьнішчана было нямала тэхнікі. У апэрацыі ўдзельнічалі і партызаны. Яны дабівалі нямецкіх салдат, якія шукалі паратунку ў прыгарадных лясах. Пра пацярпелае цывільнае насельніцтва маршал авіяцыі ня піша.