Жыхарка Ерэвану: Чаму народ мусіць плаціць за чыноўнікаў, якія скралі грошы?

Пратэстоўцы падчас мітынгу супраць нядаўняга рашэньня ўладаў павысіць тарыфы на электраэнэргію. Ерэван, 23 чэрвеня 2015 году

У Ерэване працягваецца супрацьстаяньне апазыцыі з уладамі.

22 чэрвеня скончыўся тэрмін ультыматуму супраць падвышэньня тарыфу на электраэнэргію, вылучанага ініцыятывай «Не рабунку!». Цягам папярэдніх дзён актывісты ладзілі сядзячую забастоўку на плошчы Свабоды, пасьля чаго рушылі да рэзыдэнцыі прэзыдэнта Армэніі. Згодна з ацэнкамі, у шэсьці бралі ўдзел да 10 тысяч чалавек. Праваахоўныя органы жорстка разагналі мірнае шэсьце з ужываньнем спэцсродкаў.

Няўжо толькі падвышэньне тарыфаў на электраэнэргію стала падставай да народных забурэньняў? Ці насамрэч 16-працэнтны рост — такі адчувальны ўдар для сямейнага бюджэту? Жыхарка армянскай сталіцы, кіраўніца аддзелу маркетынгу кампаніі «Севані Ішхан» Ніна Меграбян летась пераехала на гістарычную радзіму зь Беларусі, і кажа, што сапраўдная прычына — бессаромныя траты ў энэргетычных структурах, падначаленых расейскаму манапалісту «Интер РАО ЕЭС»:

Ніна Меграбян

«Справа ня ў тым, што падвысіцца кошт, прычына ў іншым. Ёсьць гісторыя „Интер РАО ЕЭС“ і „Элсети Армении“. Першая — гэта расейская кампанія, другая — хоць фармальна і армянская, але належыць Расеі. Да нядаўняга часу там кіраваў нехта Гладунчык, якога зьнялі за адмываньне вялізнай колькасьці грошай, потым прыйшоў Бібін, і сытуацыя фактычна паўтарылася.

Справа ў тым, што ў Армэніі ёсьць атамная станцыя, а таксама некалькі гідраэлектрастанцыяў, то бок, электраэнэргію мы самі выпрацоўваем і дастаткова ў вялікай колькасьці. Але чамусьці атрымліваецца, што мы ў вялізных пазыках, у нас шматмільённыя крэдытныя лініі ў банках — прычым, ня толькі Армэніі, але і краінаў СНД. Вось з гэтай прычыны мяркуецца падаражэньне энэргіі: паколькі, згодна з апошнімі справаздачамі, „Элсети Армении“ знаходзяцца ў вялізных даўгах, каб закрыць гэтыя даўгі, уздымаюцца тарыфы. Народ запытвае: прабачце, а хто скраў грошы? Чаму расплочвацца за крэдыты хочуць за наш кошт? Як так?

Цяпер кіляват энэргіі каштуе прыкладна 41 драмаў, ад 1 жніўня будзе 47-48, то бок, у сярэднім 10-12 цэнтаў за кіляват. У такім выпадку атрымліваецца, што па гэтым паказьніку Армэнія ў краінах СНД становіцца самай дарагой. Пры тым, яшчэ раз паўтару, што мы самі выпрацоўваем электраэнэргію. А калі кошты ўзрастуць, аўтаматычна падскочыць усё астатняе — хлеб, вада, паслугі. Таму народ незадаволены ня толькі тым, што тарыфы узрастуць, а тым, што ў электрасетак Армэніі, якія зьяўляюцца дачыннай расейскай кампаніяй, ёсьць вялізныя даўгі, а каб іх закрыць, насельніцтву ўздымаюць кошты. Вось адкуль бунт узьнік на караблі.

Іншымі словамі, узьнікае пытаньне: добра, так склалася, што армянскія электрасеткі ў вялізных крэдытных лініях. Але чаму дзяржава не датуе, каб гэтыя крэдыты былі зачыненыя, чаму не датуе Расея сваё армянскае падразьдзяленьне, чаму за вялізныя зьніклыя грошы мусіць плаціць народ?»

У выніку разгону мітынгоўцаў 23 чэрвеня на праспэкце Баграмяна ў Ерэване ў аддзяленьні паліцыі дастаўленыя 237 удзельнікаў сядзячай акцыі. Дзясяткі чалавек зьвярнуліся па мэдычную дапамогу, многія шпіталізаваныя. Падчас апэрацыі атрымалі раненьні і супрацоўнікі паліцыі. Супрацьстаяньне апазыцыі і сілавікоў працягваецца, пакуль фізычная сіла не ўжываецца.