Былога прэм’ера Італіі Бэрлюсконі прысудзілі да трох гадоў турмы

Суд Нэапалю прысудзіў былога прэм’ер-міністра Італіі Сільвіё Бэрлюсконі да трох гадоў пазбаўленьня волі, прызнаўшы яго вінаватым у подкупе сэнатараў.

Суд Нэапалю прысудзіў былога прэм’ер-міністра Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі да трох гадоў пазбаўленьня волі, прызнаўшы яго вінаватым у подкупе сэнатараў у 2007 годзе дзеля зьвяржэньня ўраду на чале з прэм’ер-міністрам Рамана Продзі.

Пракуратура патрабавала прысудзіць экс-прэм’ера да пяці гадоў турэмнага зьняволеньня па гэтай справе.


Судовы працэс супраць Бэрлюсконі пачаўся ў Нэапалі ў лютым 2014 году. Паводле вэрсіі дзяржаўнага абвінавачаньня, у 2007 годзе Бэрлюсконі, які знаходзіўся ў апазыцыі, выдаткаваў некалькі мільёнаў эўра на подкуп шэрагу сэнатараў з кіруючай большасьці, якія перайшлі на яго бок. Пасьля гэтага яму ўдалося справакаваць ўрадавы крызіс, у выніку якога прэм’ер-міністар Рамана Продзі ў студзені 2008 году падаў у адстаўку.


Разам з былым прэм’ерам абвінавачаным на гэтым працэсе праходзіў італьянскі прадпрымальнік, былы выдавец газэты L’Avanti! Вальтэр Лявітола (Valter Lavitola), для якога пракуратура патрабавала чатыры гады і чатыры месяцы зьняволеньня. Паводле сьледзтва, менавіта празь яго Бэрлюсконі падкупіў вядомага сэнатара Сэрджа Дэ Грэгорыё, перадаўшы яму 3 мільёны эўра.

Згодна з італьянскім заканадаўствам, рашэньне суду першай інстанцыі, якім зьяўляецца суд Нэапалю, не падлягае неадкладнаму выкананьню і можа быць аспрэчаны ў вышэйстаячым судзе. Увесь час, пакуль будзе ісьці апэляцыйны працэс, Бэрлюсконі, які даўно прызвычаіўся да розных судовых разбораў, можа весьці звычайнае жыцьцё. Калі і ў апэляцыйным судзе яго прызнаюць вінаватым, адвакаты маюць магчымасьць апратэставаць гэтае рашэньне ў касацыйным судзе, які зьяўляецца вярхоўным органам італьянскага правасудзьдзя. На ўсе гэтыя працэсы можа пайсьці яшчэ некалькі гадоў.

Летась апэляцыйны суд Італіі апраўдаў Бэрлюсконі па так званай «справе Рубі», у рамках якой яго абвінавачвалі ў інтымнай сувязі зь непаўналетняй.