18 ліпеня ў межах першага фэстывалю авіяцыйнага спорту адбыўся масавы палёт паветраных шароў. З аэрапорта Менск-1 у неба адначасова падняліся 70 аэрастатаў зь Беларусі, Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расеі, Украіны. Цягам гадзіны шары луналі над Менскам, іх шлях склаў 13 км. Прызямленьне адбылося каля Мачулішчаў.
Гэтая падзея выклікала захапленьне ў менчукоў, але і нагадала трагедыю, якая адбылася 20 гадоў таму ў Беларусі. У небе над Бярозай беларуская авіяцыя расстраляла паветраны шар з амэрыканскімі паветраплавальнікамі.
У выніку падзеньня з двухкілямэтровай вышыні загінулі спартоўцы-экстрэмалы Алан Фрэнчэль і Джон Сьцюарт. Вайсковае камандаваньне апраўдвалася, што «пераблытала» спартовы аб’ект з мэтэаралягічным зондам, якія часам залятаюць на тэрыторыю Беларусі. У сваю чаргу, міжнародная супольнасьць паставіла пад сумнеў прафэсійнасьць беларускіх войскаў супрацьпаветранай абароны, якія ня здольныя адрозьніць, ці пілятаваны лятальны аб’ект, альбо ён перасоўваецца ў аўтаномным рэжыме.
12 верасьня 1995 году ў Швайцарыі быў дадзены старт міжнародным спаборніцтвам паветраплавальнікаў. Узьняўшыся ў паветра, «караван» рушыў на Ўсход. Як сьцьвярджалі арганізатары чэмпіянату на дальнасьць палётаў, пра мерапрыемства былі папярэджаныя дыспэтчарскія службы ўсіх краінаў, праз чый паветраны калідор транзытам скіроўваліся экіпажы.
Без прыгодаў праляцеўшы над Нямеччынай, Чэхіяй, Славаччынай, Польшчай, у Беларусі гандола вопытных падарожнікаў, амэрыканцаў Алана Фрэнчэля і Джона Сьцюарта, была зьбітая вайсковым верталётам Мі-24 і рухнула на ўскрайку дачнага каапэратыву маторарамонтнага заводу блізу Бярозы. Сьведкай расстрэлу была пэнсіянэрка Валянціна Салавей, чыё лецішча літаральна ў дзясятку мэтраў ад месца падзеньня шара. Кажа, што пілёт яшчэ доўга лятаў над лецішчамі, каб пераканацца, што заданьне выкананае:
«На саміх амэрыканцах сьлядоў расстрэлу не было. Відавочна, яны памерлі ад моцнага ўдару аб зямлю — усё ж двухкілямэтровая вышыня была, калі яны над намі ляцелі. Удар быў вельмі моцны, бо гандола была пашкоджаная капітальна. У сваім „кошыку“ яны сядзелі на своеасаблівых „насілках“ — гэта прыблізна як у машынах „хуткай дапамогі“ ёсьць бакавыя сядзеньні, прымацаваныя да сьцяны. І вось яны, відаць, да апошняга сядзелі ў сваім шары на гэтых насілках, ці сядушках, як там правільна сказаць. Потым амэрыканцаў адвезьлі ў шпіталь, у морг, а пасьля целы пераправілі ў Менск. А сам „кошык“ (бо па выгляду гэта быў сапраўды плецены кошык 1,50 мэтра шырыні на 1,52 мэтра даўжыні, амаль квадратны) разам зь іншымі рэчамі паводле вопісу пагрузілі на КамАЗ і таксама ў Менск адправілі».
Нечаканым сьведкам таго, як прымалася рашэньне расстраляць паветраны шар з амэрыканцамі, стаў журналіст Васіль Зданюк. Якраз у той момант ён знаходзіўся ў кабінэце камандуючага супрацьпаветранымі войскамі генэрала Валерыя Кастэнкі, які даў загад ліквідаваць «бесьпілётны аб’ект»:
«Ускосным саўдзельнікам гэтага інцыдэнту я стаў абсалютна выпадкова. Працаваў тады ўласным карэспандэнтам рэдакцыі маскоўскага „Военного журнала“, і напярэдадні мне там паставілі задачу зрабіць інтэрвію з камандуючым войскамі беларускай супрацьпаветранай абароны аб стварэньні адзінай беларуска-расейскай сыстэмы СПА. Якраз тады гэта была актуальная тэма. Я патэлефанаваў Валерыю Кастэнку. Ён паспрабаваў адразу ад інтэрвію адмовіцца — маўляў, у адпачынку знаходзіцца, не на працы. Я, тым ня меней, настаяў на сваім, і ён сказаў, каб я прыходзіў да яго аб 11-й, яму якраз трэба на гадзінку зазірнуць на службу, дзе мы і перагаворым. На наступны дзень, 12 верасьня 1995-га я прыйшоў да камандуючага…».
Ужо падчас гутаркі апэратыўны дзяжурны даклаў генэралу, што ў зоне адказнасьці дывізіёну, дысьлякаванага ў Берасьцейскай вобласьці, зафіксаваны невядомы паветраны аб’ект. Ляціць на нізкай вышыні, на запыты не адказвае, трэба тэрмінова прымаць рашэньне. Кастэнка загадаў падняць дзяжурны верталёт і пасьля перамоваў з камандзірам экіпажу Мі-24 генэрал прыйшоўшы да высновы: апарат бесьпілётны, і даў загад яго зьнішчыць.
На думку Васіля Зданюка, каб Кастэнка некалькі хвілінаў пачакаў, трагедыі можна было б пазьбегнуць. Усьлед за зьбітым, як тады меркавалі, «зондам» пераляцеў беларускую мяжу наступны, потым іншы. Празь некалькі месяцаў Дзяржаўны памежны камітэт прызнаў: амаль за паўгода да гэтага, у красавіку, быў атрыманы ліст са Швэйцарыі, аднак калідор, якога павінны трымацца спартоўцы, быў нібыта недакладна акрэсьлены.
Капітан ваенна-паветраных сілаў у адстаўцы Аляксандар Пашчанка ў сярэдзіне 1990-х на пасадзе бартавога тэхніка верталёту Мі-24 служыў у вайсковай частцы, раскватараванай блізу вёскі Засімавічы. Менавіта адтуль з загадам зьнішчыць небясьпечны аб’ект былі ўзьнятыя баявыя верталёты.
Бартавы тэхнік пасьля інцыдэнту зьехаў у Расею і стаў будыстам
Спадар Пашчанка кажа, што для экіпажу, які браў непасрэдны ўдзел у ліквідацыі паветранага шару, было ня меншым шокам даведацца пасьля, што гэта яны сталі прычынай сьмерці амэрыканскіх спартоўцаў. Да таго ж, стала зразумела, што была магчымасьць такой разьвязкі пазьбегнуць — празь нейкі час пад Маларытай быў пасаджаны аналягічны шар:
Наколькі я ведаю, у канцы 1990-х бартавы тэхнік таго верталёту зьехаў у Расею і, як кажуць, стаў будыстам.
«Наколькі я ведаю, у канцы 1990-х бартавы тэхнік таго верталёту зьехаў у Расею і, як кажуць, стаў будыстам. А пасьля нібыта пры дзіўных абставінах на Далёкім Усходзе і загінуў (ён, дарэчы, адтуль быў і родам). Ну, а так хто куды разьляцеліся: хто звольніўся, хто як мага падалей ад гэтага месца ад’ехаў. Пра тое, што ў гандоле — людзі, ніхто ня ведаў — гэта магу гарантаваць. А пасьля, канечне, лётчыкі вельмі перажывалі, у царкву ў Пружанах хадзілі, памінальную там рабілі… Добра яшчэ, што далей не зайшло, бо сьледам ляцелі наступныя шары. Адзін зь іх, дакладна ведаю, пасадзілі блізу Маларыты. Ці перадалі ім нейкія зьвесткі па рацыі, ці яны самі ў паветры ўбачылі, што здарылася, але падавалі сыгналы, рукамі махалі — маўляў, не страляйце. Прынамсі ў гэтым выпадку было дакладна відаць, што шар зь людзьмі. А з амэрыканскай гандолы ніякіх знакаў ніхто не падаваў. Таму ніхто такой разьвязкі не чакаў, для людзей усё гэта было вельмі непрыемна, натуральна».
Паводле Аляксандра Пашчанкі, экіпаж, які зьбіваў паветраны шар, некалькі месяцаў штодня кудысьці выклікалі, бесперапынна яны курсіравалі паміж Пружанамі і Менскам. Але ніхто толкам ня мог зразумець, што рабіць далей. Завяршыліся ж паездкі тым, што ўсім далі па гадзіньніку з гербам Беларусі, аддзячыўшы за «пільнасьць». Але, як кажа спадар Пашчанка, экіпаж сваю віну падсьвядома разумеў — у роспачы была выпітая не адна скрыня гарэлкі.
Ніхто з афіцыйных асобаў ня ўзяў адказнасьць за інцыдэнт
За мінулыя два дзясяткі гадоў ніхто зь беларускіх афіцыйных асобаў ня ўзяў на сябе адказнасьць за інцыдэнт.
Дзяржаўная камісія ў справе высьвятленьня прычынаў трагедыі так і не патлумачыла, ці насамрэч была неабходнасьць зьбіваць паветраны шар.
Да таго ж, тагачасны начальнік аддзелу апэратыўнага рэагаваньня Савету бясьпекі Юрый Сівакоў настойваў, што амэрыканцы памерлі яшчэ да таго, як іх зьбілі — маўляў, падняўшыся на вялікую вышыню, памерлі ад недахопу кіслароду. Іншыя экспэрты не выключалі, што спартоўцы сапраўды маглі знаходзіцца без прытомнасьці, але да зямлі ляцелі жывымі. Дарэчы, першы час трагічную навіну спрабавалі ўвогуле схаваць ад грамадзкасьці — амбасада ЗША ў Менску толькі праз суткі дазналася пра гібель сваіх грамадзянаў.
У 2009 годзе жонка амэрыканскага паветраплавальніка Джона Сьцюарта дала першае інтэрвію за многія гады — дарэчы, для Радыё «Свабода». Кэралайн Сьцюарт-Джэрвіс не хавала засмучэньня, што пасьля страты самага блізкага чалавека яна так і не дачакалася прабачэньня ад беларускіх уладаў. Таксама спадарыня Сьцюарт-Джэрвіс цікавілася ў вашынгтонскага карэспандэнта, ці захоўваецца памяць пра Джона Сьцюарта і Алана Фрэнчэля ў Беларусі?
Удаву Джона Сьцюарта можна суцешыць хіба тым, што ўжо ў першую гадавіну трагедыі дэмакратычныя актывісты зь Бярозы ўсталявалі на месцы падзеньня амэрыканскіх паветраплавальнікаў памятны знак — камень з надпісам «Прабачце». Ініцыятары ўшанаваньня кажуць, што ля імправізаванага міні-абэліску амаль заўсёды стаяць жывыя кветкі — так дачнікі згадваюць падзеі сярэдзіны 1990-х.