Таварыства абароны спажыўцоў пацярпела за памятку для турыстаў

Курортны сэзон у Крыме

Раскамнагляд заблякаваў сайт Таварыства абароны правоў спажыўцоў на тэрыторыі Расеі ў сувязі з публікацыяй памяткі для турыстаў, якія накіроўваюцца ў Крым.

Гэта зроблена на патрабаваньне генэральнай пракуратуры Расеі.

18 чэрвеня Таварыства абароны правоў спажыўцоў, занесенае ў рэестар «замежных агентаў», параіла расейцам уяжджаць у Крым з тэрыторыі Ўкраіны, атрымаўшы дазвол ўкраінскіх уладаў — каб ня мець праблемаў з афармленьнем ў будучыні шэнгенскай візы.

У памятцы для турыстаў было напісана, што па нормах дзеючага міжнароднага права — Крым і Сэвастопаль зьяўляюцца акупаванымі тэрыторыямі, і за парушэньне парадку ўезду туды можа пагражаць крымінальная адказнасьць.


Генэральная пракуратура ўгледзела ў гэтым «публічныя заклікі да дзеяньняў, накіраваных на парушэньне тэрытарыяльнай цэласнасьці Расеі».

Сёньня прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін падчас пасяджэньня Грамадзкай палаты даводзіў слушнасьць прыняцьця закону аб замежных агентах і прывёў у якасьці прыкладу менавіта Таварыства абароны правоў спажыўцоў. Пуцін назваў рэкамэндацыі гэтай арганізацыі расейскім турыстам «абслугоўваньнем інтарэсаў замежных дзяржаваў».