Жыхары вёскі Грабава Данецкай вобласьці, на тэрыторыі якой у ліпені 2014 зваліўся малайзійскі «Боінг», самастойна ўсталявалі помнік ахвярам крушэньня.
На таблічцы, замацаванай на камені, напісана «Памяці загінулых 298 чалавек. Нявінным ахвярам грамадзянскай вайны».
Сёньня — у гадавіну трагедыі — тут адбудзецца жалобнае шэсьце, а ў мясцовай царкве адслужаць набажэнства.
Па паведамленьнях СМІ, жыхары Грабава спадзяюцца на фінансавую падтрымку ўладаў Малайзіі і Нідэрляндаў, каб усталяваць паўнавартасны помнік загінулым.
Памяць ахвяраў трагедыі ўшанавалі сёньня ў Аўстраліі і каля амбасады Нідэрляндаў у Кіеве.
17 ліпеня 2014 года ў небе над Данецкай вобласьцю быў зьбіты пасажырскі самалёт Боінг 777 малайзійскіх авіяліній, які выконваў рэйс Амстэрдам — Куала-Лумпур. Усе 298 чалавек, якія знаходзіліся на борце загінулі. 196 з іх — галяндцы.