Беларускія баскетбалісткі выйшлі ў паўфінал чэмпіянату Эўропы

У чвэрцьфінале зборная Беларусі перамагла ў Будапэшце каманду Літвы 68:66.

На чэмпіянаце Эўропы па баскетболе сярод жанчын, які праходзіць у Румыніі і Вугоршчыне, вызначыліся першыя ўдзельнікі паўфіналаў. 26 чэрвеня каманда Беларусі сустрэнецца з Сэрбіяй. Сэрбскія баскетбалісткі сёньня перагулялі турчанак 75:63.

За выхад у другі паўфінал турніру ў чацьвер будуць змагацца пары Гішпанія — Чарнагорыя і Францыя — Расея.

Перамога ў чвэрцьфінале забясьпечыла камандзе Беларусі ўдзел у турніры летняй алімпіяды 2016 году ў Рыю дзі Жанэйру.