Цяперашнія ўлады Беларусі спраўна грымяць парадамі ў гонар розных датаў Вялікай Айчыннай вайны (паводле клясыфікацыі афіцыйнай гістарыяграфіі), але практычна ня згадваюць пра падзеі ня меншай значнасьці — пакуты народу Беларусі падчас Першай усясьветнай.
Жалобныя імпрэзы да пачатку збройнага канфлікту 100-гадовай даўнасьці прайшлі па ўсім сьвеце летась 1 жніўня. У Беларусі да памятнай даты плянавалася адкрыць пампэзны мэмарыял у Смаргоні — горадзе, які больш за 800 дзён заставаўся ў самым цэнтры пазыцыйнага супрацьстаяньня варагуючых арміяў Германскай і Аўстра-Вугорскай імпэрыяў з аднаго боку і Расейскай — з другога. З-за недастатковага фінансаваньня да часу «Х» увасобіць амбітную задуму ў жыцьцё не ўдалося — комплекс гатовы менш як напалову.
Меркавалася, што завяршыць пачатае ўдасца напярэдадні іншай даты — 100-годзьдзя ўцягваньня беларускіх земляў у арбіту ваенных дзеяньняў летам-восеньню 1915-га. Але, насуперак чаканьням, ніякай прысутнасьці будаўнікоў на аб’екце не назіраецца. Так і не пачаліся працы на ўчастку смаргонскай аб’езнай дарогі, дзе меўся паўстаць працяг мэмарыялу — скульптурная кампазыцыя «Праклён вайне». Цяпер, спасылаючыся на безграшоўе, адказныя за рэалізацыю праекту адсылаюць да наступнага юбілею —100-годзьдзя заканчэньня Першай усясьветнай вайны ў 1918-м.
Пакуль помнікі забытай вайне трываюць у глыбокай замарозцы, мясцовыя жыхары паціху расьцягваюць фрагмэнты не дабудаванага яшчэ комплексу на ўласныя патрэбы. Асаблівай папулярнасьцю карыстаюцца пазалочаныя літары з уваходнай гранітнай брамы — яны ідуць на «лом каляровага мэталу». Увесну зламысьнікі добра прарэдзілі расейскамоўны надпіс, цяпер узяліся за беларускамоўны варыянт.
Кіраўнік праекту смаргонскага мэмарыялу, скульптар Анатоль Арцімовіч праявамі барбарства засмучаны і заклікае журналістаў паспрыяць у тлумачальнай дзейнасьці:
«Адзінае, што можна ў дадзеным выпадку зрабіць, — гэта выказаць сваё абурэньне. Усё ж да журналістаў, так ці інакш, павінны прыслухоўвацца. Іншы спосаб пазьбегнуць праяваў барбарства — усталяваць камэру сачэньня. Альбо проста дзеля праформы паставіць папераджальную таблічку, што „вядзецца відэаназіраньне“. Не павераць, дык хоць крыху пабаяцца. У гэтай праблемы няма разуменьня, яна ў галовах людзей. А мы што, у мазгі да іх залезем? Таму так і кажыце. Бо ўсе робяць выгляд, што нібыта разумеюць, абсалютна ясна ўсьведамляюць, што так нельга рабіць, што гэта шкода, што гэта прававое парушэньне, што яно падсуднае. Але людзі ідуць на злачынства, не разумеючы да канца, з чым жартуюць. Ва ўсялякім разе, калі зьявіцца інфармацыя, то пачнуць абмяркоўваць. Прынамсі хтосьці ў сям’і прачытае, і той дурачок-крадун, які скукожаны ў кутку сядзіць, хоць абурэньне пачуе ад сваіх родных».
Тым часам вакол Смаргоні дагэтуль стаяць дзясяткі рэальных, а не муляжных, узораў ваеннай фартыфікацыі. Яны не патрабуюць асаблівых капіталаўкладаньняў і маглі б стаць прыцягальнымі для турыстаў у нашмат большай ступені, чым фінансаваёмістыя навабуды. Ад 1915 году ўздоўж лініі фронту германцы ўзьвялі цэлую лінію бэтонных бліндажоў і дотаў рознай камплектацыі і прызначэньня. У некаторых месцах абапал Смаргоні іх канцэнтрацыя надзвычайная — праз кожныя 50–100 мэтраў.
Дзеля справядлівасьці, свае драўляныя ўмацаваньні ўзводзілі і расейцы, але пасьля вайны ўсё бярвеньне расьцягнулі на «мірныя мэты» — стаўляць хаты. Пра тыя ўзоры ваеннай архітэктуры цяпер нагадваюць толькі фатаздымкі. А вось зь нямецкім дойлідзтвам у стылі мілітары справа іншая.
За прамінулае стагодзьдзе шмат якія доты былі зруйнаваныя, бо заміналі калгасным трактарам апрацоўваць палеткі. Але часьцяком даць рады бэтоннай спарудзе не ўдавалася нават падрыўнікам, і пакінутыя ў спакоі аб’екты захавалі практычна першароднае аблічча.
Стацыянарныя бункеры ўяўлялі сабой самадастатковыя інжынэрныя збудаваньні з запасам правіянту і нават з аўтаномнай прыбіральняй. Вузкія байніцы зводзілі да мінімуму рызыку, што снайпэра выведуць са строю, а таўшчэзныя сьцены вытрымлівалі артылерыйскі абстрэл. Устойлівасьці спрыяла найперш купалападобная канструкцыя даху, якая да сёньня трымаецца без арматуры — жалеза даўно расьцягнута па бліжэйшых вёсках.
Наўрад ці немцы будавалі свае доты на вякі, але звычка працаваць сумленна мела плён — адметныя сваімі формамі ўмацаваньні і па сёньня ўражваюць сваёй функцыянальнай дасканаласьцю. Праўда, прызнаць іх вартымі ўвагі і мэмарыялізаваць не дазваляюць ідэалягічныя забабоны — гэта як прызнаць капітуляцыю перад клясавым ворагам. Таму ніхто і не перашкаджае ператвараць іх у сьметніцы ці ставіць на 100-гадовых падмурках катэджы.
Тым часам, як кажа дасьледчык падзеяў Першай усясьветнай вайны, аўтар некалькіх кніг, прысьвечаных 810 дням пазыцыйнага супрацьстаяньня ў Смаргоні Ўладзімер Лігута, на стратэгічным кірунку германцы сканцэнтравалі свае лепшыя сілы, а таму дбалі пра надзейнае прыкрыцьцё байцоў:
«Пра важнасьць Смаргоні ў ваеннай кампаніі сьведчыць жорсткасьць ужо першага бою, калі сюды падышлі асноўныя масы германскай пяхоты (не кажу пра кавалерыю, якую рускія ўрэшце выбілі, а менавіта пра пяхоту). Дык вось немцы ў першую пяхотную атаку на горад кінулі 31-ю дывізію. Гэта знакамітая нямецкая дывізія, адна з найлепшых у германскай арміі, камандаваў ёй генэрал-лейтэнант фон Бэрэр. Яна чым была вядомая? Перадусім тым, што была ўкамплектаваная выхадцамі зь земляў Саар і Лятарынгія, якія адзначаліся сваім нязломным баявым духам. Настолькі былі выносьлівыя салдаты, што, ёсьць зьвесткі, у зімовых баях у раёне Аўгустоўскага каналу, на тэрыторыі цяперашняй Літвы, па засьнежанай цаліне рабілі марш-кідкі па 60–70 кілямэтраў за суткі, уяўляеце? Як кавалерысты. Настолькі вось былі падрыхтаваныя, моцныя. Як апісана ў мэмуарах, дэманстравалі жалезны дух атакі».
Пачынаючы ад бальшавіцкага перавароту 1917 году, Першую ўсясьветную вайну савецкая гістарыяграфія падавала няйначай як «імпэрыялістычную», «царскую» ці «несправядлівую». Гэта абумовіла ідэалягічную несумяшчальнасьць прамінулай вайны з новым палітычным парадкам, усталяваным у СССР, і поўную абыякавасьць ня толькі да аб’ектаў таго часу, але і да салдацкіх магілаў. Пасьля 1945 году, на хвалі ўслаўленьня подзьвігу народа-пераможцы, пра трагічныя падзеі пачатку ХХ стагодзьдзя забыліся зусім.