Уладзімер Някляеў: «Хаўтуры па літаратуры адмяняюцца»

Падчас імпрэзы

У музэі Петруся Броўкі ў Менску адбылася творчая імпрэза, прысьвечаная трэцяму выпуску «Школы маладых пісьменьнікаў».

Сэртыфікаты аб заканчэньні Школы з рук сваіх былых выкладчыц Ганны Бутырчык і Наталкі Бабінай атрымалі пятнаццаць былых студэнтаў, а цяпер — выпускнікоў Школы. Яны прачыталі ўрыўкі сваіх твораў, а таксама атрымалі словы-наказы на далейшае творчае жыцьцё з вуснаў сябраў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Уладзімера Някляева, Алеся Пашкевіча і іншых.

«Школа маладых пісьменьнікаў» — нефармальны адукацыйны праект, арганізаваны Саюзам беларускіх пісьменьнікаў тры гады таму. Штогод навучаньне ў ёй праходзяць каля дваццаці маладых літаратараў. Выкладчыкамі і вядоўцамі майстар-клясаў зьяўляюцца прафэсійныя літаратары пісьменьніцкага саюзу, у тым ліку замежныя літаратары, творчыя дзеячы. Сёлета «Школу маладых пісьменьнікаў» скончылі маладыя празаікі з розных гарадоў і рэгіянаў Беларусі, якія толькі робяць першыя крокі ў творчасьці.

Адна з каардынатараў праекту Алена Казлова паведаміла Свабодзе:

Алена Казлова

«Гэты праект ёсьць пляцоўкай ня толькі для навучаньня, але і для знаёмства маладых літаратараў і прызнаных творцаў, для адкрыцьця новых імёнаў і літаратурных кірункаў. Я лічу, што гэта вельмі важны праект, бо ў нашай краіне вельмі мала культурных ініцыятыў. І чым больш яны будуць зьяўляцца, тым лепей будуць жыць людзі. Часам яны не заўважаюць сувязі паміж культурай і дабрабытам. Я такую сувязь бачу, бо калі моладзь, людзі ўвогуле будуць больш занятыя духоўна, то яны будуць менш піць, менш бадзяцца без заняткаў. Тым больш культуры будзе ў побыце і ў жыцьці агулам. Дзяржава ня так шмат робіць дзеля культурных праектаў, таму задача грамадзкіх арганізацыяў — кампэнсаваць гэты недахоп».

Атрымліваючы сэртыфікаты пісьменьнікаў, маладыя людзі найчасьцей дзякавалі арганізатарам за магчымасьць выявіць і разьвіць сваё літаратурнае майстэрства, а таксама — за магчымасьць праз творчасьць раскрыць уласную асобу і яе вартасьці.

Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч, зьвяртаючыся да выпускнікоў школы, сказаў:

Алесь Пашкевіч

«Спадзяемся, што нашыя выкладчыкі, вядоўцы майстар-клясаў здолелі перадаць вам сакрэты творчасьці. Але самае галоўнае, спадзяюся, што школа дала вам магчымасьць адчуць творчую сябрыну, што вы не адныя. Сёньня пачынаецца вашае пісьменьніцкае жыцьцё. Сымбалічна, што мы знаходзімся тут, у музэі Петруся Броўкі, і я вам шчыра жадаю, каб у вас было больш свабоды, чым у часы Петруся Броўкі. Свабоды і ў творчасьці, свабоды і ў вашым жыцьці».

На завяршэньне выпускной вечарыны паэт Уладзімер Някляеў, які таксама быў выкладчыкам гэтай творчай майстэрні, сказаў:

«Я ўзрушаны. Колькі я жыву ўсё сваё жыцьцё і колькі жыву ў літаратуры, увесь час па гэтай літаратуры спраўляюць хаўтуры. Маўляў, раней былі Купала і Колас, а цяпер нічога падобнага няма. Я цяпер вас паслухаў і хачу сказаць, што хаўтуры адмяняюцца. Дзякуй вам за гэта.

Ёсьць гэтая місія пісьменьніка і паэта: мы пішам для таго, каб хтосьці падняўся з „інваліднага вазка“. Пішам і для таго, каб у працэсе пісьма таксама самі ўставалі з гэтага вазка. Дасьць Бог, і Беларусі гэта паможам зрабіць, якая пакуль што ў пэўным сэнсе знаходзіцца ў такім інвалідным вазку».

Уладзімер Някляеў

На завяршэньне арганізатары запрасілі будучых студэнтаў паступаць у «Школу маладых пісьменьнікаў», якая распачынае новы навучальны год у кастрычніку.