Паводле Службы бясьпекі Ўкраіны (СБУ), затрыманыя маюць дачыненьне да перастрэлкі ў Мукачаве, што адбылася некалькі дзён таму.
Як напісала ў Facebook сьпікер СБУ Алена Гітлянская, два прадстаўнікі «Правага сэктару, якія былі ўзброеныя і хаваліся ад супрацоўнікаў праваахоўных органаў, былі затрыманыя ў выніку спэцыяльнай апэрацыі. Імёны затрыманых не называюцца. Адзін з камандзіраў «Правага сектару» Андрэй Стэмпіцкі напісаў у сябе ў Facebook, што «два байцы выйшлі і сьвядома здаліся СБУ». Яны зрабілі так, паводле Стэмпіцкага, «у поўнай згодзе з камандзірамі і астатнімі байцамі», каб «даць поўную інфармацыю па Закарпацьці і сволачы, якая тут панавала».
Пад Мукачавым СБУ шукае яшчэ васьмёх узброеных актывістаў «Правага сэктару», якія хаваюцца ад супрацоўнікаў сілавых структураў. Прэсавы сакратар украінскага Добраахвотніцкага корпусу «Правы сэктар» (ДУК) Андрэй Шараскін заявіў тэлеканалу «112 Украіна», што актывісты гатовыя здацца, калі ім гарантуюць бясьпеку і ўсебаковае расьсьледаваньне. Шараскін выказаў меркаваньне, што ўлада спрабуе выкарыстаць падзеі ў Мукачаве для дыскрэдытацыі «Правага сэктару», выключэньня яго з палітычнага працэсу, а таксама для зрыву працэсу легалізацыі ДУК. Па словах Шараскіна, узброенае сутыкненьне ў Мукачаве справакавалі «бандыты».
Раней у панядзелак Дзяржаўная фіскальная служба Ўкраіны адхіліла ад працы ўвесь кіроўны склад Закарпацкай мытні для правядзеньня службовай праверкі па фактах кантрабанды і карупцыі.
11 ліпеня ў Мукачаве пасьля сустрэчы прадстаўнікоў «Правага сэктару» з дэпутатам Вярхоўнай Рады Міхаілам Ланё адбылося ўзброенае сутыкненьне, у якім таксама ўдзельнічалі супрацоўнікі праваахоўных органаў. Ахвярамі перастрэлкі сталі тры чалавекі, яшчэ 11 пацярпелі. Па адной з галоўных вэрсіяў, канфлікт здарыўся з-за пераразьмеркаваньня сфэраў уплыву на рынку кантрабанднага гандлю цыгарэтамі і тытунёвай прадукцыяй.