У Гомелі гэтага мужчыну з надпісам на белай альбо чорнай майцы «За Беларусь без Лукашэнкі» ведаюць многія. Нават незнаёмцы часьцяком вітаюцца зь ім, а праежджыя кіроўцы падаюць сыгналы. Навічкі зь міліцыі, бывае, адвозяць яго ў пастарунак, каб потым выбачацца, пакуль іхняе начальства адпісваецца на запыты ды заўвагі.
62-гадовы Ўладзімер Няпомняшчых — грамадзкі актывіст, прадпрымальнік, кіраўнік гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Нарадзіўся ў Магілёве, маці — з Быхаўскага раёну, бацька — з расейскага Алтаю. Сябе Ўладзімер лічыць цяпер беларусам, хаця раней у пашпарце пазначаўся «рускім».
Працоўная біяграфія яго пачыналася токарам на магілёўскім заводзе «Строммашына». Служыў у спэцназе паветрана-дэсантных войскаў у былой ГДР. Скончыў у Магілёве школу транспартнай міліцыі, а пасьля завочна Акадэмію МУС СССР. Працаваў у Гомелі ў транспартнай міліцыі, у тым ліку ў аддзеле барацьбы з эканамічнымі злачынствамі. Мае статус пэнсіянэра МУС Беларусі.
— Уладзімер, што прымусіла вас замест колішняй формэннай кашулі з пагонамі афіцэра міліцыі надзець майку з надпісам «За Беларусь без Лукашэнкі» ?
— Майку сваю «За Беларусь без Лукашэнкі» , а на сьпіне «Хопіць, дастаў» я нашу ўжо гады чатыры. Па вялікім рахунку, мяне Лукашэнка сапраўды «дастаў»: эканоміка прыходзіць у заняпад, законы парушаюцца. Куды ні зьвярніся, праўды дабіцца немагчыма. На маёй майцы няма нічога крамольнага, аніякіх заклікаў — ні да гвалту, ні да варажнечы. Няма ніякіх абразаў. Аднак ня ўсім яна даспадобы. Днямі мяне затрымалі супрацоўнікі Дэпартамэнту аховы Цэнтральнага раёну Музычэнка і Ярошык. Кажуць: «Майка забароненая!» Пытаюся: «А дзе гэта напісана?» У адказ яны пыкалі-мыкалі — і нічога канкрэтнага. На майцы ў мяне напісана толькі тое, што я думаю. Гэта мае думкі ў дачыненьні да нашай рэчаіснасьці. Каму не падабаецца, зрабіце сваю, напішыце: «Я люблю Лукашэнку». Дарэчы, абыдзецца гэта ня надта дорага — 300-400 тысяч, няхай — 500. Гэта ж, спадзяюся, ня шмат грошай для чалавека ў нашай стабільнай і квітнеючай Беларусі. А хутка наагул будзе рай, бо падрастае Мікалай.
— Ну, добра, але чаму менавіта на майцы трэба адлюстроўваць свае меркаваньні?
— Вельмі проста: больш я не магу нідзе выказацца. Майка — мая публічная трыбуна. Пікетаў і мітынгаў у горадзе не дазваляюць ужо зь дзясятак гадоў. Ні ў газэце, ні на тэлебачаньні пра гэта нельга сказаць. Нават калі я балятаваўся кандыдатам у дэпутаты парлямэнту і рабілі відэазапіс, частку надпісу затушавалі, пакінулі толькі «За Беларусь...». Даводзіцца быць вынаходлівым.
Зрэшты, зямляк наш Юры Рубцоў яшчэ мудрэй паступіў, наколку зрабіў: «Лукашэнка, сыходзь». Да наколак я не дайшоў. Але ня ведаю, магчыма, яшчэ й давядзецца зрабіць.
— Напісаць вы напісалі, а як бачыцца вам увасабленьне надпісу ў жыцьцё? І ці варта наагул рабіць нейкія высілкі ў гэтым накірунку?
— Хацелася б, каб былі сумленныя й справядлівыя выбары, была нармальная ратацыя кадраў, зьмена ўлады — усё каб ішло на законных падставах. Каб не мянялася пад сябе, любага, Канстытуцыя. Наша ўлада цяпер усё робіць дзеля таго, каб нарастала абурэньне, і каб народ нідзе ня мог выказацца. А што бывае з катлом, які закіпае і ня мае сыстэты адтоку пары, тлумачыць ня трэба.
А калі чалавек сядзіць дваццаць гадоў і за ўладу ўсялякім чынам трымаецца, то ні да чаго добрага гэта ўрэшце не прыводзіць.
Зь іншага боку, калі правіцель прыходзіць на акрэсьлены тэрмін, то ведае, што трэба будаваць дзяржаву, клапаціцца пра дабрабыт грамадзянаў, бо тэрмін міне хутка. А на другі тэрмін ня выберуць. А калі чалавек сядзіць дваццаць гадоў і за ўладу ўсялякім чынам трымаецца, то ні да чаго добрага гэта ўрэшце не прыводзіць.
Паглядзіце, што робіцца зараз на тых жа гомельскіх прадпрыемствах. Людзей пераводзяць на чатырох- і нават трохдзённую працу ў тыдзень, заробкі падаюць, многіх скарачаюць.
Нядаўна іду каля ўнівэрмагу, стаіць дзіця гадоў 10-12, іграе на скрыпачцы, просіць грошы. Гэта ганьба для дзяржавы, ганьба гэтай уладзе.
У абвешчаных выбарах наагул нельга ўдзельнічаць да канца без умоваў — гэта як гуляць з шарлатанамі ў напарсткі.
— Дык аб’яўленыя ж выбары. У вас ёсьць гарадзкая арганізацыя АГП, у некаторых і таго болей — цэлыя палітычныя партыі. Чаму б не пераканаць выбарнікаў, не прапанаваць ім свае варыянты разьвіцьця дзяржавы, эканомікі, грамадзтва — тут вам і ратацыя, і зьмены?
— У абвешчаных выбарах наагул нельга ўдзельнічаць да канца без умоваў — гэта як гуляць з шарлатанамі ў напарсткі. Тут мая пазыцыя стасуецца з кіраўніцтвам АГП. Трэба абавязкова зьбіраць подпісы, бо гэта агітацыя.
У маім выпадку — за лідэра нашай партыі Анатоля Лябедзьку, а таксама за палітычнага вязьня, экс-кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча, які цяпер знаходзіцца ў турме. Пасьля рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты можна будзе выступіць па радыё і тэлебачаньні. Пры гэтым АГП выстаўляе і абавязковыя ўмовы, у тым ліку ўключэньне ў выбарчыя камісіі сваіх прадстаўнікоў, а таксама вызваленьне палітвязьняў з турмаў. Ня будзе гэта зроблена — амаральна далей удзельнічаць у выбарах. І суседзям сваім буду раіць ня ўдзельнічаць. Можна ісьці толькі назіральнікам на так званыя выбары.
Досьвед назіраньня я маю. Сядзіш, лічыш колькасьць выбарнікаў, што апускаюць бюлетэні ў скрыні. Прыходзіць сто, камісіі пішуць трыста, прыходзіць дзьвесьце, пішуць пяцьсот ці яшчэ колькі. І нічога нельга нікому даказаць. А скажаш камісіі, дык яны з дапамогай міліцыянта выдаляюць цябе з участку.
— У такім разе, якая вашая ацэнка дзейнасьці міліцыянтаў у цяперашніх варунках?
— Міліцыя ўвесь час знаходзіцца ў «позе» і гатова выканаць каманду. Гэта факт. Я ведаю многіх міліцыянтаў — цудоўныя ў большасьці сваёй людзі. Але калі паступае каманда, яны нібы чмурэюць. Раю: калі даюць незаконную каманду, запатрабуйце, каб яна была ў пісьмовым выглядзе. Навучыцеся сказаць «не», калі гэта незаконна. Упэўнены, ніводнага не пакараюць, не расстраляюць, ня звольняць. Жывы прыклад. Пару гадоў таму мяне затрымлівалі за расклейку ўлётак. Трое супрацоўнікаў адмовіліся лжэсьведчыць, што я нібыта мацюкаўся — і нічога зь імі ня здарылася, нармальна прасоўваліся па службе. І толькі маёр сьвядома казаў няпраўду. Пры судзьдзі я яму прапанаваў: «Дай слова афіцэра», дык ён то бялеў, то чырванеў, пот зь яго пакаціўся, але слова ня даў. Відаць, лічыў сябе афіцэрам, хаця я так і ня думаю.
— Вяртаючыся да вашай майкі з надпісам, ці адносіце вы гэта на новага віду пратэстаў? І дзе вы чэрпаеце ідэі для сваіх ініцыятываў. Раней, наколькі памятаецца, была інфармацыя, што вы запісваліся ў войска тэрытарыяльнай абароны — згодны былі нават ісьці шарагоўцам?
— Я сапраўды лічу, што майкі з надпісамі — гэта новы падыход да змаганьня. Іншага амаль нічога не засталося. Але звычайныя людзі, прадстаўнікі апазыцыі не карыстаюцца гэтым, бо, шчыра кажучы, гэта ня надта танная прыемнасьць. Хаця ў судзе над Юрыем Рубцовым некалькі чалавек былі ў падобных майках. Гэта факт. Людзі, відаць, прачынаюцца, мяркуюць, што трэба нешта рабіць — улады няма чаго баяцца.
Што да сваіх ініцыятываў, то я бяру іх з выступаў Аляксандра Лукашэнкі. Калі ён, напрыклад, сфармаваў генэралітэт з чыноўнікаў, заклікаў прадпрымальнікаў уступаць у тэрытарыяльныя войскі, я ўзяў ды напісаў заяву ў аблвыканкам, каб і мяне залічылі ў такія войскі. Прасіў снайпэрскую вінтоўку, а яшчэ лепш, каб гранатамёт. Не далі. Атрымаў толькі падзяку ад аблвыканкаму ў паведамленьнем аб тым, што тэрмін майго прызыву ў войска скончыўся. Я ў гэтай сувязі прыгадаў нашага знакамітага дзеда Талаша, які зь віламі змагаўся. І мы будзем, каб не дапусьціць у нашу Беларусь ніякую «пятую калёну», ніякіх «казлоў» ды іншых нячысьцікаў.