Найбуйнейшы прафсаюз Грэцыі абвяшчае агульнанацыянальны страйк

Найбуйнейшы ў Грэцыі прафсаюз дзяржслужбоўцаў з заўтрашняга дня пачынае агульнанацыянальны страйк супраць умоваў новага пагадненьня краіны з крэдыторамі.

Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні прафсаюзу, піша ўкраінскае выданьне «Эўрапейская праўда». Страйк будзе прымеркаваны да галасаваньня ў грэцкім парлямэнце за «трэці мэмарандум з крэдыторамі». Раніцай у сераду прафсаюз мяркуе наладзіць дэманстрацыі і мітынгі.

Адначасова прафсаюз заклікаў жыхароў Атэнаў сабрацца ўвечары на плошчы Сынтагма ля будынка грэцкага парлямэнту. «Не — мэмарандуму, не — мерам жорсткай эканоміі, не — прыватызацыі, не — рабаўніцкім падаткам, наперад да перамогі», — заклікае прафсаюз дзяржслужбоўцаў Грэцыі.

На саміце ЭЗ, які завяршыўся ў панядзелак раніцай, былі ўзгодненыя прынцыпы праграмы дапамогі Грэцыі. Краіны ЭЗ дадуць Атэнам фінансавую падтрымку ў абмен на правядзеньне грэцкімі ўладамі шэрагу балючых рэформаў.