У прадстаўніцтве карпарацыі «Сюань Юань» сказалі, што для іх паход кітайскіх рабочых у Менск стаў нечаканым.
Карэспандэнту Свабоды там сказалі, што разьбіраюцца з сытуацыяй.
«Наўрад ці ім ня выплацілі заробкі. Хутчэй за ўсё, гэта ня так».
На пытаньне, чаму кітайскія рабочыя ідуць пешшу ў кітайскую амбасаду ў Менск, прадстаўнік карпарацыі патлумачыў:
«Відаць, яны хочуць пагутарыць з паслом, таму ідуць у амбасаду. Напэўна, так».
— То бок яны не патлумачылі прычыны?
— Не, не патлумачылі. Што адбылося, складана сказаць, пакуль разьбіраемся ў сытуацыі. Сытуацыя няпростая. Магчыма, нехта зь іх быў часткова пакараны за нейкія парушэньні працоўнай дысцыпліны, тэхнікі бясьпекі. Тут жа ёсьць мэтадалёгія працоўных штрафаў. Разьбіраемся, што адбылося. Для нас саміх гэта нечаканасьць.
— А дзе яны працавалі?
— На Добрускай фабрыцы ідзе будаўніцтва аб’екта. Будуецца вялікі комплекс па вытворчасьці кардону. Яны ўсе будаўнікі. Спрабуем самі разабрацца, чаму ж яны так павялі сябе. Незразумелая сытуацыя. Якія патрабаваньні ў іх — незразумела. Яны неяк пайшлі арганізавана. Заробкі ім выплачваліся. Яны пайшлі сёньня раніцай. Будаўніцтва ня спынена, працягваецца. Ёсьць пэўныя тэрміны, і ў іх трэба ўкладвацца. Будоўлю ніхто ня спыніць.
На Добрускай папяровай фабрыцы сытуацыю не камэнтуюць і раяць зьвяртацца да кітайцаў.
ААТ «Добруская папяровая фабрыка «Герой працы» плянуе стварыць вытворчы комплекс па вырабе мелаванага і немелаванага трохслаёвага кардону да 2015 году. Генэральным падрадчыкам па праекце зьяўляецца кітайская «Карпарацыя Сюань Юань», зь якой беларускі бок заключыў кантракт на суму $348,6 млн. Фінансаваньне ў памеры поўнага кошту кантракту арганізавана за кошт сродкаў крэдыту Дзяржаўнага банка разьвіцьця Кітая.