«Беларусь заўсёды выступала за ўзважаны, станоўчы і прагматычны дыялёг з усімі краінамі», — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Швэцыя, адзначыў Лукашэнка, грае важную ролю ў рэгіянальных і субрэгіянальных працэсах на поўначы Эўропы:
«Яе голас важка гучыць у Эўразьвязе. Дый мы ніколі не хавалі, што нам ёсьць чаму павучыцца ў Швэцыі», — дадаў ён.
Марцін Обэрг зь ліпеня 2013 году працаваў у Менску ў рангу часовага паверанага ў справах Швэцыі ў Беларусі, а сёлета ў канцы красавіка быў прызначаны амбасадарам.
У жніўні 2012 году, пасьля «дэсанту» швэдзкіх плюшавых мядзьведзяў у Беларусі, паміж Менскам і Стакгольмам выбухнуў дыпляматычны канфлікт. Нагодай стала рашэньне беларускіх уладаў не працягваць акрэдытацыю швэдзкага амбасадара Стэфана Эрыксана, якога Менск абвінаваціў у дэструктыўнай дзейнасьці. У адказ швэдзкія ўлады заявілі, што ня прымуць новага амбасадара Беларусі, і рэкамэндавалі двум супрацоўнікам беларускай амбасады пакінуць Стакгольм. 30 жніўня абедзьве амбасады спынілі сваю працу. Функцыі швэдзкай амбасады ў Менску выконвала дыппрадстаўніцтва Эстоніі, беларускай у Стакгольме — амбасада Латвіі.
Вясной 2013 году беларускі бок акрэдытаваў у Менску часовага паверанага ў справах Швэцыі ў Беларусі. Разам з тым беларуская амбасада ў Стакгольме не працуе дагэтуль.
30 красавіка 2015 году, пасьля свайго прызначэньня паслом, Марцін Обэрг заявіў БелаПАН, што Швэцыя вітала б адкрыцьцё беларускай амбасады ў Стакгольме. «Мы гатовыя прыняць беларускую амбасаду. Спадзяемся, што яна будзе адкрыта. Але Беларусь — незалежная і сувэрэнная дзяржава <...>. Канчатковае рашэньне — за беларускім бокам».
Обэрг адзначыў, што ў Беларусі і Швэцыі «ёсьць шмат тэмаў, над якімі можна працаваць». У прыватнасьці, ён назваў гандаль, дзе ў краін «вялікі патэнцыял, але мала чаго адбываецца». «Ёсьць яшчэ прамыя кантакты паміж нашымі народамі, экалягічная і культурная сфэры. Ёсьць над чым працаваць», — сказаў новы пасол Швэцыі.