3 ліпеня ў Магілёве: беларускія вышыванкі і бел-чырвона-белыя сувэніры

Маладая пара з Магілёва у вышыванках: «Беларусы не павінны саромецца быць самімі сабой».

У Магілёве адбылося сьвята нацыянальнай культуры. У праграме урачыстасьцяў, прымеркаваных да афіцыйнага Дня незалежнасьці, яно мела назву «Беларусь жыцьця майго крыніца».

Месцамі для сьвята абралі Камсамольскі сквэр і пешаходную вуліцу Ленінскую. Былі тут і беларускія нацыянальныя строі, і сувэніры ў бел-чырвона-белых колерах.

На сьвята прыйшло нямала народу. Багата хто прывёў з сабою дзяцей. На падыходзе да сквэру пытаю ў мінакоў «Якім яны б хацелі бачыць сьвята нацыянальнай культуры».

«Мы б хацелі чуць болей беларускай мовы. А ў нас так атрымліваецца, што пераважае расейская мова. Мы мала чуем беларушчыны», адказвае на пытаньне сямейная пара сталага веку. Жанчына ў блузцы зь беларускай вышыванкай. Кабета кажа, што апранае яе на важныя ўрачыстасьці.

«Такія, на жаль, мы і ёсьць цяпер беларусы, — працягваюць суразмоўцы. — Выракліся сваёй мовы, культуры ды й зьмянілася і мэнтальнасьць у пэўнай ступені. Можа ня ўсе выракліся, але не даюць Беларушчыне разьвіцца».

У беларускім роўныя ўсе.

Чым не Пагоня?

«Павінны прапагандавацца на такіх сьвятах нацыянальныя традыцыі, — кажа наступная суразмоўніца. На думку дзяўчыны, удзельнікі і наведнікі такога сьвята мусяць апранацца ў нацыянальныя строі. «Беларуская мова павінна гучаць, — зазначае яна, — каб чулі людзі яе. Песьні на беларускай мове павінны быць».

У самім сквэры беларускага было няшмат. Тутэйшае паветра было насычана дымам з мангалаў, на якіх гатавалі шашлыкі. Тут прадавалі сувэніры, салодкія ласункі для дзяцей, выпіўку ды закуску для дарослых.

Паветра насычанае дымам ад мангалаў, на якіх гатуюць шашлыкі.

Акрамя шашлыкоў нацыянальнымі стравамі прэтэндуюць стаць і сушы.

Беларускія песьні гучалі на пешаходнай вуліцы Ленінскай. Музыкі зьбіралі ля сябе немалыя грамады мінакоў. Некаторыя з іх наважваліся на танцы. Тут жа прадаваліся і беларускія сувэніры. Нямала рамесьнікаў апрануліся ў нацыянальныя строі.

Музыкі

Беларускія сувэніры.

«Вышыванка — гэта сымбаль Беларусі. Гэта наш гонар, — зазначае адзін з рамесьнікаў.

«Вышыванка да нас прыйшла здавён. Да жалю мы крыху ў свой час не туды пайшлі. І пакрысе сталі забыць наша старадаўняе. Нашы звычаі і абрады. Але нягледзячы ні нашто гэта ўсё будзе вяртацца да нас», падсумоўвае суразмоўца.

Рамесьнік: «Нацыянальнае беларускае вернецца».

«Мы рамесьнікі маем дэманстраваць наш беларускі нацыянальны строй, — працягвае гутарку майстрыха. — Я сама з Шклова і мой строй набліжаны да нацыянальнага. Крыху стылізаваны праўда. Я не лічу, што беларусы саромецца апранацца па-беларуску. Цяпер жа ўсё наша самабытнае ўваходзіць у моду», зазначае яна.

«У Менску цяпер дужа папулярныя ў моладзі рэчы, якія плятуцца на бёрдах, — заўважае суразмоўніца. — Тыя ж павязкі, гальштукі носяць, менавіта з нашым беларускім нацыянальным арнамэнтам. Мо, пакуль, ня так культывуюцца блюзкі вышываныя, хаця і яны сустракаюцца. І гэта ўваходзіць паволі ў моду. Гэтаму цяпер — зялёнае сьвятло».

Калі рамесьнікі былі ў нацыянальных строях, то наведнікаў сьвята апранутых гэтак жа было няшмат.

«Мы летась езьдзілі ва Ўкраіну і купілі там жонцы вышыванку. З салідарнасьці пазьней і я купіў сабе беларускую», кажа адзін зь нямногіх наведнікаў у вышыванай беларускай кашулі.

«Хацелася б, каб на такім сьвяце больш было людзей апранутых па нацыянальнаму. Каб адчувалася, што сьвята беларускае. Вось у Кіеве такое ўкраінскае сьвята было дужа прыгожае. У беларускіх сьвятах беларускага ж калярыту нам не хапае. Мне падаецца, што мы саромеемся быць самі сабою.

На Дзень гораду да нас падышла жанчына з Расеі і папрасіла з намі сфатаграфавацца. Нават людзі з Расеі прыяжджаюць і хочуць пабачыць тут нешта самабытнае. Хочуць бачаць тут беларусаў».

Гэтак віталі на сьвяце старшыню гарвыканкаму Ўладзімера Цумарава.

Бел-чырвона-белае – пасуе дзявочай руцэ.

На сьвяце дэманстравалі сваё майстэрства мясцовыя рыцары з клюбу «Барысфэн». Ахвотнікі мелі магчымасьць пастраляць з луку, ды прымераць дасьпехі. Лідэр магілёўскіх рыцараў Павал Пастухоў гаворачы пра адметнасьці беларускага нацыянальнага сьвята заўважае:

«На такіх сьвятах мусіць быць шмат рэчаў, якімі адметная беларуская нацыя. Напрыклад беларускае рыцарства. Яно мае прысутнічаць на ўсіх нацыянальных сьвятах. Яно дэманструе, што беларускае дзяржава — рыцарская дзяржава, якая ў свой час была ад Балтыйскага мора да Чорнага і мае багатую гісторыю».

Магілёўскі рыцар Павал Пастухоў.

Нямала беларускіх сувэніраў на сьвяце былі вырабленыя ў бел-чырвона-белых колерах. Іх з ахвотай куплялі наведнікі.

Беларускія ручнікі на пешаходнай вуліцы Ленінскай.

На вуліцы Ленінскай.