«21 год таму, ідучы на свае першыя прэзыдэнцкія выбары, Аляксандар Лукашэнка абяцаў „запусьціць заводы“. Ці выканаў ён тое сваё абяцаньне? Як вы да гэтага ставіцеся?». Адказваюць жыхары Магілёва.
Your browser doesn’t support HTML5
— Лукашэнка для таго і створаны для Беларусі, каб беларусы хутчэй паўміралі. Завод «Трансмаш» — чатыры дні працуе на тыдзень. «Строммашына» — наагул не працуе. Вагонабудаўнічы завод — ён жа яго запусьціў. Вагоны стаяць. Я чакаю, што мне на пэнсію дадуць адзін вагон ды каня ў дадатак, каб цягаў гэты вагон.
— Ён шмат чаго запусьціў. І нешта працуе. Ён жа не прарок — усяго бачыць ня мог. Цяпер мы можам намнога больш сабе дазволіць, чым 21 год таму. Паглядзіце, колькі аўтамабіляў прыгожых. На іх жа езьдзяць не алігархі. Многія маладыя сем’і могуць дазволіць сабе кватэру пабудаваць.
— Ня выканаў. Ён сам нават ня ведае, да чаго ён ішоў. Нават у Магілёве шмат прадпрыемстваў стаяць. Людзі зарабляюць мала. Шмат беспрацоўных. Толькі прыватны бізнэс пакрысе прасоўваецца і гандаль.
— Так, выканаў. Тады ўсе працавалі. Цяпер жа склаўся эканамічны крызіс, які зьвязаны з Расеяй і Ўкраінай. Таму ён ня мог не адбіцца на Беларусі, таму ў нас праблемы.
— Ня выканаў. На сёньняшні дзень заводы амаль усе стаяць. Нічога добрага няма. Нешта мо і зьмянілася, але на сёньняшні дзень усё дужа кепска.
— Так, ён запусьціў, што хацеў. Ну, у нас «Трансмаш» нібыта стаіць. Завод «Кірава» кажуць, што будуць зачыняць. Хутчэй за ўсё, крызіс. Ён давёў.
— А якія заводы? Мне цяжка нешта сказаць. Адно скажу: мы лепей жывём, чым ва Ўкраіне. Гэтага даволі.
— Гэтак, як хацелася і як ён хацеў, не запушчаныя заводы. Многія закрываюцца. Людзі скарачаюцца. Слова «запусьціў» — яго можна па-рознаму разумець. Новыя заводы ствараюцца. А старыя заводы гэтак працуюць — на працэнтаў пяцьдзясят, а мо і менш.
— Усё ж залежыць ад абстаноўкі ў сьвеце, а ня толькі, што ў нас. Нешта зроблена, нешта не. Віны ягонай ніякай. Паглядзіце, што ў сьвеце творыцца. Ва Ўкраіне наагул вайна.
— Адносна выканаў. Там, дзе я раблю, завод яшчэ працуе. Я на «Хімвалакне» працую. Аднак сытуацыя эканамічная кепская.
— Што абяцаў, тое выканаў. Мы пакуль працуем.