З матэрыялаў сьледзтва па справе падзеньня самалёта «малайзійскіх авіялініяў» рэйсу MH17, якія пратачыліся ў прэсу, вынікае, што адказнасьць за сьмерць амаль 300 чалавек на борце, нясуць прарасейскія сэпаратысты, якія выкарыстоўвалі расейскія ракетныя ўстаноўкі, пра што зь першага дня трагедыі сьцьвярджаў украінскі бок. У Расеі тым часам распаўсюджваюць ўсё больш вэрсіяў аб падзеньні гэтага самалёта, адначасова адпрэчваючы ідэю міжнароднага трыбуналу пад эгідай ААН у гэтай справе.
Міжнародная каманда сьледчых, якая вяла расьсьледаваньне справы падзеньня самалёта «малайзійскіх авіялініяў» рэйсц MH17, які рухаўся з Амстэрдама ў Куала-Лумпур роўна год таму, накіравала свае высновы зацікаўленым краінам і цяпер чакае іх камэнтароў. Высновы справаздачы, якія пратачыліся ў прэсу, не былі сэнсацыйныя: пра тое, што за зьбіцьцём самалёта стаяць прарасейскія сэпаратысты і іх прыхільнікі, паведамлялі і ўкраінскія сілавікі, якія апублікавалі запіс размоваў сэпаратыстаў з маскоўскімі куратарамі, і афіцыйныя прадстаўнікі ЗША, і НАТА, і незалежныя сьледчыя з заходніх краін, а першымі аб сваіх «посьпехах» паведамілі самі сэпаратысты .
Аднак такая вэрсія падзеяў зьяўляецца катастрафічнай для Расеі, таму стратэгія Крамля заключалася ў тым, каб схаваць сьляды, запусьціўшы цэлы шэраг розных вэрсіяў, якія адводзілі падазрэньне ад Расеі.
Спачатку расейскае Міністэрства абароны запусьціла вэрсію пра тое, што пасажырскі лайнэр нібыта зьбіў украінскі ваенны самалёт Су-25.
Не прайшло і тыдня, як у Расеі зьявілася новая вэрсія - малайзійскі самалёт зьбілі ўкраінскія вайскоўцы з устаноўкі «Бук-М1». Пры гэтым аб украінскім ваенным самалёце таксама не забыліся згадаць. Ён таксама быў галоўным героем стужкі тэлеканалу RT, вядомага раней як Russia Today, якую прапанавалі англамоўным гледачам у кастрычніку мінулага года.
Англамоўныя вэрсіі, якія адбельваюць Расею, зьяўляліся і на іншых плятформах. Былы журналіст агенцтва AP Робэрт Пэры напісаў у сваім «расьсьледаваньні», якое ён апублікаваў на сайце ConsortiumNews, што з амэрыканскіх выведвальных крыніц ён даведаўся, што малайзійскі самалёт зьбіў украінскі дэзэрцір з той жа ўстаноўкі «Бук».
Празь некалькі гадзін пасьля падзеньня самалёта ў сетцы Twitter зьявіліся паведамленьні ад асобы, якая называла сябе Карласам, і заяўляла, што працавала дыспэтчарам у Кіеве і паведамляла аб прысутнасьці двух украінскіх ваенных самалётаў у паветры ў гэты час. Ні пасольства Гішпаніі, ні ўкраінскія дыспэтчары ніколі пра ніякага Карласа ня чулі. Акаўнт Карласа ў Twitter быў заблякаваны, што аднак, не перашкодзіла расейскім СМІ спасылацца на яго і надалей.
Хапала і цалкам фантастычных вэррсіяў. Расейскі баявік Ігар Гіркін па мянушцы Стралкоў заяўляў, што самалёт быў напоўнены мёртвымі целамі яшчэ перад адлётам. А намесьнік кіраўніка расейскага парлямэнту Уладзімір Жырыноўскі ў эфіры радыё «Весьці-ФМ» заявіў, што самалёт упаў у выніку «амэрыканскай правакацыі».
Ня менш цікавай для расейскага гледача была вэрсія аб матывах зьбіваньня самалёта, згодна зь якой украінскія вайскоўцы спрабавалі зьбіць прэзыдэнцкі самалёт Уладзіміра Пуціна, якім ён вяртаўся з Бразыліі, а патрапілі ў малайзійскі, які пралятаў за сотні кілямэтраў і некалькі гадзін ад яго.
Газэта «Комсомольская правда» паведамляла пра тое, што ўкраінскія дыспэтчары наўмысна вялі малайзійскі самалёт праз зону канфлікту, каб потым абвінаваціць Расею. Паводле вэрсіі расейскай газэты, самалёт зьбіў украінскі зьнішчальнік па навядзеньні амэрыканскага шпіёнскага спадарожніка.
Сваю вэрсію падзей высунуў іранскі камэнтатар на хвалях Iran's Press TV. Джэймс Генры Фэтцэр вядомы адмаўленьнем Галякосту і іншымі тэорыямі змоваў, высунуў вэрсію, што зьбіваньне самалёта было выгадна не Расеі, а Ізраілю, бо дазволіла «зладзіць разьню ў Газе».
Фітцэр не пайшоў так далёка, каб вінаваціць Ізраіль у тым, што ён зьбіў самалёт сваёй ракетай. За яго гэта зрабілі іншыя тэарэтыкі змоваў, якія, спасылаючыся на «групу спэцыялістаў па авіяцыі» заявілі, што самалёт, «верагодна» зьбіла ізраільская ракета Пітон, запушчаная з ужо вядомага з папярэдніх вэрсіяў, але мадыфікаванага Су-25.
Your browser doesn’t support HTML5
Асобную вэрсію тэарэтыкі змоваў маюць і аб міжнародным расьсьледаваньні катастрофы малайзійскага «Боінга». Карэспандэнт з прарасейскага выданьня Global Research Эрык Зюс, які зьяўляецца, паводле яго словаў, культурным антраполягам і гісторыкам-дасьледнікам, лічыць, што «Украіна, Бэльгія, Нідэрлянды і Аўстралія, якія зьяўляюцца саюзьнікамі ЗША ў новай «халоднай вайне» супраць Расеі, дамовіліся не выдаваць інфармацыі аб палёце MH17 бяз згоды ўсіх чатырох краінаў». А гэта, на думку Зюса, «дае Кіеву права вета на любую інфармацыю, якая абвінавачвае ўкраінскіх вайскоўцаў».
Паводле матэрыялаў Robert Coalson.