Паводле праваабаронцы Рамана Юргеля, які прысутнічаў на сумесным паседжаньні Гарадзенскага аблвыканкаму і прэзыдыюму абласнога Савету, тэрытарыяльная абласная камісія была сфармавана з 13 чалавек:
«Ад апазыцыі прэтэндавалі па адным прадстаўніку ад АГП і ад партыі „Справядлівы сьвет“, але іх, як і ў мінулыя разы не ўключылі па ўжо знаёмых прычынах, маўляў, яны беспрацоўныя і ня маюць вопыту працы ў падобных камісіях, а таксама ў іх мала зарэгістраваных на тэрыторыі вобласьці партыйных структураў. У склад камісіі прайшлі толькі праўладныя прадстаўнікі, прычым, агучылі, што яны прадстаўляюць 12 раёнаў вобласьці».
Аляксандра Васілевіч, кіраўнічка абласной структуры АГП, падавала сваю кандыдатуру для ўключэньня ў абласную тэрытарыяльную камісію, але на паседжаньні ёй было заяўлена, што яна беспрацоўная, ня мае вопыту працы і колькасьць партыйных структураў на тэрыторыі вобласьці ў іх малая.
Паводле Васілевіч, а яна ня першы раз прысутнічала пры стварэньні падобных камісій, атмасфэра абсалютна не зьмянілася і ўсё робіцца так, як заранёў сплянавала ўлада.
Ніякіх апазыцыянэраў у камісіі, як не ўключалі, так і цяпер не ўключылі — нічога не зьмянілася.
«Ніякіх апазыцыянэраў у камісіі, як не ўключалі, так і цяпер не ўключылі — нічога не зьмянілася. І прычыны, па якіх апазыцыянэраў не ўключаюць у камісіі, штогод адныя і тыя: нідзе не працуюць, адсутнасьць шырокай сеткі партыйных арганізацый на тэрыторыі вобласьці і самае важнае для іх — адсутнасьць вопыту працы ў падобных камісіях. Цікава толькі, дзе ўзяць гэты вопыт, калі цябе ніколі ні ў якія камісіі не ўключаюць. Карацей, выбары пачаліся, як і заўсёды...».
Паводле праваабаронцы Рамана Юргеля, у дзьве гарадзкія тэрытарыяльныя камісіі Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў прадстаўнікоў апазыцыйных партый таксама не ўключылі.