Якія абрысы выбарчай кампаніі вымалёўваюцца на гэты момант? Ці магчыма спрагназаваць, колькі кандыдатаў зарэгіструюць улады? Ці адпавядаюць настроі апазыцыйнай, палітычна актыўнай публікі не ўдзельнічаць у гэтых выбарах настроям усяго беларускага грамадзтва?
На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і палітычны аглядальнік Паўлюк Быкоўскі. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.
Цыганкоў: На гэтым тыдні патэнцыйныя ўдзельнікі выбарчай кампані павінны да 17 ліпеня прынесьці ў ЦВК заявы на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў. Ці можна ўжо параўнаць, якія папярэднія прэзыдэнцкія выбары больш нагадвае гэтая кампанія?
Класкоўскі: З аднаго боку, пачатак цяперашняй кампаніі болей падобны на 2010 год. Бо ў 2006 быў адзіны кандыдат — Мілінкевіч, праўда, зьявілася і другая фігура — Аляксандра Казуліна, адбыўся разрыў пратэстнага электарату. У 2010 годзе ж быў зафіксаваны рэкорд колькасьці розных кандыдатаў. Таму чыста фармальна цяперашняя кампанія болей нагадвае сытуацыю 2010 году. Бо за апошнія дні зьявілася некалькі новых фігур, якія заявілі пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі. Але, вядома, я б сур’ёзна не разглядаў шанцы, напрыклад, аднаго прадпрымальніка, якія апублікаваў у Фэйсбуку свой зварот, і яго лайкнулі ўсяго некалькі чалавек.
Your browser doesn’t support HTML5
І нават для тройкі ўмоўных фаварытаў зь ліку апазыцыі (Калякін, Лябедзька і Караткевіч) — нават для іх камандаў сабраць па сто тысячаў подпісаў — задача на мяжы магчымасьці. І апошняе — няма лёзунгу Плошчы, які натнхяў пратэстны электарат у 2010-м годзе.
Цыганкоў: А вось гэтыя невядомыя нікому фігуры, якія за апошнія дні заявілі пра свае «прэзыдэнцкія амбіцыі» — ці гэта проста дзівакі, энтузіясты, ці гэта праект улады, каб яшчэ больш сапсаваць уражаньне пра праціўнікаў Лукашэнкі?
Класкоўскі: Калі казаць пра фігуры гэтых «нестандартных людзей», то я ня думаю, што гэта праект ўлады. Бо калі ўладзе патрэбны спарынг-партнэр, то яны зробіць стаўку на фігуру, якая мае рэсурсы і структуры, — і тут часта аглядальнікі ківаюць на Сяргея Гайдукевіча. Я ня думаю, што ўлада займаецца такімі зусім ужо экзатычнымі праектамі з удзелам «фрыкаў».
Быкоўскі: Калі казаць пра параўнаньні з мінулымі кампаніямі, то паводле слабасьці чалавечага і фінансавага рэсурсу гэтая кампанія нагадвае 2010 год. Бо тады менавіта адсутнасьць рэсурсаў у нейкага аднаго кандыдата прывяла да такой «масавасьці» прэтэндэнтаў. Што да таго, колькі чалавек збярэ подпісы, то тут сытуацыя хутчэй нагадвае 2006 год, калі сто тысяч подпісаў сабралі толькі 4 прэтэндэнты. Зараз будзе нешта падобнае, ці нават меней, бо адбылася пэўная дэградацыя тых палітычных структураў, якія займаліся зборам подпісаў.
Што да сродкаў, то кампанія будзе праходзіць на фоне дазволенага законам збору грошай. Выбарчыя фонды, у якія будуць зьбірацца ахвяраваньні, дадуць магчымасьць аплачваць траты кандыдатаў, і гэта будзе адкрытая барацьба фінансавых рэсурсаў. Я ня думаю, што камусьці ўдацца лёгка сабраць подпісы ў неспрыяльны летні пэрыяд.
Цыганкоў: Ці можна спрагназаваць, які варыянт рэгістрацыі кандыдатаў выберуць улады? Ці выгадна ім на гэтых выбарах рэгістраваць як мага больш кандыдатаў?
Класкоўскі: Вядома, 10 кандыдатаў на гэты раз ня будзе. Выбары перасунулі на нязручны для палітыкі летні пэрыяд. І гэта таксама ўскосна сьведчыць пра намер улады зрабіць сюжэт выбараў дастатковы ляпідарным, не дазволіць «разгул лібэралізму». Зь іншага боку, на зусім прымітыўны варыянт (два чалавекі ў бюлетэні) улада таксама наўрад ці пойдзе. Бо афіцыйны Менск вылузваецца са скуры, каб атрымаць нейкую болей-меней прымальную ацэнку ад Эўропы, каб быў зафіксаваны нейкі прагрэс, і каб прадоўжыўся трэнд на паляпшэньне дачыненьняў з Захадам.
Калі апазыцыя «хто ў лес, хто па дровы» — то ўлада цалкам можа мадэляваць кампанію так, як ёй зручней
На сёньня ўлада можа задаваць гэтай кампаніі любы сцэнар. І рэч ня толькі ў тым, што няроўныя сілы, але і ў тым, што апазыцыя выбрала найгоршы варыянт. Ба калі б быў адзіны кандыдат — яго цяжка было б яго зрэзаць. А калі апазыцыя «хто ў лес, хто па дровы» — то ўлада цалкам можа трымаць сытуацыю ў сваіх руках і можа мадэляваць кампанію так, як ёй зручней.
Цыганкоў: Але зарэгістраваныя апазыцыйныя кандыдаты могуць зняцца ў апошні момант....
Класкоўскі: Прапаганда пераканае электарат, што яны забаяліся, што атрымаюць 0,01% галасоў. Ды і ў міжнародных назіральнікаў ня будзе падставаў і сьведчаньняў пісаць жорсткія справаздачы.
Цыганкоў: Сярод апазыцыйнай, палітычна актыўнай публікі як ніколі папулярныя ідэі няўдзелу. Ці карэлююць яны з настроем усяго беларускага грамадзтва?
Быкоўскі: Нядаўна былі апублікаваныя апошнія дадзеныя НІСЭПД, якія паказалі, што дастаковая яўка на выбарах будзе, і для Лукашэнкі ёсьць дастаткова высокія шанцы перамагчы нават без усялякіх падтасовак. Іншае пытаньне, што ягоны рэйтынг вагаецца, але з разьвіцьцём кампаніі ён можа далей падымацца.
Што да байкоту, то калі на гэты конт няма адзінства ў грамадзтве, то гэта немагчыма. Калі няма такога стаўленьня, як было ў польскім грамадзтве да «Салідарнасьці», то байкот наладзіць немагчыма. Гэтаксама без адзінства немагчыма перамагчы альтэрнатыўнай сіле.
Але я ня бачу, каб кімсьці з кандыдатаў ставіліся мэта перамагчы на гэтых выбарах. Ставяцца нейкія дадатковыя мэты — паказаць альтэрнатыву, прадэманстраваць, што няма выбараў, і гэтак далей. Такім чынам, атрымліваецца, што для ўлады любы сцэнар паводзінаў не аб’яднанай апазыцыі аказваецца бясьпечным.