Збор подпісаў пачнецца 23 ліпеня

Сбор подпісаў у падтрымку кандыдатаў на прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, архіўнае фота 2010 году

Ярмошына назвала ініцыятыву «Народны рэфэрэндум» авантурай.

Збор подпісаў у падтрымку кандыдатаў на прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь пачнецца 23 ліпеня і будзе працягвацца па 21 жніўня ўключна.

Гэтыя даты сёньня вызначыла Цэнтральная выбарчая камісія, якая зацьвердзіла каляндарны плян правядзеньня выбарчай кампаніі. Месцы, дзе нельга будзе праводзіць пікеты для збору подпісаў у падтрымку патэнцыйных кандыдатаў, мясцовыя ўлады павінны будуць вызначыць не пазьней за 17-га ліпеня.

Лідзія Ярмошына падкрэсьліла, што праводзіць пікеты можна будзе толькі пасьля таго, як будуць зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы таго ці іншага кандыдата, і зьвярнула асаблівую ўвагу на тое, што падчас пікету можна зьбіраць толькі подпісы ў падтрымку таго ці іншага прэтэндэнта на вышэйшую дзяржаўную пасаду. Зьбіраць подпісы па нейкіх іншых пытаньнях катэгарычна забаронена, і калі хтосьці будзе гэтым займацца, то гэтых людзей могуць прыцягнуць да адміністратыўнай адказнасьці.

У якасьці прыкладу яна назвала заявы прадстаўнікоў кааліцыі «Народны рэфэрэндум», што яны нібыта ўжо сабралі 120 тысяч подпісаў грамадзян Беларусі ў падтрымку пытаньняў Народнага рэфэрэндуму. Яна назвала гэтую акцыю авантурнай, сказала, што тыя, хто стаіць на чале «Народнага рэфэрэндуму», проста дураць галаву звычайным людзям.