Адмова грэкаў прыняць жорсткія ўмовы крэдытораў — грошы ўзамен на рэформы — спрычынілася да зьніжэньня эўра ў адносінах да амэрыканскага даляра. Цяпер гэты паказьнік вагаецца ў межах 1,10. А ў лепшыя часы эўра быў мацнейшы за даляр больш як у 1,5 раза.
Экспэрты мяркуюць, што шмат у чым вызначальным будзе заўтрашні дзень. Насуперак абяцаньням, пасьля тыднёвага прастою грэцкія банкі сёньня так і не адчыніліся, паабяцаўшы гэта зрабіць 8 ліпеня. Чакаецца, што ва ўмовах фінансавай неакрэсьленасьці пачнецца масавы адток укладаў, што стане новай пагрозай для стабільнасьці эўра.
У апошнія дні перад рэфэрэндумам 5 ліпеня грэкі «выграбалі» з банкаў больш як па мільярду эўра штодня. Пры такой нагрузцы на фінансавую сыстэму, упэўненыя эканамісты, далейшае аслабленьне эўра непазьбежнае. Цяпер грамадзяне краіны маюць права здымаць у банкаматах па 60 эўра на суткі, і што ў банкаўскіх касах будзе ажыятаж, сумнявацца няма чаго.
Фактычны дэфолт грэцкай эканомікі пакуль мала адбіваецца на Беларусі — па выніках таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы курс рубля да эўра вагаецца ў межах арытмэтычнай хібнасьці. Як удакладняе аналітык дасьледчага праекту BIPART Уладзімер Кавалкін, большая частка дзяржаўных кантрактаў намінаваная ў далярах, таму непасрэдная залежнасьць ад стану эўрапейскай валюты не такая адчувальная. Але тая ж праграма мадэрнізацыі ад аслабленьня эўра можа толькі выйграць:
«Даволі складана пра нешта казаць ужо таму, што няма статыстыкі таваразвароту ў прывязцы да канкрэтнай валюты. Калі разглядаць наш экспарт, наш гандаль з Эўразьвязам — а гэта найперш нафта і нафтапрадукты — наколькі я ведаю, кантракты ў асноўным намінуюцца ў далярах, таму залежнасьць ад курсу эўра не наўпроставая. А вось па іншых паказьніках можа быць нават некаторая выгада. Прыкладам, калі ўзяць машыны і абсталяваньне, то бок вытворчую мадэрнізацыю, то ў нас тры асноўныя пастаўшчыкі — Кітай, Італія, Нямеччына. Адпаведна, Італія і Нямеччына патаньнеюць з пункту гледжаньня інвэстыцыяў, адкрыцьця новых вытворчасьцяў і г.д. Але, зноў жа, гэта комплекснае пытаньне, трэба аналізаваць абсалютна ўвесь таваразварот, глядзець, у якіх грашовых адзінках ён намінаваны. Прычым па кожнай краіне асобна».
Разам з тым таньнейшы эўра наўрад ці моцна ўзрадуе кіраўніцтва Беларусі. Як кажа дырэктар Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан, тавары ў эўразоне робяцца больш даступнымі для «даляравых» беларусаў, што чакана прывядзе да росту імпарту. А гэта ніяк не стасуецца з генэральнай лініяй на імпартазамяшчэньне:
«Пэўна, што ў гэтым выпадку імпарт стане таньнейшы. Але праблемы нашай краіны ня ў імпарце, а нашмат больш — у экспарце, што мы ад экспарту атрымліваем. Нам трэба неяк захаваць хоць бы ўзровень папярэдніх гадоў, каб не было адмоўнага сальда ў зьнешнім гандлі. Таму нас павінен больш клапаціць наш экспарт і, адпаведна, у пэўнай ступені скарачэньне імпарту. Праўда, апошняе будзе ў тым выпадку, калі імпартныя тавары пачнуць даражэць. Пакуль жа сытуацыя адваротная: як эўра слабее, то таньнее імпарт, значыць, ідзе адток валюты. Беларускай эканоміцы ад гэтага ня лепш, бо памеры імпарту вырастуць. Асабліва як прыватныя асобы прызвычаіліся набываць за мяжой, прывозіць сюды і прадаваць. Таму, бачыце, і мытня ўжо робіць пэўныя крокі, каб паток абмежаваць, каб было толькі для ўласнага карыстаньня, ніяк не для камэрцыі. То бок усё гэта цягне за сабой шмат пытаньняў».
Сёньня а 19-й па менскім часе ў Брусэлі адбудзецца экстраны саміт Эўразьвязу па сытуацыі ў Грэцыі. Старшыня Эўракамісіі Жан-Клод Юнкер напярэдадні сустрэчы зрабіў афіцыйную заяву, у якой заклікаў грэкаў «не падводзіць Эўразьвяз і не дапусьціць выхаду краіны з зоны эўра».
Ён падкрэсьліў, што галоўная мэта сёньняшняй сустрэчы лідэраў ЭЗ — аднавіць перамовы і даць магчымасьць ураду Грэцыі прадставіць шляхі выйсьця з крызіснай сытуацыі. Жан-Клод Юнкер таксама выказаў незадавальненьне заявамі высокапастаўленых грэцкіх чыноўнікаў, якія параўноўвалі прапановы чальцоў Эўразьвязу і крэдытораў з «тэрарызмам» — «Гэта недапушчальна, гэта ня тая Эўропа, якую мы будуем».
Бальшыня лідэраў краін Эўразьвязу стрыманыя ў ацэнцы посьпеху саміту, спасылаючыся на адсутнасьць сур’ёзных крокаў з боку Атэнаў. Так, нямецкі канцлер Ангела Меркель заявіла, што з-за незгаворлівасьці ўраду Алексіса Цыпраса няма ніякіх практычных перадумоваў для пачатку перамоваў па канкрэтнай праграме дапамогі.