Расейскую дэлегацыю не пазбавілі паўнамоцтваў у ПАРЭ, але зрабілі апошняе папярэджаньне. У Страсбуры прынялі рэзалюцыю, у якой жорстка крытыкуюць дзеяньні Расеі на ўсходзе Ўкраіны і сьцьвярджаюць, што за апошнія паўгода Расея не зрабіла ніякага прагрэсу ў выкананьні патрабаваньняў Рады Эўропы і Парлямэнцкай асамблеі.
У дакумэнце ўтрымліваецца крытыка на адрас Расеі. ПАРЭ ўпершыню так жорстка прызнала прысутнасьць у Данбасе падразьдзяленьняў рэгулярнай расейскай арміі, а зона АТА названая тэрыторыяй, якая знаходзіцца «пад кантролем прарасейскіх сэпаратыстаў і расейскіх войскаў».
Таксама ў рэзалюцыі згаданыя і асуджаюцца напады на Дэбальцава, Мар’інку, Марыюпаль, прычым адзначаецца адказнасьць менавіта Расеі за гэтыя дзеяньні.
У патрабаваньнях рэзалюцыі гаворыцца пра тое, што Расея павінна ня толькі вывесьці ўсе свае войскі з тэрыторыі Ўкраіны, але таксама вызваліць палонных, якiя ўтрымлiваюцца ў Расеі, у прыватнасьці Надзею Саўчанку.
Рэзалюцыю ПАРЭ падтрымала абсалютная большасьць парлямэнтарыяў — 128, супраць прагаласавалі толькі 11.