Троіцкі касьцёл у Лыскаве быў узьведзены ў 1763-1785 гадах у стылі віленскага барока. Належаў каталіцкаму Ордэну місіянэраў, якія мелі ў Лыскаве кляштар. Пасьля здушэньня паўстаньня Кастуся Каліноўскага 1863 году касьцёл быў перададзены праваслаўнай царкве. У канцы ХІХ стагодзьдзя быў перабудаваны і набыў рысы клязыцызму.
Аб Ордэне місіянэраў у Лыскаве нагадваюць вінаградныя смаўжы
Ордэн місіянэраў у Лыскава запрасіў Ян Быхавец у 1751 годзе. Быхаўцы — адзін з старажытных шляхецкіх родаў Вялікага княства Літоўскага, якія праявілі сябе яшчэ ў Грунвальдзкай бітве. Дырэктар музэю палаца Сапегаў у Ружанах, гісторык Руслан Кніга распавядае, што прадстаўнікі гэтага роду хоць і былі каталікамі, але ў Рэчы Паспалітай выступалі найперш за інтарэсы Княства:
«У маёнтку Быхаўцаў у Магілёўцах, побач з Лыскавам, быў знойдзены вядомы летапісны звод XVI стагодзьдзя, які называюць „Хроніка Быхаўца“. У гэтай хроніцы праглядаецца гісторыя ВКЛ як выключна беларускай, літвінскай дзяржавы. Не прыбалтыйскай, не расейскай, ня польскай, а менавіта беларускай».
Руслан Кніга кажа, што Быхаўцы прыклалі шмат высілкаў для разьвіцьця Лыскава. Ордэн місіянэраў, які прыбыў сюды, меў тут сваю школу і вёў вялікую прапаведніцкую дзейнасьць.
А сямейны склеп-пахавальня некаторых прадстаўнікоў роду Быхаўцаў знаходзіўся ў Троіцкім касьцёле, які належаў місіянэрам.
Сёньня, кажа дырэктар музэю Руслан Кніга, аб манахах-місіянэрах у Лыскаве нагадваюць вінаградныя смаўжы:
«Вінаградныя смаўжы — не зусім тыповы від для нашай мясцовасьці. Іх завезьлі з Эўропы італьянскія, францускія каталіцкія ордэны. У сувязі з тым, што місіянэрам забаронена было есьці мяса, калі яны пасьцілі, то яны спрабавалі замяніць яго».
Спадар Кніга кажа, што жыхары Лыскава дагэтуль зьбіраюць смаўжоў для сталічных рэстарацыяў. Таксама ў ваколіцах касьцёлу ў спадчыну ад манахаў засталіся лістоўніца польская ды сажалкі, дзе яны гадавалі рыбу.
Як Бона Сфорца навучыла літвінаў есьці відэльцамі
У 1543 годзе мястэчка Лыскава было перададзена Боне Сфорцы — каралеве з італьянскімі каранямі.
Руслан Кніга кажа, што пэрыяд кіраваньня Боны Сфорцы важны ня толькі праведзенай ёй аграрнай рэформай. Але нават тым, што менавіта пры гэтай каралеве з Эўропы ў ВКЛ прыйшла манера есьці відэльцамі.
Калі ў 2013 годзе ў Лыскаве адчынялася кавярня, дырэктар Ружанскага музэю Сапегаў Руслан Кніга прапанаваў назваць яе «Тавэрна»:
«Справа ў тым, што пры Боне Сфорцы нашыя корчмы вельмі часта адчыняліся пад такім назовам. Каралева называла іх так, як на сваёй радзіме».
З ініцыятывы дырэктара Ружанскага музэю Руслана Кнігі «Тавэрна» ў Лыскаве аформленая ў гістарычным стылі з выявамі гербаў мясцовай шляхты. Як апавядаюць працаўнікі кавярні, многія стравы ў «Тавэрне» гатуюцца паводле мясцовых рэцэптаў з часоў Боны Сфорцы.
Ксяндза саслалі на медныя руднікі, а ў пустуючым касьцёле забаўляліся дзеці
Пэрспэктывы Троіцкага касьцёлу ў Лыскаве незайздросныя. Дах зьнялі ў савецкі час, скляпеньні абваліліся, на сьценах растуць дрэвы, унікальныя фрэскі разбураюцца.
У часе Другой усясьветнай вайны касьцёл не пацярпеў. Пасьля вайны ён ня дзейнічаў, а разбурацца пачаў у «атэістычныя» 50-я гады.
Ружанскі краязнавец Юрый Малышэўскі распавёў, што цяжкі лёс зьведаў тагачасны ксёндз Троіцкага касьцёлу:
«Пасьля вайны касьцёл зачынілі. Партыйны сход пастанавіў, што ён аварыйны. А лыскаўскі ксёндз Міхал Варанецкі быў сасланы ў Казахстан на 10 год працаў на медных рудніках. Вызвалілі яго толькі пасьля сьмерці Сталіна, 7 год адбыў у ссылцы».
Касьцёл ня дзейнічае дагэтуль. Як распавёў Руслан Кніга, у 50-я гады мінулага стагодзьдзя там бавіліся дзеці:
«Пасьля закрыцьця, як расказваюць мясцовыя жыхары, бляхай з даху касьцёлу накрылі дом старшыні мясцовага калгасу. Пазьней, у савецкія часы мясцовыя дзеці зладзілі там трэнажорную залю. Былі разрабаваныя ўсе пахаваньні манахаў, хоць некаторую частку маёмасьці ксёндз пасьпеў перавезьці ў Ружанскі касьцёл».
Насупраць лыскаўскага касьцёлу — адрэстаўраваны ў 2007 годзе будынак кляштару місіянэраў, у якім цяпер месьціцца тутэйшая лякарня. Перад касьцёлам захаваны кавалак старой брукаванкі.
Касьцёл не рэстаўруецца, затое збудавалі прыбіральню за мільярд
Лыскава — адзін зь нямногіх населеных пунктаў, празь які праходзіць нядаўна збудаваная аб’язная дарога вакол Белавескай пушчы. Менавіта ў межах стварэньня прыдарожнай інфраструктуры ў Лыскаве і была адчыненая кавярня «Тавэрна».
Таксама, у Лыскаве каля паркоўкі насупраць «Тавэрны» паставілі вялікую грамадзкую прыбіральню паводле эўрастандартаў з пральнымі машынамі, сушылкамі, душавымі кабінамі. Праўда, на момант прыезду карэспандэнта Свабоды, прыбіральня была зачыненая.
«А яна, мусіць, увесь час зачыненая. Нашто будавалі? Кажуць, мільярд убухалі. Вунь жа ў „Тавэрне“ ёсьць прыбіральня, навошта яшчэ гэтая спатрэбілася,» — рытарычна тлумачыць пэнсіянэр Васіль, якога я спыніў на вуліцы.
«За польскім часам» у Лыскаве пабудавалі царкву
Сярод іншых турыстычных аб’ектаў Лыскава — праваслаўная царква Нараджэньня Божай Маці, якая будавалася ў Лыскаве ў 1930-1933 гадах. Царква — помнік народнага драўлянага дойлідзтва ў «закапанскім» стылі.
За царквой — старыя габрэйскія могілкі, на якіх засталіся некалькі камянёў з надпісамі.
Яшчэ адна цікавостка — магіла польскага паэта Францішка Карпінскага (1741-1825) каля Троіцкага касьцёлу. Карпінскі быў адным з пачынальнікаў сэнтымэнталізму ў польскай літаратуры.
Дырэктар музэю палацавага комплексу Сапегаў у Ружанах Руслан Кніга лічыць, што Лыскава — унікальнае мястэчка, надзвычай пэрспэктыўнае для турызму:
«Тут шмат цікавых аб’ектаў. Непадалёк ад Лыскава — парэшткі замкавых валоў, курганы ХІІ стагодзьдзя. У вёсцы Барысікі, што за 200 мэтраў ад Лыскава — цікавыя каталіцкія могілкі, дзе пахаваныя сваякі Аляксандра Пушкіна (Горн), шляхцічы Валконскія, Быхаўцы, Дзяконскія. Каля Лыскава, таксама, знаходзіцца адзін з самых унікальных у Беларусі могільнік старажытнага племені яцьвягаў. Надзвычай цікавыя тут і людзі. Многія яшчэ памятаюць, што іх продкі называлі сябе літвінамі. Дарэчы, тут побач і праходзіла ўмоўная мяжа між літвінамі і палешукамі».