Літаратурныя прэміі адбіваюць ахвоту ад крытыкі: зашмат кніг, зашмат «выдуманых істот», зашмат шуму й тлуму ў галаве. Некалькі тыдняў я глядзеў на кніжныя паліцы, як салдат на новую браму, наагул ня маючы жаданьня чытаць. Патрабавалася нейкая тэрапія, «мэтадонавая праграма», таму ў рукі ўпала вось гэтая кніга, чырвона-чорная таміна Аляксандра Лукашука «Вяртаньне нацыяналіста», якая мне здаецца знакавай для ўсяго таго цьмянага й туманнага абсягу, што называецца «беларускім нон-фікшн».
Галоўнай спружынай кнігі ёсьць супрацьстаяньне бальшавізму як ідэі. Фактычна гэта збор твораў Лукашука, бо ў адным томе суседзяць пяць ягоных кніг: «Зьдзек», «За кіпучай чэкісцкай работай», «Вяртаньне нацыяналіста», «Прыгоды АРА ў Беларусі», «Сьлед матылька». Аднак кожную з кніг працінае холад сустрэчы з бальшавіцкай машынай гвалту, зьмяняецца толькі форма арганізацыі той ці іншай кнігі, жанр, тэма. Нязьменны толькі тэмп — хуткасны, імклівы.
Звычайным «перабудоўчым» дасьледаваньнем сталінізму «Зьдзек» таксама не назавеш. Тут упершыню сутыкаесься з тэхнікай калажу, якую Лукашук бліскуча выкарыстоўвае ўсю дарогу. Тэма — кульмінацыя сталінскіх рэпрэсіяў, трыццаць сёмы і трыццаць восьмы, перш за ўсё — празь біяграфію Васіля Шаранговіча, чый век на пасадзе першага сакратара ЦК КП(б)Б быў вельмі нядоўгі. Аднак у аповед складваюцца й цытаты з побытавай хронікі тагачасных газэт, сьвежанькія «дрындушкі» Янкі Купалы, рапарты з калгасаў, рэклямныя аб’явы. Яны асьвятляюць фон прапаганды, якая ў 1930-я выдавалася за рэальнае жыцьцё грамадзян. Наадварот, рэальнасьць паўстае з архіўных дакумэнтаў, стэнаграм масавых адкрытых працэсаў, адсылкамі да сьведчаньняў нешматлікіх ацалелых сучасьнікаў. Так электрызуюцца полюсы: публічная ружовая прапаганда і таемная сталінская палітыка, скіраваная на ўблытваньне кожнага ў крывавы канвэер.
Першая кніга, «Зьдзек», яшчэ ня мае строгай тэматычнай цэласьці «Прыгодаў АРА...» і «Сьледу матылька». Напісаныя нарысы апавядаюць пра некалькіх асобаў: Шаранговіча, Чарвякова, Галадзеда, Убарэвіча; адлюстроўваюць палітыку гвалтоўнай калектывізацыі і мэтад выкананьня пяцігадовых плянаў у вёсцы; стыкуюць беларускую і расейскую гісторыю 1930-х. Аднак усе гэтыя элемэнты складаюцца ўрэшце ў пазл, і гісторыя сталінізму, звышактуальная ў час перабудовы, калі пішацца кніга, набывае беларускае гучаньне — пры тым, што далёка ня ўсе архівы яшчэ можна свабодна выкарыстоўваць і нават ня ўсе беларускія кнігі можна вольна чытаць. Гэты спэцыфічна беларускі ракурс ледзь не ўпершыню выходзіць на паверхню, бо ў тым самым «Архіпэлягу ГУЛАГ» Салжаніцына пра беларусаў гаворыцца глуха-глуха, фактычна там усяго некалькі згадак, у асноўным пра рэпрэсаваных з Заходняй Беларусі і пасьляваенных лясных братоў. Відавочна, і аўтар «Зьдзеку» чытаў тады Салжаніцына. Мне бачыцца гэта ў падабенстве мэтаду: расейскі пісьменьнік таксама любіў, апісваючы тую ці іншую сытуацыю, даводзіць яе да парадоксу й абсурду, рымуючы турэмны, сьледчы ці то лягерны досьвед з агіткамі савецкай прапаганды. Бадай, толькі такая іронія можа засьцерагчы дасьледчыка, які возьмецца аналізаваць 1930-я. Безь яе, як мінімум, страчваеш веру ў чалавецтва, а то й душэўна-разумовую раўнавагу ад сузіраньня беспрэцэдэнтнага «канібалізму» таго часу.
Кніга «За кіпучай чэкісцкай работай» якраз набліжаецца ўсутыч да гэтай чалавеказабойчай справы, што разгарнулася напоўніцу ў 1930-я гады й сьцішылася толькі пасьля сьмерці тырана ў 1953-м. Гэтая кніжка цалкам заснаваная на архіўных сьведчаньнях, якія ў часе пісаньня «Зьдзеку» аўтару відавочна былі маладаступныя. Напрыканцы савецкай эпохі і пасьля абвяшчэньня сувэрэнітэту й нават забароны дзейнасьці кампартыі архівы «нашага стырнавога» сталі адкрывацца для дасьледчыкаў. Знакаміты цяпер фонд 4п Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь, закратаваны калісь у Інстытуце гісторыі партыі, стаў даваць шмат інфармацыі гісторыкам, аднак журналісты карысталіся ім, як цяпер выглядае, недастаткова ўвішна. Прынамсі, кніг, угрунтаваных на партыйным фондзе, якія маглі б закласьці фундамэнт беларускага нон-фікшн, выходзіла няшмат. Згадаць можна хіба некалькі манаграфіяў і зборнікаў артыкулаў Расьціслава Платонава й Уладзімера Міхнюка, малатыражных і афіцыйна-дзелавых паводле стылю; астатняе, у тым ліку публіцыстычныя й архівазнаўчыя працы Віталя Скалабана і іншых гісторыкаў, было толькі публікацыямі і доўгі час не ўкладалася аўтарамі ў кнігі. «За кіпучай чэкісцкай работай» напісана якраз на вяршыні хвалі выкрыцьця сталінскіх злачынстваў, аднак у гэтай неверагоднай насычанасьці фактамі мне сёньня чуецца і пэўная асьцярога аўтара, каб тая хваля ня зьнікла й каб сьвежа рассакрэчаныя фонды ня выправіліся ў адваротны шлях. Як цяпер вядома, гэты момант чаканьня «контррэфармацыі» ня быў беспадстаўны: з архівамі КДБ так усё й адбылося, доступ быў адкрыты на нейкі год-паўтара — але кампартыю вырашылі пакінуць гісторыкам. Настойлівая думка Лукашука пра публікацыю імёнаў катаў, пра адкрытую дэкамунізацыю засталася вісець у паветры і, відаць, вісець ёй там яшчэ доўга. Бо нават ва Ўкраіне, пасьля прыняцьця Вярхоўнай Радай у 1991 годзе закону «Пра перадачу архіўных дакумэнтаў КДБ у дзяржаўныя архівы» і асабліва пасьля дэкамунізацыйных законаў прэзыдэнта Пятра Парашэнкі, прынятых сёлета ў красавіку, дагэтуль «зацікаўленыя асобы» працягваюць валаводзіць валаводы і доўжаць бясконцыя дыскусіі па юрыдычных пытаньнях. І гэта нягледзячы на тое, што стваральнікі «ДНР» і «ЛНР», як кажуць экспэрты, перш-наперш вывезьлі ва ўсходнім кірунку архівы спэцслужбаў, у тым ліку справы па ўкраінскім нацыяналістычным супраціве.
Тым ня менш, прэцэдэнт быў створаны, імёны катаў названыя, зьвернутая ўвага на Галоўліт. Публікацыі Лукашука (не вычарпальныя, канечне), зьдзейсьненыя напрыканцы 1980-х — пачатку 1990-х, падавалі вэктары пошукаў, і таму ня дзіва, што ў 2007 годзе зьявіўся даведнік Леаніда Маракова «Ахвяры і каты», а ў 2012-м кніга Аляксандра Гужалоўскага «Чырвоны аловак. Нарысы па гісторыі цэнзуры ў БССР». Прынамсі, мне тут бачыцца наўпроставая сувязь. Хіба толькі гісторыкі літаратуразнаўства, прачытаўшы разьдзел «Дырэктар літаратуры» пра Васіля Барысенку (Барысёнка), яшчэ не зрабілі належных высноваў пра жыцьцядайнасьць тэмы «гуманітарыяў на службе». Аднак жа і ў плянавую тэму такое ня ўключыш...
Зусім іншая, хоць і выйшла ў адзін год з «...чэкісцкай работай», кніга пра Янку Філістовіча. Спроба выйсьці за межы журналістыкі ў мастацкую літаратуру. Дакладней — у драматургію. Зразумела, маючы досьвед дзьвюх кніг нарысаў, можна было б лёгка зрабіць чыста біяграфічную кніжку пра Філістовіча, дый матэрыял увесь (даступны) быў на руках. Аднак штосьці аўтара ў гэтым жанры відавочна не задавальняла. Што менавіта? Савецкі канон? Патас? Непазьбежная ідэалізацыя і міталягізацыя? Так ці інакш, пакінуўшы чыстыя цытаты з артыкулаў, лістоў, матэрыялаў сьледчай справы, пры мінімуме рэдактуры тэксту ўдалося скласьці цэльную біяграфію Філістовіча ад пачатку й да трагічнага канца. Няхай нават аўтарскі голас быў заглушаны голасам героя.
Нібыта рэакцыя на папярэднюю кнігу — «Прыгоды АРА ў Беларусі». Фактычна гэта манаграфія на PhD, якая вычэрпвае пастаўленую тэму, акумулюючы і амэрыканскія і беларускія архівы, улучна з згадкамі ў пэрыёдыцы Амэрыканскай арганізацыі дапамогі. Тэма звужаная, і так падаецца, што вельмі дробная й прыватная. Я ўпершыню зазірнуў у гэтую кніжку, калі камэнтаваў фэльетон Лявона Савёнка «Васеньнія настроі», дзе герой згадвае, што ў 1921 годзе «холадна ў шынялі, а бацінкі араўскія, трасца ім у бок, ня любяць нашага клімату». Аднак адкрылася мне, што гаворка ў кнізе ідзе далёка ня толькі пра АРА, а хутчэй узнаўляе жыцьцё беларускіх гарадоў — Менску, Віцебску, Гомелю — у 1921-1922 гадах. Тут ёсьць найкаштоўнейшыя, падрабязныя карцінкі тагачаснага гарадзкога побыту, стану дзіцячых прытулкаў, шпіталяў, бежанскіх лягераў; усе дэталі былі зафіксаваныя дбайнымі інспэктарамі АРА, некаторых зь якіх, у прыватнасьці Кацярыну Румянцаву, потым судзілі якраз за гэтыя справаздачы для амэрыканцаў. Іронія лёсу, але пракурорам у Румянцавай быў маладзенькі Васіль Шаранговіч — пазьнейшы сакратар ЦК і герой першай кнігі Аляксандра Лукашука. У «Прыгодах АРА...» савецкія мэтады толькі фармуюцца, набіраюць моцы ад загаду да загаду. Першапачатковая хаатычнасьць толькі і дазволіла амэрыканцам працаваць на савецкай тэрыторыі. Праз колькі гадоў такія стасункі былі ўжо немажлівыя. І менавіта празь ліставаньне амэрыканскіх супрацоўнікаў з савецкімі ўрадоўцамі раскрываецца, як крок за крокам свабоды ў дзеяньнях меншала. Аўтар «Прыгодаў АРА...» у асноўным строга прытрымліваецца храналёгіі, адступаючы ад яе толькі тады, калі гэта супярэчыць кампазыцыі асобнага разьдзелу ці кнігі ў цэлым. Падобная зладжанасьць кнігі мне бачыцца асноўнай праявай нон-фікшн — дакладней, заходняга ўзору нон-фікшн, які прышчапляецца ў Беларусі збольшага намаганьнямі аўтараў «Бібліятэкі Свабоды». Папулярная гісторыя. Вузкая тэма, якая тым ня менш выходзіць на больш унівэрсальныя катэгорыі. Мінімум афіцыйна-справавога стылю і лірычных адступаў. Максымум факталёгіі, яркай і пераканаўчай.
«Сьлед матылька. Освальд у Менску» працягвае «амэрыканскую» тэму і закладзеную ў «Прыгодах АРА...» кампазыцыю. Гэта больш лірычная кніга (таксама — рэакцыя на навуковасьць папярэдняй?). Тут прэвалююць здагадкі, пытаньні, інтуітыўныя празарэньні, хоць грунтуецца аўтар на базавых дакумэнтах Камісіі Ўорэна, найважнейшых манаграфіях пра Освальда, у першую чаргу — на кнізе Нормана Мэйлера. Аднак асноўным героем кнігі мне чамусьці бачыцца Менск. Кароткі побыт Освальда ў Беларусі абумовіў стрэл 1963 году — бадай, такую гіпотэзу высоўвае аўтар «Сьледу матылька». Менск — гэта і КДБ, і дзяўчаты, крамы, танцпляцоўкі, кавярні, размовы ў кампаніі і тэт-а-тэт з жонкай. Штосьці, што разьвярэдзіла псыхалягічную траўму Освальда. На што спадзяваўся Освальд, калі вырашыў застацца ў СССР? Магчыма, што камуністычная імпэрыя вылекуе яго. Выйшла ж зусім наадварот, і «Сьлед матылька» — гісторыя паразы й расчараваньня Освальда ў дзясятках аскепкаў, захаваных збольшага той самай Сыстэмай і надзейна схаваных у сэйфах КДБ РБ. Гэта, бадай што, постмадэрністычная кніга — з даўно вядомых дакумэнтаў, з кнігі Мэйлера аўтар выцягвае экстракт — «менскі тэкст», вобраз гораду пачатку 1960-х, калі для беларускай сталіцы ўсё зноў пачыналася, а для будучага забойцы Кенэдзі амаль нячутна гучалі заключныя акорды.
Ледзь ня кожны дзень ежджу я дарогай Менск-Маладэчна і недзе паміж Лашанамі й Шчарбінамі мільгае штораз з высокага пагорку шэры вусаты профіль. Ён павернуты да шашы ў тры чвэрці: «бацька народаў» сочыць за аўтамабільным рухам, пакуль што назірае паблажліва й ня ўмешваецца, як быццам зьбірае інфармацыю. І кожны раз падыходзіць да горла даўкі камяк: няўжо ж не зразумела, няўжо ж мала вядома, хіба вам бракуе фактаў? Лінія Сталіна мусіць быць разбураная, і вось такія кнігі, як «Вяртаньне нацыяналіста», на максымуме дакумэнтаў і эмоцыяў напісаныя, некалі пакладуцца ў нашы, беларускія законы пра дэкамунізацыю.
Так будзе.