«У Беларусі складаная эканамічная сытуацыя, шмат якія прадпрыемствы спыняюцца альбо працуюць толькі часткова, зьніжаюцца заробкі. Як вы лічыце, чаму людзі не пратэстуюць супраць гэтага?» На пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.
Your browser doesn’t support HTML5
Працаўніца сярэдніх гадоў: «Усе маўчаць — і будзем маўчаць да апошняга. А што рабіць? За нас ужо ўсё вырашылі, за нас ужо выбралі. Хіба ж ня ведаеце, як гэта ўсё робіцца? Калі ж будзеш выступаць — пасадзяць».
Малады майстар, якому не працягнулі кантракт — ён цяпер у дэкрэтным адпачынку па догляду за дзіцем: «Няма калектывізму ў людзей — і на прадпрыемствах, і ўсюды ў іншых месцах. Калі адзін пойдзе, іншы — не. Ёсьць людзі, які па дваццаць гадоў працавалі на прадпрыемстве, а ёсьць моладзь. Калі канфліктная сытуацыя ці спрэчнае пытаньне на прадпрыемстве, два-тры чалавекі зь ліку маладых, якія дружныя, толькі і выйдуць. А старэйшыя — яны ж ня выйдуць, будуць тупа трымацца за свае месцы. Патрэбны згуртаваны калектыў. Правільна ў замежжы робяць — масава, гуртам выходзяць. Калі страйк, то страйк. А ў нас што? Два-тры чалавекі з прадпрыемства выйдзе — гэта ж ня страйк. Гэта ж нейкая шайка».
Гараджанка перадпэнсійнага веку: «Калі ў Расеі ўсё кепска, ва Ўкраіне кепска, значыць, і мы мусім пацярпець. Адкуль жа ў нас будзе добра? І хто гэта ў нас будзе пратэставаць? І што ад гэтага зьменіцца? Такія мы людзі, беларусы: прагібаемся, прагібаемся і прагібаемся».
Мужчына-гастарбайтэр: «Майдану ня будзе ў нас... Я вунь у Расею зьехаў — і ўсё».
58-гадовы мужчына: «Чакаюць паляпшэньня, спадзяюцца. Ёсьць яшчэ надзея. Беларусы — спакойная нацыя. А магчыма, наступіць яшчэ іншы час. Вунь на „Гомсельмашы“, на ЗЛіНе скарачэньні будуць. Можа, яшчэ й падымуцца».
Малады прадпрымальнік: «Асабіста я — прадпрымальнік. Ёсьць пытаньні, якімі я незадаволены. Але ў мяне няма часу пратэставаць — я працую. Калі б я стаў і пратэставаў, то я б нічога не зарабіў».
Жанчына, якой больш за сорак: «Ня ведаю, я працую. Заробак стабільны».
Былы рабочы фабрыкі «8 сакавіка»: «Людзі прастойваюць, атрымліваюць мізэр. І баяцца што-кольвек гаварыць, каб не пазбавіцца гэтага мізэру. Разумееце? Усе маўчаць, баяцца. Вышэйшае начальства дае ўказаньні, каб ніхто ніякага кіпішу не падымаў, каб не пратэставалі, нічога не казалі. А начальства на прадпрыемствах ходзіць і абнадзейвае: „Пацярпіце, пацярпіце, зь цягам часу ўсё наладзіцца — будуць заробкі“. Людзі баяцца і сядзяць, як мышы».