Яна заключаецца ў тым, што на першы плян цяпер выразна выходзяць эканамічныя пытаньні, найперш памеры заробкаў і цяжкасьці з уладкаваньнем на больш-менш прыстойную працу. Да такіх высноваў апазыцыйны палітык прыйшоў пасьля паездак па некаторых рэгіёнах Беларусі.
Сёньня Анатоль Лябедзька распавёў Свабодзе наступнае:
«Учора цэлы дзень правялі ў Гародні і Лідзе. Гэта — дзясяткі сустрэч, камунікацыяў, раздача інфармацыйных партыйных матэрыялаў. Прасоўваем нашу праграму НРМ — „Новыя рабочыя месцы“. Хочам, каб нашу пазытыўную эканамічную альтэрнатыву ведала як мага болей людзей.
Апошнім часам я быў у Берасьці, Воршы, Гародні, Лідзе, Іўі. Гэта розныя гарады — і абласныя цэнтры, і меншыя, і заходняя Беларусь, і ўсходняя. Аднак паўсюль існуе праблема занятасьці. Яе я назваў бы пытаньнем нумар адзін.
Вось прыклад з Воршы. На рынках там працуюць амаль адны жанчыны. На пытаньне, дзе сёньня мужчыны, яны адказваюць: у Расеі. Я ім кажу: дык там жа крызіс, і, здаецца, людзі вярнуліся. Мне патлумачылі, што хваля вяртаньня сапраўды была. Раней там зараблялі па дзьве тысячы даляраў на месяц. Пасьля таго як крызіс накрыў Расею, людзі вярнуліся на Віцебшчыну. Але ў той жа Воршы для іх няма працы. Яны патаўкліся-патаўкліся і зноў пацягнуліся ў Расею. І цяпер адбываецца другая хваля працоўнай міграцыі ў Расею. Толькі ўжо не на 2000, а, як кажуць тыя ж жанчыны, на 500–700 даляраў. І гэта ўсё ж лепей, чым быць бяз працы ў Воршы. Тое ж самае казалі і людзі з Дуброўны, Мёраў.
І калі людзі чуюць, што мы прапануем, як вырашаць праблему занятасьці, яны вельмі ахвотна бяруць праграму НРМ. І тыя ж жанчыны-прадпрымальніцы нам сказалі: калі б вы змаглі гэта на практыцы рэальна рэалізоўваць, то за вас бы як мінімум дзьве траціны Воршы і раёна прагаласавалі проста з заплюшчанымі вачыма.
Попыт на эканамічную альтэрнатыву ёсьць. На ранейшых выбарах гэта не было так заўважна. У 2010 годзе праблема занятасьці не стаяла на парадку дня. І калі мы прапаноўвалі падобную праграму, то шмат хто казаў: можа гэта і добра, але для нас ня вельмі актуальна. А сёлета ўсе 100% кажуць, што гэта актуальна.
Заўтра трымаем курс на Барысаў. У чацьвер — на Баранавічы. Адначасова вырашаем дзьве задачы — фармуем ініцыятыўную групу і прасоўваем праграму НРМ».