Забароненае слова

  • Аляксандар Лукашук

Уільям Гогарт, «Перадвыбарчы банкет» (1755).

— Зьвязаўся з благой кампаніяй, — тлумачыла суседка долю сына-рэцыдывіста, які адбываў чарговы тэрмін, і канца гэтым тэрмінам не было відаць, не раўнуючы як прэзыдэнцкім у адной краіне. Ды каб у адной.

Людзі добрай волі ў такіх краінах кожныя пяць год ломяць галаву, як гэта назваць, каб потым не было, як дагэтуль?

Выбарамі слоўнік не дазваляе і язык не паварочваецца, не лягчэй языку ад дадаткаў кшталту псэўда-эрзац-фарс, і бедныя рэдактары, якія дбаюць, каб было ясна што-дзе-калі, шукаюць найменшае зло.

Знайшлі і мы — ад 30 чэрвеня да 11 кастрычніка на Свабодзе будзе рубрыка «Кампанія 2015».

Чаго толькі ня зробіш за кампанію.

Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org