Няўдача нядаўніх перамоваў аб працягу праграмы пазбавіла Грэцыю шанцаў на атрыманьне апошняй часткі ўзгодненых раней крэдытаў — на 7,2 мільярда эўра. І хоць у цэлым на долю МВФ прыпадае толькі каля 7% назапашанага Грэцыяй дзяржаўнага доўгу 316 мільярдаў эўра, першая пратэрміноўка чарговага плацяжу па ім дае права іншым крэдыторам краіны запатрабаваць неадкладнага вяртаньня ім грошай.
Усё больш верагодная адмова Атэнаў плаціць Міжнароднаму валютнаму фонду можа мець непрадказальныя наступствы, паколькі такі крок беспрэцэдэнтны для краін эўразоны. У прадчуваньні гэтага інвэстары ў панядзелак, 29 чэрвеня, пазбаўляліся ад карпаратыўных акцый, індэксы на амэрыканскіх фондавых біржах упалі больш чым на два адсоткі.
Пра тое, чаму інвэстары гэтак хваравіта рэагуюць на грэцкі крызіс і ці можа ён страсянуць міжнародную фінансавую сыстэму, гаворыць амэрыканскі эканамічны экспэрт Рычард Эбэлінг, які даў інтэрвію расейскай службе Радыё Свабода.
Рычард Эбэлінг: Прычынай узрушэньняў на фінансавых рынках у панядзелак стаў усеагульны неспакой, што дэфолт разам з вынікамі рэфэрэндуму аб адносінах грэкаў да ўмоваў атрыманьня абяцаных Эўразьвязам і іншымі крэдыторамі пазыкаў можа прывесьці як да вымушанай адмовы Грэцыі ад эўра, так і да выхаду краіны з Эўразьвязу. Асабліва трывогу падаграваюць заклікі грэцкага ўраду да насельніцтва адкінуць умовы заходніх крэдытораў. Эўразьвяз яшчэ не праходзіў праз падобныя выпрабаваньні, таму такі вялікі страх.
Але, я думаю, гэта галоўным чынам чыста псыхалягічны фэномэн, таму што, аб’ектыўна кажучы, цяжка ўявіць, якім чынам выключэньне Грэцыі з эўразоны або нават дэфолт краіны па сваіх зьнешніх абавязаньнях можа падарваць міжнародную фінансавую сыстэму. Такі паварот падзей ня будзе нечаканасьцю, замежныя банкі і карпарацыі практычна пазбавіліся ад грэцкіх каштоўных папераў, Эўрапейскі цэнтральны банк прыняў неабходныя захады для таго, каб ня даць грэцкаму фінансаваму шторму выплюхнуцца за межы краіны і каб моцна паменшыць яго наступствы.
РС: Цікава, што гэты страх у панядзелак адчувальна не адбіўся на курсе эўра, які толькі зьлёгку патаньнеў у адносінах да даляра. Як грэцкі дэфолт і магчымы выхад краіны з эўразоны можа адбіцца на эўра?
Рычард Эбэлінг: У доўгатэрміновай пэрспэктыве, я мяркую, гэта адаб’ецца на эўра дабратворна. Гэта, здавалася б, пярэчыць уяўленьню аб тым, што выключэньне адной краіны з сыстэмы адзінай валюты адкрывае дарогу іншым «слабым» краінам. Але, на мой погляд, калі Эўрапейскі цэнтральны банк і Эўразьвяз будуць настойлівыя ў сваіх прынцыповых патрабаваньнях да Грэцыі, не саступяць патрабаваньням грэцкага ўраду і пры гэтым змогуць забясьпечыць у выпадку неабходнасьці бязбольны для эўрапейскай фінансавай сыстэмы працэс выключэньня Грэцыі з эўразоны, то гэта стане стымулам для тых краін, якія знаходзяцца ў складаным фінансавым становішчы, сур’ёзна ўзяцца за рэформы, з тым каб не пайсьці па шляху Грэцыі.
РС: Як вы ацэньваеце ролю Масквы ў гэтай сытуацыі, якая спрабавала зрабіць выгляд, што яна гатовая выступіць у ролі, так бы мовіць, фінансавага патрона Грэцыі? Здольная яна адыграць такую ролю?
Рычард Эбэлінг: Расейцы праводзяць сваю ўласную грэцкую гульню. Яны відавочна высока цэняць публічна выказваныя грэцкім кіраўніцтвам сумневы ў неабходнасьці санкцый супраць Крамля і, хутчэй за ўсё, спрабуюць заахвоціць грэкаў да больш рашучых крокаў. Яны напэўна вельмі зацікаўленыя ў тым, каб стратэгічна зблізіцца з Грэцыяй — краінай-удзельніцай НАТО, якая займае стратэгічнае становішча ў Міжземнаморскім рэгіёне. Але ўсе выдатна разумеюць, што ў Масквы няма ніякіх магчымасьцяў, каб, так бы мовіць, выкупіць Грэцыю ці хаця б нават часткова ўзяць на сябе ролю, якую для Грэцыі адыгрывае Эўразьвяз. Тым ня менш, Расея працягвае свае спробы дамагчыся якіх-небудзь выгадаў, якія вынікаюць з слабога становішча Атэнаў. Грэкі, мяркуючы па іх заявах, усё гэта выдатна ўсьведамляюць і са свайго боку спрабуюць атрымаць нейкія выгады ад супрацоўніцтва з Масквой у тым выпадку, калі ім давядзецца пакінуць эўразону.
РС: Як бы вы адказалі тым, хто прадказвае, што адмова дапамагчы Грэцыі можа прывесьці да вельмі сур’ёзных сацыяльных і палітычных узрушэньняў у краіне, зь непрыемнымі наступствамі для ўсяго кантынэнту?
Рычард Эбэлінг: Уяўленьне аб тым, што Грэцыя, вобразна кажучы, выбухне, ня мае дачыненьня да рэальнасьці. Грэкам, хутчэй за ўсё, давядзецца прайсьці праз балючы працэс аднаўленьня драхмы або іншай валюты, якая будзе нейкім чынам асацыяваная з эўра. За гэтым крокам рушыць усьлед дэфолт па шматлікіх зьнешніх абавязаньнях ужо за межамі даўгоў МВФ, што будзе азначаць сутыкненьне з рэальнасьцю, якая вымусіць рана ці позна пайсьці на вельмі балючыя рэформы. Атэны зразумеюць, што яны ня могуць захаваць цяперашнюю дарагую пэнсійную сыстэму, што яны ня могуць захоўваць эканамічную сыстэму, якая ледзь функцыянуе з-за манапалізму і неканкурэнтаздольнасьці. Атэны павінны самі ўсьвядоміць, што яны жылі занадта доўга ў рамках сыстэмы, якая нежыцьцяздольная.