Калі расейскаму слову адпавядае некалькі беларускіх

Масла, алей, аліва

У нас пагода і масла не такія, як у расейцаў. Ці ў беларусаў лопаюцца ныркі? Пра багацьце беларускай лексыкі піша Вінцук Вячорка

Папярэдне мы гаварылі пра непазьбежны ўплыў беларускае мовы на расейскае маўленьне і лексычны запас беларусаў.

Але ж куды мацнейшы адваротны ўплыў – расейскай слоўнай сыстэмы на беларускую. З 1930-х гадоў ажно да 1980-х у мовазнаўчай навуцы БССР была абавязковая вось такая апалягетыка:

"Беларуска-рускі білінгвізм… робіць рускую мову асноўнай крыніцай узбагачэння слоўнікавага складу беларускай мовы неабходнымі лексічнымі і іншымі моўнымі сродкамі".
(А. Баханькоў. "Развіццё лексікі беларускай літаратурнай мовы ў савецкі перыяд". Менск, 1982).

Плякат У. Крукоўскага

Не лексычнае багацьце гаворак, не адроджаныя старабеларускія і ня створаныя пісьменьнікамі словы, а запазычаньні з расейскай – "асноўная крыніца". У станоўчасьці гэтае зьявы нельга было сумнявацца. А каб не было непатрэбных спакусаў –

"Асаблівае значэнне мае ўзаемадзеянне кожнай нацыянальнай мовы [у СССР] з рускай як сродкам міжнародных і міжнацыянальных зносін і ўзаемадзеянне нацыянальных моў між сабой з дапамогай рускай мовы".

Г. зн. узаемадзеяньне паміж, прыкладам, беларускай і ўкраінскай мовамі дазвалялася толькі праз пасярэдніцтва расейскае.

На шчасьце, штораз, калі беларуская літаратурная мова адраджаецца пасьля чарговай эпохі ўціску, аднаўляюцца і жывыя крыніцы яе папаўненьня словамі, і сумнеў наконт карысьці манапольнага расейскага ўплыву.

Што ішча саіскацель?

"Збліжэньне моваў", якім займаліся савецкія бальшавікі, папраўдзе выглядала так: расейскаю моваю, нібыта прэсам, перафарматоўвалі беларускую моўную тканку, чым наносілі ёй адчувальную дагэтуль шкоду.

Людзі, якія вяртаюцца да беларускай мовы ад расейскай, робяць падсьвядомыя памылкі, ужываючы русізмы – гэта непазьбежна на першым этапе. Праўда, калі-нікалі такія русізмы можна знайсьці ў слоўніках (прычыну гл. вышэй). Зь відавочнымі выпадкамі накшталт "саіскацеля" ці "ізлажэння" ўсё зразумела (трэба спаборнік і пераказ; дарэчы, "сачыненне" – такі самы непрыхаваны русізм, слова "сачыняць" няма; гэта твор). Тут у беларускую мову жывасілам зацягнуты чужародны моўны матэрыял.

Цяжэй усьведамляюцца сэмантычныя памылкі, калі на беларускую глебу пераносіцца сэнсавая матрыца, абсяг значэньняў расейскага слова. Гэта прыхаваныя русізмы.

Памкненьне ўнікаць словаў, якія супадаюць з расейскімі, – цалкам натуральнае, гэта праява моўнага пурызму (ад лац. purus 'чысты'). Так сьцьвярджаюць самабытнасьць сваёй мовы пасьля вякоў навязваньня чужой. Але калі-нікалі беларускае слова, вонкава супадаючы з расейскім, мае інакшае ці крыху адрознае значэньне. Або аднаму шматзначнаму расейскаму слову ў беларускай мове адпавядаюць два ці болей, а гэта ж багацьце нашай мовы.

Вочкі строяць, а войска шыхтуюць

"Строить дом" – па-беларуску будаваць дом. Але ж "строить отношения" (ці там "выстраивать") – ні ў якім разе не "будаваць (выбудоўваць) адносіны", а наладжваць дачыненьні. Затое можна строіць вочкі, можна з нагоды сьвята выстраіцца – выштукавана апрануцца. Таксама строіць дурня і строіць жарты. Войска ж стае ў шыхт.

Расейскія выразы "оказаться в воде" і "оказаться лицемером" па-беларуску гучаць розна: апынуцца ў вадзе, але аказацца (ці выявіцца) крывадушнікам. "Розгалас апынуўся вельмі вялікі" – на жаль, такую памылку нярэдка робяць тыя, хто прыходзіў да беларускае мовы ад расейскае. Прычына – мэханічны пераклад кожнага расейскага "оказаться" беларускім апынуцца без увагі на значэньне.

У расейскай мове слова "оказаться" мае розныя значэньні: адно – 'выявіцца', другое – 'патрапіць у нейкае месца або становішча', прычым у другім значэньні яно мае сынонім "очутиться". У беларускай мове ім адпавядаюць розныя словы.

Разьмежаваньне праводзяць і клясычныя слоўнікі 1920-х, і афіцыйныя расейска-беларускія слоўнікі пасьляваеннае пары:

Оказываться, -заться чем – зьяўляцца, зьявіцца; стаць, стацца;
оказаться где – апынуцца

(Расейска-беларускі слоўнік С. Некрашэвіча і М. Байкова. 1928).

Оказаться. 1. (выясниться, обнаружиться) аказацца, выявіцца; (…) у глебе аказаўся пясок; 2. (очутиться) апынуцца; (…) апынуцца ў глухім лесе.
(Руска-беларускі слоўнік, выд. 4-е. Т. 2. 1993).

Слова аказацца ў значэньні "выявіцца папраўдзе" і слова апынуцца / апыніцца ў значэньні месца пасьлядоўна разьмяжоўвалі клясыкі, напрыклад, Купала:

"…аказаўся гэта такі шчыры беларус, якога і ў родным краі са сьвечкай пашукаць"
("Думкі з пабыцьця ў Фінляндыі на Іматры", 1910).

Пакуль апыніцца
За лесам сонца,
Як золатам льсьніцца
Дзіўна ў ваконцах.
("Нядзеля", 1906)

Слова аказацца ў беларускай мове таксама шматзначнае, але другое значэньне ў яго зусім не такое, як у расейскай: 'падаць голас, вестку; азвацца, загаварыць'. Цікавы прыклад падае Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: Вось аказаўся і гудок цягніка, у якім апынулася Марылька (Алесь Якімовіч).

***

Часам высьцерагаюцца слова пагода, хаця ў беларускай мове яно ёсьць. І значыць 'добрае надвор'е'. Іншая рэч, што нават у беларускамоўных мэтэаралягічных прагнозах амаль ніколі не пачуеш: "Сёньня пагода. Пагодны дзень". Антонім – непагадзь.

Пагода і непагадзь

Ня трэба цягнуць з расейскай канцылярыт ці штучныя тэрміны, калі маем свае жывыя словы й выразы:

пчеловод – пчаляр, пчелопитомник – пасека, домашние животные – свойская жывёла, свиноматка – мацёра.

Якуб Колас палічыў патрэбным асобна пракамэнтаваць тую "сьвінаматку":

Сама сьвіньня падвышана ў сваёй сацыяльнай клясыфікацыі, і яе далікатна называюць "сьвінаматка". І зьнімаюць зь яе фатаграфіі... Асабліва зварачаў увагу на сябе тут адзін кныр, сур'ёзны, важны, з даўжэзнымі выгнутымі ікламі. Справядлівасьць вымагае зьмяніць і яго назву кныр адпаведным "сьвінататка".

Кныр Фунцік, сымбаль Эўра-2012 ва Ўкраіне

Кампутар перамагае чалавека ў шахі, але ня ў мове

Кампутарныя праграмы перакладу спрасьцілі жыцьцё. Але перакладаць якасна ўсё ж можа толькі чалавек, бо мова – зьява жывая і не заўсёды паддаецца таблічнай сыстэматызацыі.

Як вам такая пачутая на адной радыястанцыі фраза: "Прыгонная сьцяна". У арыгінале гэта было зусім не пра бязьлітасных фэадалаў, якія запрыгонілі яшчэ і сьцяну. Гэта была "крепостная стена" – замкавы мур па-нашаму. Або:

Лопаюцца ныркі і распускаюцца клейкія аркушыкі.

Не, гэта не сцэнар фільму жахаў пра чужака-прыхадня -- касьмічную пачвару, што адкладае яйкі ў зямныя арганізмы, зь якіх потым вылазяць новыя пачвары. Гэта мэханічны перакладнік у сеціве пераклаў расейскі сказ "Лопаются почки и распускаются клейкие листочки".

***

Мэханічныя мазгі пакуль не разумеюць, што аднаму расейскаму слову могуць адпавядаць два або тры беларускія. "Почки" – беларускія ныркі і пупышкі, "лист" – беларускія ліст і аркуш, "зерно" – зерне і збожжа.

"Масло" – масла, алей і аліва (тэхнічная). Прычым масла толькі з малака, расьлінны харчовы тлушч – алей. У словазлучэньні "сьметанковае/вяршковае масла" першае слова лішняе. І плады, што растуць на аліўным дрэве, па-беларуску толькі аліўкі (дарэчы, насуперак пашыранаму меркаваньню, у расейскай літаратурнай мове "оливки" і "маслины" – сынонімы).

Таксама "любовь" – каханьне і любоў, "брак" – брак і шлюб (гэта ж трэба як у расейскай мове небясьпечна супалі гучаньнем два розныя паняцьці!)

Лук і цыбуля, сьвет і мір (адкуль праблема перакладу назвы раману Л. Талстоя "Война и миръ/міръ" – у расейскай мове да рэформы два значэньні слова перадаваліся розным напісаньнем, а таксама няправільны пераклад савецкага лёзунгу "Миру мир").

Багацьце беларускае мовы дазваляе па-рознаму перадаць значэньні расейскага слова "угол" – кут, вугал і рог. Як вучылі В. Ластоўскі й К. Дуж-Душэўскі, кут – унутраны, вугал (вугол) – вонкавы, рог – аб'ёмны.

У тэрміналёгіі дарусыфікацыйнага пэрыяду замацавалася апошняя рэкамэндацыя. У "Слоўніку матэматычнае тэрмінолёгіі" Інстытуту беларускае культуры ў Менску (1927) ва ўсіх значэньнях падаецца слова кут. Шкада, што ўжо ў 1990-я гады мне не ўдалося пераканаць матэматыкаў прадоўжыць традыцыю (у "Тэрміналагічным слоўніку па вышэйшай матэматыцы для ВНУ" 1993 году асноўным ідзе вугал, а кут – факультатыўны варыянт).

Але ў жывой мове ўсе тры словы патрэбныя. Напрыклад, рог вуліцы, які ўпамятніў Сяржук Сокалаў-Воюш у кніжцы "Азбука ня забаўка" (ізноў герой – нацыянальны татэм :-) :

Рох-рох, рох-рох,
Завярнуў парсюк за рог,
А на гэным на рагу
Прадавалася рагу.
Парсюку ж рагу ня далі,
Бо ня стаў ён у чаргу.