Апрацаваныя каля 50 адсоткаў пратаколаў з участкаў для галасаваньня
Папярэднія вынікі рэфэрэндуму, які прайшоў у нядзелю ў Грэцыі, паказваюць, што 61 працэнт яго ўдзельнікаў выказаліся супраць прапанаваных ЭЗ і МВФ умоваў крэдытаваньня краіны.
Адпаведна 39 адсоткаў згодныя на далейшыя антыкрызісныя захады — у абмен на міжнародную фінансавую дапамогу. Такія дадзеныя прыводзіць міністэрства ўнутраных справаў Грэцыі. Апрацавана каля 50 працэнтаў бюлетэняў.
Тысячы жыхароў Афінаў сабраліся вечарам на цэнтральнай плошчы Сынтагма, вітаючы вынікі плебісцыту.
Кіроўная ў краіне леварадыкальная партыя «СІРЫЗА» агітавала за тое, каб грэкі сказалі крэдыторам «не», называючы высунутыя краіне патрабаваньні «зьневажальнымі».
Цяперашнія кіраўнікі Грэцыі мяркуюць, што адмоўны адказ дасьць магчымасьць дамагацца лепшых для Афінаў умоваў на будучых перамовах.
3 ліпеня Эўрапейскі фонд фінансавай стабільнасьці канстатаваў дэфолт Афінаў па абавязальніцтвах перад ім, а 1 ліпеня Грэцыя стала першай краінай, якая апынулася ў стане дэфолту па адносінах да МВФ. Выказваюцца здагадкі аб магчымым выхадзе краіны з эўразоны ў выпадку адсутнасьці пагадненьня з крэдыторамі.