Апэляцыйны суд Кіева пацьвердзіў рашэньне Пячэрскага раённага суда ўкраінскай сталіцы пра затрыманьне васьмі байцоў роты спэцыянальнага прызначэньня «Тарнада» Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны, якія абвінавачваюцца ў цяжкіх злачынствах на тэрыторыі правядзеньня Антытэрарыстычнай апэрацыі ў Луганскай вобласьці.
Прычым адзін зь іх, Барыс Гульчук быў затрыманы як грамадзянін Беларусі, які нібыта пражывае ў Берасьці. Але, як выявіла Свабода, у кватэры па ўказаным у судовым рашэньні адрасе пра такога хлопца ніхто ня ведае.
Вайсковая пракуратура Ўкраіны ў сваім пазове на арышт Барыса Гульчука ідэнтыфікавала яго як беларуса. Менавіта гэтыя дадзеныя месцяцца ў афіцыйным дакумэнце Пячэрскага раённага суду Кіеве.
«Барыс нарадзіўся ва Ўкраіне і заўсёды быў грамадзянінам Украіны. Мы ўсе з Уладзімір-Валынскага. Не разумеем, чаму пракуратура ідэнтыфікавала яго як грамадзяніна Беларусі і адкуль гэта ўсё ўзялося. Як мне вядома, сярод затрыманых байцоў „Тарнада“ няма наогул грамадзянаў Беларусі», — кажа сястра Барыса Гульчука.
Ані Пячэрскі раённы, ані Апэляцыйны суд не зьвярнулі ўвагі на недакладную інфармацыю вайсковых пракурораў. Аднак і абарона байца «Тарнада» нават не выкарыстоўвае гэтую памылку, каб вызваліць яго з-за кратаў.
«Я ня ведаю, адкуль пракуратура ўзяла зьвесткі, што Барыс Гульчук — грамадзянін Беларусі. Але факт застаецца фактам. Яшчэ магу дадаць, што сярод затрыманых ёсьць адзін баец, на якога не паказвае нават пацярпелы. Іншы затрыманы наогул пад чужым прозьвішчам, а ў дадзеных адносна яшчэ аднаго затрыманага ўказаны не ягоны адрас пражываньня. Такія ж і абвінавачаньні, высмактаныя з пальца», — сказаў адвакат затрыманых Ігар Чэразаў.
У той жа час пракурор, які прадстаўляў абвінавачаньне на судовым працэсе па разглядзе скаргі на затрыманьне, наогул адмовіўся патлумачыць недакладнасьці. Ён гатовы быў распавесьці толькі пра злачынствы, у якіх абвінавачваюцца добраахвотнікі. Адвакат у вайсковым праве Анатоль Башлоўка, які абараняе некалькіх добраахвотнікаў зь іншага батальёну «Айдар», тлумачыць такія недакладнасьці ў справе супраць «Тарнада» непрафэсіяналізмам пракурораў:
«Гэта азначае, што Галоўная вайсковая пракуратура Ўкраіны працуе непрафэсійна, пасьпешліва фармулюе абвінавачаньні і выдае жаданае за сапраўднае. Усе апошнія публічныя заявы галоўнага вайсковага пракурора Анатоля Маціяса разьлічаныя выключна на публіку. Доказаў вінаватасьці байцоў не прадстаўлена, што пацьвярджае палітычную накіраванасьць гэтай справы».