У 2015-м усясьветная грамадзкасьць ушаноўвае памятныя даты, зьвязаныя з заснавальнікам супрэматызму ў авангардным мастацтве Казімірам Малевічам: 100 гадоў ад першага экспанаваньня самага знакамітага ягонага твору «Чорны квадрат» і 80 гадоў з дня сьмерці мастака і філёзафа.
Ацаніць асобу майстра з пазыцыі ягонага літвінска-беларускага паходжаньня ў дасьледаваньні «Казімір Малевіч. Узыходжаньне на крыж лёсу» ўзяўся Ігар Малевіч — прафэсар, доктар фізыка-матэматычных навук, унучаты пляменьнік Казіміра Малевіча.
Ваенныя экспэрымэнты: каляровая геамэтрыя мастацтва
100 гадоў таму Казімір Малевіч літаральна скалануў мастацкую супольнасьць сэрыяй ваенных працаў. Экспэрымэнтаваць з камбінацыямі рознакаляровых геамэтрычных плоскасьцяў мастак пачаў яшчэ ў дзяцінстве — на платах капыльскіх татараў. Але майстэрства «супрэмусу» — найвышэйшага асэнсаваньня чыстай творчасьці — дасягнуў менавіта падчас салдацкай службы. Як адзначае Ігар Малевіч, непрыманьне бессэнсоўнасьці вайны шмат у чым тлумачыць шчырыя сымпатыі творцы да ідэяў рабоча-сялянскай рэвалюцыі: як і многія іншыя, ён верыў, што дыктатура пралетарыяту прынясе пазбаўленьне ад гвалту:
«Галоўнае, што я хацеў бы адзначыць: сучасны супрэматызм нарадзіўся менавіта на беларускай зямлі. Час добра вядомы — Першая ўсясьветная вайна, 1915–1917 гады. Казімір Малевіч — салдат інтэнданцкага палку недалёка ад Смаргоні, побач зь мястэчкамі Крывічы і Княгінін. Ён там кватаруе, а займаецца тым, што езьдзіць па вёсках, здабывае фураж і харчы для арміі. Узрушэньні вайны нарадзілі такое вось адлюстраваньне катастрофы, каляпсу. Супрэматызм — гэта ня проста разлажэньне прасторы, гэта рэфлексіі на тое, што рэальна адбываецца. У яго ёсьць творы мастацтва, якія называюцца „Аэраплян“, „Салдат“ і г.д., гэта якраз успрыняцьце тагачасных падзеяў. Гэта вельмі важны момант, бо вытокі супрэматызму ляжаць на беларускай зямлі і былі сфармуляваныя філёзафам Малевічам менавіта тут. Ён свае працы адпраўляў на выставы ў Маскву, Піцер, людзі былі ўзрушаныя, што чалавек з вайны дасылае такія магутныя супрэматычныя ідэі. Гэтая філязофія да сёньня застаецца шмат у чым загадкай, адназначнага яе тлумачэньня няма. Кожнаму мастацтвазнаўцу вядома: пастаўце сябе перад любым творам мастацтва, і першае ўражаньне будзе адно. Але пачніце паглыбляцца ў сутнасьць, і ўплыў жывапісу будзе зусім іншы. Дакладна такі самы эфэкт супрэматызму: узьдзеяньне супрэматычных працаў на асобу фантастычнае».
Альфа і Гота — правобразы касьмічных гарадоў
«Чорны квадрат» Казіміра Малевіча — мастацкі твор, самы цытаваны і самы крытыкаваны адначасова. Адметна, што астатнія дзьве часткі трыптыху — «Чорны круг» і «Чорны крыж» — падобнай звышувагаю ня ўлешчаныя. Дылетанты дзяжурна спасылаюцца на тое, што з дапамогай лінейкі «такое намалюе кожны дурань», знаўцы заклікаюць зазірнуць у бездань, якую хавае ў сваіх нетрах квадрат. А Ігар Малевіч да творчасьці сваяка падыходзіць у тым ліку з пазыцыі дакладных навук:
«Рэдка можна сустрэць чалавека, які б пастаяў перад „Монай Лізай“ і ня быў узрушаны, хоць гэта проста жаночы твар. Дакладна тыя самыя эмоцыі перажываюць людзі, якія стаяць перад „Чорным квадратам“. Зрэшты, ня многіх да сябе ён і падпускае. Так, ёсьць тыя, хто ніяк не ўспрымае „Чорны квадрат“, гэта зразумела. Аднак ёсьць людзі, якія захопленыя той энэргіяй, якую ён „выпрацоўвае“. І аналёгія з сучаснай касмафізыкай, з „чорнымі дзірамі“, з тэорыямі нелінейнай прасторы і нелінейнага часу, пра што Казімір Малевіч пісаў у сваім філязофскім дакладзе, насамрэч вельмі блізкая да філязофіі супрэматызму. То бок супрэматызм — гэта ня толькі нешта фармальнае і недаступнае. Па сутнасьці, усё, што навокал нас, і ёсьць супрэматызм. Вазьміце сучасны дызайн твораў мастацтва, дызайн рэклямы, дызайн керамікі, дызайн архітэктуры і г.д. — гэта ўсё элемэнты супрэматызму, фармалізаванае ўяўленьне нейкага пытаньня. Асабліва гэта тычыцца архітэктонаў — па сутнасьці, чалавек прадказаў урбанізацыю сьвету з фантастычнымі гарадамі, хмарачосамі і ўсім астатнім. Якая экспрэсія, якая гіганцкая дынаміка ўсяго, што прыдумаў Казімір!»
Згаданыя Ігарам Аляксандравічам «архітэктоны» — гэта правобразы цяперашніх мэгаполісаў ад Нью-Ёрку да Сынгапуру. На пачатку ХХ стагодзьдзя такія праекты ўспрымаліся як «гарады будучыні», хоць сам Казімір Малевіч свае хмарачосы бачыў нават па-за межамі Сонечнай сыстэмы. Альфа і Гота — увасобленыя ў пап’е-машэ вэртыкальныя і гарызантальныя забудовы простых формаў. Самы плённы пэрыяд стварэньня архітэктонаў — Віцебск 1919–1921 гадоў:
«Так, гэта віцебскі пэрыяд. Першыя накіды архітэктонаў былі зробленыя сапраўды ў Віцебску. Насамрэч Казімір Малевіч напісаў мноства артыкулаў пра тое, як людзі будуць жыць у космасе, ён прадказаў штучныя спадарожнікі, гарады-спадарожнікі; наагул казаў, што ўсіх мастакоў трэба было б зьмясьціць на лятальныя аэрастаты, каб яны зьверху паглядзелі на Зямлю. І тады кожны на ўласныя вочы ўбачыць, што наша Зямля — гэта абсалютна супрэматычная карціна. Вы ляцелі калі-небудзь на самалёце ў яснае надвор’е? Зірніце ўніз — гэта ж найчысьцейшая супрэматычная выява — і прасторавая, і часавая, і каляровая! Гэта монакарціна. Адно поле ў вас жоўтае, другое зялёнае, трэцяе чырвонае. Казімір Малевіч так нашу Зямлю бачыў ужо тады! Таму неабходна пакрысе вучыць гэтай справе, трэба, каб была ў гэтым патрэба. Асноўная сучасная праблема, як я яе разумею, — нізкі культурны ўзровень насельніцтва, які не пашыраецца, а наадварот — звужаецца, дзякуючы шмат у чым тэлебачаньню, рэкляме, сродкам масавай інфармацыі. Пашырэньне кругагляду ўрэшце павінна прывесьці да разуменьня таго, што ж гэта такое — супрэматызм».
Бэрлінская калекцыя Малевіча: крадзеж пасярод белага дня
На гэты час у Беларусі няма ніводнага матэрыяльнага сьведчаньня, пакінутага Казімірам Малевічам — ні карцін, ні архітэктонаў, ні філязофскіх развагаў. Так сталася, што мастака «абабралі» спачатку свае, а потым і чужыя. Савецкая ўлада, рэкрутаваўшы яго дзеля стварэньня новага рэвалюцыйнага мастацтва, неўзабаве ад паслугаў адмовілася: музэйшчыкі раздавалі карціны на сувэніры ці мянялі іх на «больш зразумелыя». Сапраўдным раздражняльнікам для бальшавіцкіх правадыроў стала выстава 1927 году ў бэрлінскім Баўхаўзе — Сталін асабіста адклікае Малевіча ў СССР, мастака абвінавачваюць у шпіянажы і кідаюць у турму ГПУ. Ад таго часу, удакладняе Ігар Малевіч, «безгаспадарныя» працы пачалі жыць самастойным жыцьцём, усплыўшы ўрэшце ў маёнтку Герынгаў у гарадку Біберах пад Мюнхэнам:
«Я перакананы, што ягоная калекцыя 1927 году, вывезеная ў Бэрлін, засталася ў Нямеччыне юрыдычна незаконна. Ніхто ня меў права яе прадаваць, ніхто ня меў права перадаваць яе ў іншыя краіны. Яна не была падараваная мастаком, яна не была юрыдычна аформленая. Яна там прысутнічала, і людзі проста ўзялі яе на захоўваньне. А ў пэўны пэрыяд усе гэтыя працы былі прададзеныя. То бок, уяўляеце — чалавек, які фармальна апекаваўся той калекцыяй, дорыць вялізную колькасьць твораў мастацтва маленькай муніцыпальнай радзе горада Біберах, дзе няма і пяці тысяч жыхароў. І ўжо муніцыпальная рада пачынае распараджацца ўсясьветнай спадчынай — яна яе распрадае. Вось гэта тыя юрыдычныя нюансы, якія замоўчваюцца і хаваюцца. Дакладна гэтак жа першыя працы Казіміра Малевіча былі вывезеныя ў Амэрыку, у Гугенхайм-музэй, таксама, можна сказаць, практычна нелегальным чынам. Так што лёс ягоных калекцыяў — гэта асобная размова. Ёсьць цэлыя ўнівэрсытэты, якія займаюцца гісторыяй калекцыяў усясьветнай спадчыны, мастацкіх калекцыяў — у прыватнасьці, унівэрсытэт Бэрклі ў Каліфорніі. Але і там вэрсія, якую я бачыў, за аснову ўзятая чыста маскоўская. Скажам так, вэрсія Рускага музэя ў Санкт-Пецярбургу».
Зь Бібераху карціны Малевіча і аўтарскія нататкі разьляталіся па галерэях і прыватных калекцыях па ўсім сьвеце. Самы вялікі збор твораў Малевіча на гэты час сканцэнтраваны ў амстэрдамскім музэі Стэдэлік. Значная частка асела за акіянам, шэраг знакавых працаў ёсьць у Расеі, уключна з чатырма копіямі «Чорнага квадрата», выкананымі аўтарам у розныя гады. А вось у Беларусі не знайшлося нікога, хто захаваў бы неацэнныя рарытэты для гісторыі.
Лета 1941 году стала другой паводле маштабу стратай спадчыны Казіміра Малевіча — на самым пачатку вайны нацысты арганізавалі сакрэтную апэрацыю, каб вывезьці матэрыялы зь віцебскага краязнаўчага музэю. Камуністычнае кіраўніцтва перадусім ратавала свае партыйныя справаздачы, а экспэрымэнты Малевіча і ягоных пасьлядоўнікаў былі занесеныя ў шэраг «шкодных» і ніякай цікавасьці для ўладаў не ўяўлялі. Найбольш адданыя вучні ўратавалі частку архіваў і навуковых працаў Малевіча ад вывазу на сьметнік, але ўдзячнасьць за гэта ім маглі выказаць хіба што акупанты.
Марк Шагал і Казімір Малевіч: партнэры ці праціўнікі?
У Віцебск Казімір Малевіч прыехаў з галоднай пасьлярэвалюцыйнай Масквы. Тут ён пачаў кіраваць майстэрняй «новага рэвалюцыйнага ўзору» ў Народнай мастацкай вучэльні, якую ўзначальваў Марк Шагал. Сканцэнтраваўся найперш на тэарэтычнай дзейнасьці, вянцом якой стала філязофская праца «Супрэматызм. Сьвет як беспрадметнасьць ці вечны спакой». Ствараў архітэктоны, быў натхняльнікам авангарднага мастацкага аб’яднаньня УНОВИС («Утвердители нового искусства»). І тое, кажа Ігар Малевіч, што вынікам такой кіпучай дзейнасьці стала поўная адсутнасьць любога пра гэта напаміну, — ганьба:
«Віцебская страта мае такія ж катастрафічныя памеры, як і бэрлінская. На пачатку лета 1941-га зь Віцебску прапаў практычна ўвесь архіў. Уявіце: вялізная колькасьць вучняў, вялізная колькасьць вучэбных працаў была зроблена пад кіраўніцтвам двух майстраў — Казіміра Малевіча і Марка Шагала. Гэта ўсё з гадамі назапашвалася, захоўвалася ў мясцовым краязнаўчым музэі. І ўсё зьнікла да апошняга аркуша! Абсурд, але сёньня ў Рэспубліцы Беларусь няма ніводнай паперы, падпісанай рукой Казіміра Малевіча. Нават калі абапірацца толькі на віцебскі пэрыяд, то гэта абсалютна ненармальная сытуацыя. Трэба, каб у Беларусі абавязкова зьявілася хоць нейкая частка спадчыны Малевіча, перадусім тая, якая была народжаная тут у Першую ўсясьветную вайну, тая філязофская спадчына, якая была зробленая ў Віцебску. Увесь сьвет, цэлыя філязофскія школы вывучаюць мастацкую спадчыну супрэматызму, бо гэта гіганцкі філязофскі патэнцыял, які яшчэ трэба асвойваць і асвойваць».
Дарэчы, існуе стэрэатыпнае меркаваньне, што падчас супольнай працы ў Віцебску Шагал і Малевіч ня тое што ня мелі адзін да аднаго асаблівых сантымэнтаў, а былі ледзь ня ворагамі. Ігар Малевіч называе гэта спэкуляцыямі, далёкімі ад рэальнасьці — апроч хіба таго, што двум раўнаважным талентам даводзіцца канкураваць у любым калектыве:
«Мяне такі падыход нават крыўдзіць — гэта ня вельмі разумная трактоўка ўзаемаадносінаў двух вялікіх майстроў, якіх лёс зьвёў у Віцебску. І Шагал, і Малевіч — кожны зь іх быў асобай. Зразумела, што калі такія буйныя фігуры сустракаюцца, пачынаюцца пэўныя адносіны. Шагал у Віцебску быў чалавекам дзяржаўным, ён быў ва ўсіх партыйных прадстаўніцтвах, як бы чалавек дзяржавы. А Малевіч — проста вялікі мастак. Пры гэтым адзін запрасіў другога, то бок яны аб’ядналіся дзеля таго, каб стварыць новую лінію рэвалюцыйнага мастацтва. Бо асноўная ідэя палягала якраз у тым, што новай рэвалюцыі патрэбна новае мастацтва. І яны гэтай справай пасьпяхова займаліся. У іх былі агульныя вучні, якія пераходзілі з адной школы ў другую, што для мастацкага асяродзьдзя нармальная справа. Сабралі вакол сябе вялікую групу творчых людзей, некаторыя зь якіх потым заснавалі навуковыя школы ў гонар таго ж Малевіча. Вядомы факт, які нават абмяркоўваўся падчас першай канфэрэнцыі, прысьвечанай Казіміру Малевічу ў Рускім музэі: ужо пры канцы свайго жыцьця Шагал наведаў выставу Малевіча ў Кёльне. Ён стаў перад карцінай Малевіча, зьняў чорны крыжык (ці ладанку) і павесіў на раму. Так ворагі не паступаюць, гэта былі людзі, якія глыбока адзін аднаго паважалі, яны разумелі гісторыю, якую тварылі. То бок мастацтва аднаго і мастацтва другога — гэта дзьве паралельныя лініі пачатку ХХ стагодзьдзя; гэта асобы, якія шмат у чым зьмянілі сьвет, асабліва сьвет мастацкі».
Містыфікацыя: прах майстра над Віцебскам
Сёньня карціны Казіміра Малевіча ацэньваюцца ў дзясяткі мільёнаў даляраў, але сам ён 80 гадоў таму памёр хворым жабраком — фармальна лічыўся кіраўніком «навуковай лябараторыі мастацтва» ў Рускім музэі, а насамрэч аддаваў канцы ў цеснай каморцы вартаўніка. Да канца невядома, які быў апошні шлях творцы. Існуюць сумневы адносна таго, дзе канкрэтна ён пахаваны. Нашчадкі ад розных жонак у Расеі пераконваюць, што пасьля цырымоніі разьвітаньня цела Малевіча ў незвычайнай труне (у форме крыжа) было перавезена зь Ленінграда ў Маскву, а пасьля крэмацыі — у падмаскоўную вёску Нямчынаўка (паблізу цяперашняй Рублёўкі), дзе ён нейкі час жыў у доме свайго цесьця. Ігар Малевіч заўважае, што з такой жа доляй верагоднасьці можна казаць пра ягонае пасьмяротнае вяртаньне на радзіму ў Беларусь:
«Ёсьць некалькі чалавек, якія спрабавалі знайсьці прах Казіміра Малевіча ў Нямчынаўцы. Адна з апошніх агучаных легендаў — што такі прах быў, але гэта ня цела, а нейкая скрыня з тым, што засталося ад крэмацыі. Маўляў, некалі яе знайшлі піянэры, узламалі і разьвеялі зьмесьціва навокал. Гэта адна з апошніх расейскіх вэрсіяў. На самой справе гісторыя вельмі складаная. Паводле афіцыйнай гістарыяграфіі, цела Малевіча было перавезена ў Маскву і потым ужо неяк пахавана ў Падмаскоўі. Але ўявіце сабе: 1935 год, пачатак лета, невыносная сьпёка, чатыры дні ішоў цягнік. Не магло быць гэтага ў прынцыпе. Справа ў тым, што няма нідзе ніводнага запісу, каб дзесьці ў маскоўскіх крэматорыях крэміравалася цела Малевіча. Няма і блізка такіх зьвестак. Іншымі словамі, калі нешта і было прывезена, то прах пасьля крэмацыі ў Ленінградзе. А паколькі на крэмацыі прысутнічалі і сваякі, і мастакі, якія добра ведалі Малевіча, найбольш верагодна, што гэты прах быў падзелены на некалькі частак, адна зь якіх была прывезена ў Нямчынаўку, паколькі ён там жыў. Магчыма, гэта зрабіў нехта зь сяброў, мастакоў, бо ягоная апошняя сям’я зь Нямчынаўкай, дзе жыла былая жонка Соф’я, ужо не сябравала, ніякай справы зь імі ня мела. Але гэтак жа верагодна, што частка праху была разьвеяна і на беларускай зямлі. То бок і тут містыфікацыя, ён містыфікаваў уласнае пахаваньне».
Спадчыну Казіміра Малевіча аспрэчваюць цэлыя дзяржавы, а тамтэйшыя дасьледчыкі безапэляцыйна прылічваюць яго да расейцаў, украінцаў, палякаў. І толькі Беларусь, дзе Казімір зьявіўся на сьвет і абесьсьмяроціў сябе першымі «супрэмусамі», дэманструе памяркоўнасьць на мяжы з абыякавасьцю.
У сваёй кнізе «Казімір Малевіч. Узыходжаньне на крыж лёсу» навуковец, дыплямат, пісьменьнік Ігар Малевіч акрэсьлівае парадаксальнае стаўленьне Беларусі да сваіх геніяў:
«Сьвет інтэлектуалаў разам з ААН прыдумаў сьвята — Год Казіміра Малевіча як найвялікшага мастака стагодзьдзя. Увесь сьвет прызнаў яго ўплыў на сучасную цывілізацыю. Апроч ягонай маленькай эўрапейскай радзімы, якая захоплена захоўвае старыя разваліны ўсясьветнага сацыялізму. А вялікі мастак абсалютна там непатрэбны».