Прэм’ер-міністар Грэцыі Алексіс Цыпрас учора заклікаў грамадзянаў краіны на рэфэрэндуме 5 ліпеня прагаласаваць супраць прапановаў міжнародных крэдытораў. Цыпрас адзначыў, што ў адваротным выпадку ён не застанецца на сваёй пасадзе, каб праводзіць у жыцьцё прапанаваныя крэдыторамі скарачэньні сацыяльных выдаткаў. Лідэры краінаў Эўропы папярэдзілі, што адмова ад прапановаў міжнародных фінансавых арганізацыяў будзе азначаць выхад Грэцыі з эўразоны.
Без дасягненьня новай дамоўленасьці зь міжнароднымі крэдыторамі Грэцыі пагражае дэфолт.
Учора ўвечары дзясяткі тысячаў людзей сабраліся ў цэнтры Атэнаў, каб выказаць падтрымку грэцкаму ўраду. Сёньня чакаюцца акцыі пратэсту яго праціўнікаў.
У Грэцыі зь першага ліпеня на працягу трох дзён каля тысячы аддзяленьняў банкаў будуць абслугоўваць пэнсіянэраў, якія ня маюць банкаўскіх картак. Пра гэта сёньня паведаміла міністэрства фінансаў. Раней улады Грэцыі прынялі рашэньне аб закрыцьці на тыдзень банкаў і фондавай біржы, а таксама ўвялі абмежаваньне на зьняцьце наяўнасьці з банкаматаў.