5 ліпеня ў сталіцы Фінляндыі горадзе Хэльсынкі распачалася штогадовая сэсія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ (Арганізацыі па бясьпецы і супрацы ў Эўропе). Беларусь на сэсіі прадстаўляе намесьнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Віктар Гумінскі.
Вядома, што ў праекце рэзалюцыі камітэту па палітычных пытаньнях і бясьпецы асуджаецца парушэньне замірэньня ва Ўкраіне і ўтрымліваецца заклік да Расеі «выкарыстоўваць увесь свой уплыў на незаконныя сэпаратысцкія рухі ва Ўкраіне, каб забясьпечыць выкананьне ўсіх абавязальніцтваў менскіх пагадненьняў», паведамляе БелаПАН
Акрамя таго, у праекце рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік да Расеі «адмяніць анэксію Аўтаномнай Рэспублікі Крым і горада Сэвастопаль ва Ўкраіне», а таксама адзначаецца неабходнасьць выкананьня прынцыпаў непарушнасьці межаў і тэрытарыяльнай цэласнасьці, мірнага ўрэгуляваньня спрэчак, роўнасьці правоў і самавызначэньня народаў.
Якую пазыцыю адносна ўкраінскіх падзей зойме дэлегацыя Баларусі?
«Мы будзем прытрымлівацца фарватара нашай агульнай пазыцыі па гэтым пытаньні. Мы за гэтае пытаньне не галасавалі ані ў ААН, ані на саміце Ўсходняга партнэрства. Мы заявілі, што ня можам за гэты пункт галасаваць, таму наша пазыцыя будзе адпаведнай», — казаў 26 чэрвеня Віктар Гумінскі беларускім журналістам.
У той жа час беларуская дэлегацыя мае намер падтрымаць той пункт рэзалюцыі, дзе ўтрымліваецца заклік да ўсіх бакоў украінскага канфлікту выконваць менскія дамоўленасьці, адзначае БелаПАН.
«Мы ня проста будзем падтрымліваць менскія пагадненьні, — падкрэсьліў Віктар Гумінскі. — Мы агучым нашую пазыцыю, каб гэта 24-я сэсія не аддаляла нас адзін ад аднаго, першым чынам Расію і Украіну, а перадусім, каб зрабіць захады па збліжэньні, каб працаваць у кірунку выкананьня менскіх дамоўленасьцяў, каб парлямэнтары сталі таксама асновай, як і палітыкі, для выкананьня абавязальніцтваў па менскіх пагадненьнях.