Пяцёра турыстаў з Чэхіі і іх кіроўца зьніклі ў Лібане

Яны маглі быць выкрадзеныя ў Даліне Бекаа на ўсходзе краіны, дзе выяўленая іх машына.

Як заявіла ў суботу прадстаўніца чэскага МЗС Міхаэла Лагранава, іх імёны пакуль не раскрываюцца, каб не перашкодзіць расьсьледаваньню.

Раней у суботу лібанскія мэдыі і службы бясьпекі паведамілі, што вядзецца пошук пяцёх грамадзянаў Чэхіі і іх лібанскага кіроўцы, якія маглі быць выкрадзеныя ў Даліне Бекаа на ўсходзе краіны. Іх машына была знойдзена недалёка ад горада Кефрая, на ўсход ад Бейрута і на захад ад мяжы з Сырыяй. У ёй былі пашпарты, грошы і фотаапараты зьніклых турыстаў.

Ужо ня першы раз у Даліне Бекаа знікаюць замежнікі. У пачатку гэтага году там былі выкрадзеныя два польскія турысты, якіх неўзабаве вызвалілі паліцыянты. У 2011 годзе ў тым жа раёне невядомымі былі захопленыя 7 грамадзян Эстоніі, якія вандравалі на роварах. Яны прабылі ў палоне 4 месяцы.