Дагэтуль невядомыя дакладныя прычыны аблавы. Савецкія вайскоўцы змагаліся з удзельнікамі польскага партызанскага руху на ўсходзе Польшчы. Увесну 1945 на Сувалкаўшчызне значна актывізавалася барацьба за незалежнасьць краіны. Гэта быў, як лічаць гісторыкі, адказ на дзеяньні чырвонаармейцаў, якія забівалі, рабавалі, гвалцілі мясцовае насельніцтва, але таксама і рэакцыя на дзейнасьць польскіх камуністычных уладаў. Таксама варта ўлічыць, што празь землі Беласточчыны праходзілі камунікацыі, па якіх на ўсход вывозілі тое, што здабылі ў Нямеччыне. Гэтыя калёны з трафэямі таксама часам станавіліся аб’ектам нападу партызанаў.
«Аблава ёсьць сымбалем польскіх лёсаў», падкрэсьлівае ІРN у адмысловым звароце, які прысьвечаны 70-годзьдзю аблавы. Тэкст гэтага дакумэнту зьмешчаны на партале польскай памяці. Надрукаваны зварот атрымалі ўдзельнікі акцыі ў Гібах.
Прэзыдэнт ІРN доктар Лукаш Камінскі падкрэсьліў у звароце, што Інстытут ня спыніць намаганьняў па высьвятленьні праўды пра ўсіх ахвяраў аблавы.
«Гэта ёсьць наш абавязак адносна ўсіх ахвяр і іх сваякоў», — запэўніў Лукаш Камінскі.
Расьсьледаваньне «Аўгустоўскай аблавы», як яшчэ называюць гэтую трагедыю, што адбылася непадалёк ад горада Аўгустаў, вядзецца ўжо шмат гадоў. Як піша «Газэта выборча», пераломным ў расьсьледаваньні быў 2012 год, калі расейскі гісторык з таварыства «Мемарыял» Мікіта Пятроў абнародаваў шыфраграму начальніка галоўнага ўпраўленьня контравыведкі «Сьмерш» генэрала Віктара Абакумава да Народнага камісара ўнутраных спраў СССР Лаўрэнція Берыі ад 21 ліпеня 1945 году, ў якой ідзе пра пляны ліквідацыі 592 асобаў, затрыманых падчас аблавы.
Адна з найноўшых распаўсюджаны у цяперашні час гіпотэз сьцьвярджае, што ахвяры аблавы могуць быць пахаваныя побач з Калетамі (цяперашняя Беларусь).
Абакумаў піша Берыі, што 20 ліпеня накіраваў на самалёце Берыі да гораду Олеску намесьніка начальніка «Смершу» Івана Гаргонава з групай дасьведчаных афіцэраў контрвыведкі з мэтай «правядзеньня ліквідацыі бандытаў, якія былі арыштаваныя ў аўгустоўскіх лясах».
Сярод дасланых афіцэраў згадваецца генэрал Павал Зіленін, начальнік управы «Смерш» 3-га Беларускага фронту.
Таксама ў шыфраграме наўпрост вядзецца пра тое, што Аўгустоўскія лясы прачосвалі і затрымлівалі там людзей чырвонаармейцы 3-га Беларускага фронту на загад Генэральнага штабу Чырвонай Арміі. Гэта адбывалася 12-19 ліпеня. Было затрымана 7049 чалавек, зь іх 5115 адпушчана, 1934 затрымана, — паведамляе «Газэта Выборча».