У прэзыдэнты Беларусі ідзе нехта Заблоцкі

Дакумэнты аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэньні кандыдатам на прэзыдэнта Беларусі Сяргея Заблоцкага паступілі ў Цэнтральную выбарчую камісію поштай.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік з гэтай нагоды распавёў Свабодзе:

Мікалай Лазавік

«Гэта ўжо другі зварот спадара Заблоцкага ў ЦВК. Спачатку ён прыслаў да нас ліст у два радкі: „Прашу зарэгістраваць мяне кандыдатам на Прэзыдэнта“.

Мы паслалі яму пісьмовы адказ, дзе падрабязна патлумачылі, як праходзіць працэс рэгістрацыі, паведамілі, якія дакумэнты неабходна перадаць у Цэнтральную выбарчую камісію.

І вось прыйшоў другі ліст ад спадара Заблоцкага. Там ужо зьявіўся і сьпіс ініцыятыўнай групы. Але акрамя прозьвішчаў у сьпісе нічога няма — ні адрасу, па якім пражываюць гэтыя людзі, ні іх пашпартных дадзеных. Карацей кажучы, дакумэнты аформленыя неадпаведным чынам.

Канчатковае рашэньне ў гэтым пытаньні прыме ЦВК, але, паводле маёй асабістай думкі, падстаў для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Сяргея Заблоцкага няма».