«Цалкам відавочна, што мяч знаходзіцца на грэцкім баку, і грэцкі ўрад павінен растлумачыць сёньня ў Брусэлі, як ён хоча выйсьці з гэтай сытуацыі. Прэзыдэнт Эўракамісіі і Эўракамісія гатовыя зрабіць усё неабходнае, каб у разумны тэрмін дасягнуць паразуменьня», — сказаў Юнкер на сёньняшнім пасяджэньні Эўрапарлямэнту ў Страсбуры.
Сёньня ў Брусэлі мае адбыцца саміт 18 краінаў эўразоны, які будзе абмяркоўвацца вырашэньне грэцкага пытаньня пасьля рэфэрэндуму 5 ліпеня, у якім грэкі сказалі «не» ўмовам міжнародных крэдытораў адносна выплаты іх дзяржаўнага доўгу і далейшага крэдытаваньня іх краіны.
«Грэцкі народ — гэта вялікі народ, і выкідаць Грэцыю з валютнага саюзу або і з Эўразьвязу мы ня хочам і не павінны хацець. Справа стаіць менавіта так, і Эўракамісія будзе працаваць у накірунку ўзнаўленьня перамоваў з Грэцыяй», — сказаў Юнкер у Страсбуры пад авацыю эўрадэпутатаў.
Пра магчымасьць далейшых перамоваў з Грэцыяй заявілі ў Парыжы 6 ліпеня прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, якія раней выступілі ініцыятарамі правядзеньня надзвычайнага саміту эўразоны ў Брусэлі 7 ліпеня. Алянд і Мэркель заклікалі Атэны не марудзіць з распрацоўкай «сур’ёзных» прапановаў вырашэньня фінансавага крызісу краіны.
Грэцыя завінавацілася міжнародным крэдыторам на суму 323 мільярдаў эўра, што складае прыблізна 175% яе валавога ўнутранага прадукту. Краіна ня выплаціла крэдыторам 1,8 мільярда эўра, як павінна была зрабіць да поўначы 30 чэрвеня. Празь месяць Грэцыя абавязана зрабіць наступную выплату — 3,6 мільярда эўра.