Цэнтарвыбаркам прыме дакумэнты ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча, але шанцаў на рэгістрацыю няма, заявіў БелаПАН сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.
Плянуецца, што дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па вылучэньні кандыдатам у прэзыдэнты палітвязьня Мікалая Статкевіча будуць перададзеныя ў Цэнтарвыбаркам сёньня, 16 ліпеня.
«Па сутнасьці справы, заява — гэта як зварот грамадзян. Заяву мы абавязаны прыняць, вывучыць, разгледзець і адказаць у афіцыйным парадку па сутнасьці», — сказаў Лазавік. Таму, дадаў ён, заява аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Статкевіча «будзе прынята, як і ў астатніх асоб, якія зьвярталіся або будуць зьвяртацца з просьбай у ЦВК».
Аднак, падкрэсьліў Лазавік, зарэгістраваць групу Статкевіча не дазваляе выбарчае заканадаўства. «Ні ў воднага чалавека, які кіруецца нормамі закона, не ўзьнікае сумненьняў, што ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Статкевіча будзе адмоўлена, — мяркуе сакратар ЦВК. — Нават той, хто кіруецца нейкімі палітычнымі меркаваньнямі, разумее, што ў рэгістрацыі будзе адмоўлена. Але яму гэта трэба зрабіць, каб ажыцьцявіць гэта з пункту гледжаньня піяру асобы, ад імя якой ён выступае».
Лазавік нагадаў, што ў адпаведнасьці з арт. 60 Выбарчага кодэкса «кандыдатамі ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь ня могуць быць вылучаныя грамадзяне, якія ня маюць права ў адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь займаць пасады ў дзяржаўных органах і іншых дзяржаўных арганізацыях у сувязі з наяўнасцю судзімасьці».