Марыя Мартысевіч — паэтка, перакладчыца, публіцыстка. Нарадзілася ў 1982 уМенску. У 2004 скончыла філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнагаунівэрсытэту, у 2005 — аддзяленьне філязофіі/літаратуры Беларускага Калегіюму. Як журналістка супрацоўнічае з газэтай «Новы час». Перакладае паэзію і прозу з ангельскай, польскай, рускай, украінскай, чэскай моваў. У Беларусі публікавалася ў часопісах «ARCHE», «Дзеяслоў», «pARTyzan». Аўтарка кніг «Цмокі лятуць на нераст: эсэ ў вершах і прозе» (2008) і «Амбасада: эсэ ў вершах і прозе» (2011). Жыве ў Менску.
1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)
Удумлівы чалавек, які ня мысьліць стэрэатыпамі і адкрыты для ўсяго новага.
2. Дзе вам найлепш пішацца і калі?
На «хутары» — то бок у дзедавым доме на Броннай Гары (Бярозаўскі р-н), заўсёды, калі я туды трапляю. Але сёлета я не магу туды паехаць, таму зрабіла эрзац «хутара» на адкрытым бальконе.
3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?
Людміла Уліцкая, «Даніэль Штайн, перакладчык» — гэтая кніга захапіла менавіта тым, як яна зробленая.
4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?
Я думаю, што Эма Вудхаўз з раману «Эма» Джэйн Остэн.
5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?
Атрымліваецца, што Джэйн Остэн, таму што гэтае ўпадабаньне не зьмянілася з падлеткавых гадоў і да сёньня.
6. Што вы цяпер чытаеце?
Джозэф Конрад «Серца цемры» — па-руску, па-польску — Малгажата Шэйнэрт «Насыпаць горы: гісторыі з Палесься» (для рэцэнзіі).
7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?
На ангельскай, польскай, украінскай, чэскай.
8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?
«Гарэзьлівы пацалунак» — раман пра каханьне для дзяўчат ад 15 да 25 гадоў, на сёньня амаль дапісаныя дзьве часткі з трох.
9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?
За наступныя 10-15 гадоў заплянавала напісаць адзін прыгодніцкі раман пра другую сусьветную вайну, адзін дакумэнтальны раман пра лёсы некалькіх беларускіх жанчынаў і адну літаратуразнаўчую кнігу. Усё астатняе будзе «між справай».
10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабоднай?
Пачуцьцё абсалютнай свабоды я адчула толькі двойчы ў жыцьці. Гэта было, калі ў мяне цалкам сканчаліся грошы.
Каб яшчэ больш зацікавіць вас беларускім прыгожым пісьменствам, рэдакцыя Радыё Свабода прыдумала міні-апытанку для пісьменьнікаў. Мы пачалі яе ад «шорт- і лонг-лістараў» сёлетняй прэміі імя Гедройця, працягнулі сябрамі журы гэтай прэміі, а цяпер прапануем гэтую забаву шырэйшаму творчаму колу ў Беларусі.