Новы твор сусьветна вядомага мастака ўяўляе сабою інсталяцыю ў форме вежы з дошак, вышынёй сем мэтраў і шырынёй дзевяць. Дошкі зьверху памаляваныя сіняй фарбай. Інсталяцыя мае назву «Modry» (Сіні).
Лявон Тарасэвіч кажа, што сваім творам хацеў паказаць, што магчыма пераломваць рэгіянальныя стэрэатыпы.
«Стэрэатып такі, што Сьлёнск — гэта вугаль, шахты, гарнякі. Гэта так, як бы зьвесьці ўсю Беласточчыну да бульбы. Я хацеў зрабіць нешта, што павярнула б мысьленьне пра Сьлёнск у іншы бок, дазволіла б дакрануцца да ўнівэрсальнага. І пад зямлёю можна знайсьці кавалак блакіту», — цытуе Тарасэвіча Gazeta Wyborcza.
Лявон Тарасэвіч, народжаны ў 1957 годзе ў Валілах каля Гарадка на Беласточчыне, належыць да найбольш вядомых мастакоў у Польшчы. Зьяўляецца прафэсарам Акадэміі мастацтваў у Варшаве. Падкрэсьлівае сваё беларускае паходжаньне і бярэ актыўны ўдзел у жыцьці беларускай меншасьці ў Польшчы. Адзін з заснавальнікаў штогадовага беларускага фэстывалю «Басовішча». Жыве ў Валілах, дзе гадуе дэкаратыўных курэй, галубоў і фазанаў.